Намінацыя 1.
Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны.

Тэатр “Крылы халопа”. 
 

Brest Stories Guide 

 

Brest Stories Guide – дакументальны аўдыёспектакль у гарадской прасторы, прысвечаны антысемітызму і трагедыі знішчэння брэсцкай яўрэйскай абшчыны ў 1941-1942 гадах. Аўдыёспектакль грунтуецца на матэрыялах архіваў, кніжных выданняў, фота ды інтэрв’ю са сведкамі падзей, звязаных з Брэсцкім гета. Акрамя ўспамінаў выжылых яўрэяў і сведак-берасцейцаў, у працы выкарыстаныя неапублікаваныя раней паказанні нямецкіх афіцэраў з архіваў Германіі. 

Вынік праекта – мабільная праграма, якая складаецца з аўдыёспектакля і мапы, якія ў суме даюць магчымасць карыстальніку ў свабодным рэжыме перамяшчацца па горадзе, вывучаючы захаваныя аб’екты яўрэйскай спадчыны і месцы падзей Халакосту.

Намінацыя 2.
Лепшы творчы праект/творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны

Міхал Анемпадыстаў, Алена Дашкевіч. 
 

Альбом «Колер Беларусi» 

 

«Колер Беларусi» Мiхала Анемпадыстава – пераканаўчы прыклад рэалізацыі канцэпцыі «дзеяння» ў дачыненні да спадчыны, якую аўтар прымае з падзякай, разуменнем патэнцыялу і упэўненасцю ў развіцці. Гэта навуковыя штудыі ўніверсальнага культурнага феномену «колер» і альбом, якi візуальна яго распрацоўвае. 

«Колер» – гэта цэласны свет колеру, у фізічнай і ментальнай прасторы якога існуе Беларусь. Міхал Анемпадыстаў даследуе не проста фарбы, але і ўсё, што з імі звязана: у этнакультуры, гісторыі, геаграфіі, этымалогіі, семіётыцы, мастацтве, гісторыі, літаратуры, эстэтыцы ды тэалогіі. Шырокі даведачны апарат кнігі складаюць подпісы да ілюстрацый (177) і спіс спасылак (184), што дае магчымасць вывучаць кнігу і з адукацыйнымі, і з практычнымі мэтамi.

Міхал Анемпадыстаў. Колер Беларусі. Мінск: Логвінаў, 2017. – 196 с. Кампутарная вёрстка Алены Дашкевіч.

Намінацыя 3.
Лепшая рэалізаваная (або ў працэсе рэалізацыі) рэстаўрацыя/ревіталізація/кансервацыя/рэадаптацыя архітэктурнай спадчыны

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. 
 

Рэстаўрацыя сядзібнага дома, размешчанага на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса ў Мінску. 

 

Адрэстаўраваны будынак сядзібы размешчаны на высокім беразе ў месцы зліцця рэк Свіслачы і Лошыцы ў паўднёвай частцы Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса, якому пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2». У праектным рашэнні была прадугледжана рэстаўрацыя ўсіх захаваных элементаў, аднаўленне роспісу і дэкору драўлянай часткі будынка, а таксама рэстаўрацыя цаглянай часткі. Страчаныя элементы аднаўляліся па захаваных аўтэнтычных дэталях. Сёння гэта вытанчаны асабняк і музей, поўны антыкварнай мэблі, з адноўленай арыстакратычнай атмасферай канца XIX ст.

Намінацыя 4.
Лепшая «папяровая» канцэпцыя рэстаўрацыі / ревіталізацыі / кансервацыі / рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны

Уладзімір Ракіцкі.
 

Канцэпцыя аднаўлення сядзібна-паркавага комплекса ў в. Каштанаўка ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. 

Помнік архітэктуры катэгорыі “3” “Рэшткі сядзібна- паркавага комплексу” пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. у в. Каштанаўка Пружанскага раёна.
“Мне здаецца, найбольш актуальная праблема па захаваньні культурнай спадчыны Беларусі – гэта даследчыя і фіксацыйныя працы на помніках, якія не маюць гаспадароў. А без гаспадароў па нашым заканадаўству ніхто не мае права праводзіць нават даследчыя працы. Такім чынам, на вачах знікае наша спадчына, і мы не маем дакладнага дакумента – архітэктурнага абмера», – кажа рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі.

Сёньня сядзіба на Пружаншчыне ўжо мае гаспадара, і гэты праект прайшоў экспертызу ў Камітэце па рэстаўрацыі. Мэтай пададзенага матэрыялу з’яўляецца заклік да выпраўленьня заканадаўства, адмаўляючага правядзеньне даследчых работ на помніках “без гаспадароў”, адмаўляючых валанцёрам прымаць удзел у захаванні спадчыны Беларусі.

Намінацыя 5.
Лепшая інтэр'ерная рэстаўрацыя і рэстаўрацыя буйных твораў мастацтва - для мастакоў-рэстаўратараў

Ігар Шыкулаў, Аліна Цыганова, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. 
 

Афармленне творчай майстэрні Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа ў корпусе былога кляштара бенедыкцінак.

 

Мэта і ідэя праекта – распрацаваць дызайн і сіламі навучэнцаў пад час практычных заняткаў выканаць афармленне творчай майстэрні, што знаходзіцца на тэрыторыі архітэктурнага комплексу былога кляштара бенедыкцінак XVІ ст. Улічваючы гістарычную каштоўнасць будынка, было вырашана ў афармленні інтэр’ера сумясціць прынцыпы і метады мастацкай рэстаўрацыі і графічнай кампазіцыі. Пакінутыя зандажы аўтэнтычнай цаглянай кладкі спалучаны з альфрэйным жывапісам і абсталяваннем майстэрні для заняткаў. У кампазіцыю роспіса ўваходзяць: копія фрагментаў гравюры Францыска Скарыны, выява сістэмы прапорцый чалавека Леанарда да Вінчы «Вітрувіянскі чалавек» і «Мадулор» Ле Карбюзье. Такім чынам спалучаюцца дзве эпохі: эпоха Адраджэння XVI ст. і эпоха мастацтва XX ст. Пляцоўка майстэрні выкарыстоўваецца таксама як тэатральная зала для правядзення імпрэзаў і можа стаць месцам для экскурсій, пад час якіх распавядаецца як мастацкая рэстаўрацыя становіцца метадам адраджэння культуры.

Віншуем пераможцаў конкурса “Спадчына ў дзеянні”!

Падзяліцца