Намінацыя 1. Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны - для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый.

Канстанцін Петрыман

Аднаўленне і рэканструкцыя Мірскай батлейкі братоў Сілко (пачатак ХХ ст.)

Праект “Аднаўленне і рэканструкцыя Мірскай батлейкі братоў Сілко (пачатак ХХ ст.)” распачаты ў 2014 г. удзельнікамі народнага тэатра “Батлейка” пры ўстанове адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”. Да лютага 2018 г. удзельнікі тэатра па ўспамінах старых жыхароў Міра змаглі рэканструяваць тэксты інтэрмедый мірскіх батлеечнікаў Сілко, а таксама тагачасныя местачковыя песні – канты, якія да гэтага часу заставаліся невядомымі. Па рэканструяваных тэкстах былі зладжаны батлеечныя прадстаўленні, якія паспяхова прэзентаваліся ў Міры, Мінску, Нясвіжы, Баранавічах, Гродна ды Залессі.

Пры рэканструкцыі прадстаўленняў удалося максімальна аднавіць традыцыйныя манеры маўлення розных груп насельніцтва мястэчка Мір 1920-30-х гг., а таксама своеасаблівую, нідзе раней не зафіксаваную, традыцыю каляднага віншавання гаспадароў батлеямі Сілко. Сёння гэтыя прадстаўленні маюць поспех як у межах фестываляў народнай творчасці, так і ў якасці адметнага турыстычнага прадукта мястэчка Мір.

Ігар Лапеха

Музей "Grodno-Mini"

Grodno-mini” – інтэрактыўны музей новага пакалення. Першая яго экспазіцыя «Брамы Гарадзенскi» уяўляе ўнікальны макет ручной працы, рэпрэзентуе каля 400 найбольш вывучаных або найбольш цікавых з пункту гледжання гістарычнай і культурнай своеасаблівасці Гродна архітэктурных аб’ектаў. Размешчаная на 16 м² мадэль горада ўключае як існуючыя, так і страчаныя помнікі XII-XX стст., прадстаўленыя ў маштабе 1:200 і адноўленыя па арыгінальных архіўных дакументах. Макет ствараўся на працягу дзесяці гадоў гродзенскім гісторыкам, краязнаўцам Ігарам Лапехам, лаўрэатам прэміі імя Ю. Ядкоўскага, а таксама іншымі неабыякавымі гараджанамі.

Grodno mini” – гэта экспазіцыя ў фармаце святло-музычнага прадстаўлення, якая не толькі дае магчымасць убачыць архітэктурнае багацце горада, але і ў займальнай форме знаёміць з гісторыяй гарадзенскай архітэктуры. Тэхналагічныя навацыі – рознакаляровая падсвятленне, аўдыё- і відэасуправаджэнне – дазваляюць стварыць эфект прысутнасці і робяць падарожжа па знакавых помніках Гродна займальным і запамінальным.

Іван Восіпаў, Прыватная ўстанова развіцця традыцыйнага бортніцтва «Братэрства босых бортнікаў»

Лясное бортніцтва ў Беларусі – папулярызацыя культурнага кантэкста традыцыйнага промысла

Традыцыйны лясны промысел, яшчэ вядомы як бортніцтва (старажытная форма культурнага пчалярства), звязаны з ляснымі і балотныя біятопамі, жывёльным светам (пчала і насельнікі леса), раслінным светам (дрэва і мёдадайныя расліны), а таксама культурнымі аспектамі суіснавання прыроды і чалавека (падыходы, практыкі, абрады і традыцыі). Праект па папулярызацыі ляснога бортніцтва прадугледжвае некалькі этапаў:

а) вывучэнне, экспедыцыі і пошук жывой традыцыі дзеля захавання і доследу існуючага культурнага кантэкста;

б) падрыхтоўка матэрыялаў, якія ў даступнай форме распавядаюць і папулярызуюць традыцыйнае бортніцтва сродкамі сучасных тэхналогій і падыходаў (першыя тэматычныя інфаграфікі, выступы з лекцыямі для моладзі, падрыхтоўка формы для ўключэння ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі);

в) перайманне традыцый бортніцтва і працы па уключэнні бортніцтва ў шырокі ўжытак усёй краіны.

Андрусь Архіпенка, Грамадская ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча»

Прыпынак Алеся Адамовіча

«Прыпынак Адамовіча» – гэта звычайны аўтобусны прыпыначны пункт, які стаў арт-аб'ектам, прысвечаным пісьменніку. Гэта прыклад, як з дапамогай самай звычайнай рэчы можна прасоўваць нематэрыяльную спадчыну, і як такі аб’ект можна зрабіць турыстычнай атракцыяй, кропкай на экскурсійным шляху. Праект накіраваны на мемарыялізацыю і прасоўванне літаратурнай і публіцыстычнай спадчыны беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.

Спадчына Адамовіча ўнікальная тым, што ён закранаў тэмы, пра якія іншыя не наважваліся казаць. Выкарыстоўваючы жанр вербацім і прыёмы вуснай гісторыі, ён даваў магчымасць мінуламу «казаць за сябе» вуснамі сведкаў. Дзяцінства і юнацтва Адамовіч правёў у вёсцы Глуша пад Бабруйскам.

Прыпынак Алеся Адамовіча быў адкрыты і прэзентаваны 6 кастрычніка 2018 года падчас раённага этнаграфічнага фестываля “Глушанскі хутарок”. На адкрыцці прысутнічала дачка пісьменніка Наталля Адамовіч. «Прыпынак Адамовіча» стаў візуальным знакам, аповедам пра тое, што гэта ягоная малая радзіма, а таксама першым пунктам у будучай турыстычнай інфраструкуры Глушы, звязанай з імём пісьменніка.

Тэатр “Крылы халопа”

Brest Stories Guide

Brest Stories Guide - дакументальны аўдыёспектакль у гарадской прасторы, прысвечаны антысемітызму і трагедыі знішчэння брэсцкай яўрэйскай абшчыны ў 1941-1942 гадах. Аўдыёспектакль грунтуецца на матэрыялах архіваў, кніжных выданняў, фота ды інтэрв'ю са сведкамі падзей, звязаных з Брэсцкім гета. Акрамя ўспамінаў выжылых яўрэяў і сведак-берасцейцаў, у працы выкарыстаныя неапублікаваныя раней паказанні нямецкіх афіцэраў з архіваў Германіі.

Вынік праекта – мабільная праграма, якая складаецца з аўдыёспектакля і мапы, якія ў суме даюць магчымасць карыстальніку ў свабодным рэжыме перамяшчацца па горадзе, вывучаючы захаваныя аб'екты яўрэйскай спадчыны і месцы падзей Халакосту.

«Творчыя майстэрні галерэі «Ў» (СКУ «Амбасада культуры»)

Серыя кніг пра мастацтва Беларусі ХХ ст.: 1) «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа»; 2) «Малевiч для дзяцей»; 3) «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа».

Наш рэалізаваны праект – гэта тры кнігі для дзяцей пра мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Асноўнай мэтай выдання з'яўляецца ажыўленне культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі ў галіне мастацтва праз сучасныя інтэрактыўныя сродкі ўзаемадзеяння з чытачом, аб'яднанне вывучэнне мовы і досведа сучасных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і музыкаў.

У ходзе праекта 681 чалавекі падтрымалі выданне кніг праз краўдфандынгавую платформу. Больш за 1000 чалавек сталі ўладальнікамі кніг. Больш за 10 тэматычных інтэрактыўных курсаў і экскурсій было праведзена на базе музеяў і галерэй. 23 дзіцячыя бібліятэкі атрымалі кнігі ў падарунак. Распрацаваная метадалогія стала часткай праграм нефармальнай адукацыі ў Беларусі.

Мясцовы культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы»

Адраджэнне сядзібы Храптовічаў сіламі валанцёраў і мясцовай супольнасці ў Шчорсах

З 16 ліпеня па 26 жніўня 2018 г. у Шчорсах прайшоў валанцёрскі летнік, арганізаваны культурна-асветніцкім фондам «Шчорсы і Храптовічы». Валанцёрамі сталі студэнты сталічных ВНУ: БНТУ, БДТУ і БДУКМ. Кожны заезд доўжыўся па два тыдні.

Падчас летніка было наладжана ўзаемадзеянне з мясцовай адміністрацыяй: падпісана трохбаковае «Пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні» з Навагрудскім выканкамам і Шчорсаўскім сельсаветам; праведзены першасныя даследаванні парку сядзібы Храптовічаў; адбылася расчыстка 2/3 тэрыторыі гаспадарчага двара Мураванкі, уключаючы ўнутраную частку будынкаў; праведзеная першасная расчыстка знешняй лініі парка пад наглядам і паводле рэкамендацый спецыялістаў па ландшафце Інстытута эксперыментальнай батанікі; меліяратары прыбралі карчакі ад ссечаных і спілаваных дрэваў, выраўнялі тэрыторыю Мураванкі, каб у далейшым можна было падтрымліваць ўчастак у парадку. Таксама з 21 ліпеня па 22 жніўня тры разы на тыдзень у Шчорсах на тэрыторыі сядзібы Храптовічаў працаваў летні кінатэатр пад адкрытым небам для валанцёраў і мясцовых жыхароў.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства

ETHNO.by – партал па традыцыйнай культуры Беларусі (медыятэка “Этнаўсё”, лэйбл, анлайн-курсы)

Ethno.by – гэта вэб-партал па традыцыйнай культуры. Уключае ў сабе медыятэку апублікаваных матэрыялаў (10000+ адзінак інфармацыі сабраныя, сістэматызаваныя, картаграфаваныя і дасяжныя анлайн), лэйбл для выдання фальлорных архіваў, анлайн відэа-курсы па традыцыйнай культуры і рамёствах. Мы прапануем сучасны інструмент для працы з традыцыйнай культурнай спадчынай, аказваем тэхнічную дапамогу спецыялістам і аматарам, а таксама ствараем супольнасць вакол платформы.

Акрамя таго, наладжана сувязь з экспертамі: профільныя ўстановы навукі і адукацыі (ІМЭФ НАН, Кабінет традыцыйных культур Акадэміі музыкі, Кафедра этналогіі і фальклору БДУКМ, Лабараторыя фальклору БДУ, Інбелкульт, ПДУ і інш.) і дасягнуты дамоўленасці з адпаведнымі кафедрамі БДУКІМ і БДУ аб выкарыстанні платформы ў навучальным працэсе.

Намінацыя 2. Лепшы творчы праект/творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны

Грыгорый Хейфец

Belarus Shtetl” – уласны брэнд вопраткі

Belarus Shtetl – гэта праект, закліканы ператварыць яўрэйскую спадчыну Беларусі ў папулярны брэнд. Брэнд, які актуалізуе яўрэйскую спадчыну, і робіць гэта на рэлевантнай, сучаснай мове. Ідэя рэалізуецца з дапамогай дэманстрацыі фотаздымкаў, якія паказваюць сучасны стан яўрэйскай спадчыны Беларусі ў выглядзе прынтаў на вопратцы, паштоўках, нататніках, торбах і г.д. Гэта сучасная праява памяці і магчымасць прыцягнуць большую колькасць людзей да вырашэння праблемы захавання спадчыны ў Беларусі. Такім чынам, праект дапамагае пераасэнсаваць памяць і звярнуць увагу людзей на тое, у якім стане знаходзіцца яўрэйскія спадчына ў нашай краіне.

Мікола Залатуха

Песні Велеўшчыны” у запісах Міколы Залатухі

Песні Велеўшчыны. Зборнік. Мінск: Беларуская навука, 2018. – 247 с. : іл. + 1 электронны апт.дыск.

Серыя «Фальклор нашага краю» заснаваная ў 2018 г. У тым жа годзе ў ёй выйшаў зборнік «Песні Велеўшчыны». У зборніку сабраны звыш 300 народных песень, запісаных вядомым беларускім мастаком і рэстаўратарам Міколам Рыгоравічам Залатухам у 1980-я – пачатку 1990-х гг. у вёсцы Велеўшчына Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Вёска Велеўшчына – гэта родная вёска аўтара праекта.

Песні ўпарадкаваны згодна з бегам каляндарнага часу і сямейнымі ўрачыстасцямі. Прадстаўленая лірыка дэманструе цэлы свет уяўленняў, мараў, ведаў і пачуццяў беларусаў. Шэраг песень прадстаўлены ў жывым гучанні на аўдыядыску адпаведна з парадкам размяшчэння ў асноўным тэксце. Зборнік аздоблены малюнкамі і фотаздымкамі Міколы Залатухі.

Аляксей Зянько

Вулічная выстава “100 год віцебскаму авангарду”

Праект прысвечаны стагоддзю заснавання Віцебскага мастацкага вучылішча. На прыкладзе чатырох віцебскіх мастакоў выстава тлумачыць, як у працэсе мастацкага авангарду мастак паступова пераўтварыўся з таго, хто пераносіць навакольнае асяроддзе на палатоно, у таго, хто гэтае асяроддзе праектуе.

Праект звязвае два тыпа спадчыны: 1) Архітэктурная (матэрыяльная) спадчына – драўляны кінатэатр у Стоўбцах, пабудаваны ў 1940-70-х гг. у неўласцівай для архітэктуры “авангарднай” стылістыцы і 2) Культурная (нематэрыяльная) спадчына Віцебскага авангарда як лакальнае адлюстраванне глабальнага працэсу ў мастацтве, у выніку якога радыкальна трансфармавалася творчае мысленне мастакоў, што ў сваю чаргу прывяло да ўзнікнення новых формаў у асяроддзі.

Уладзімір Парфянок

Археалогія беларускай фатаграфіі

Праект «Археалогія беларускай фатаграфіі» ставіць галоўнай мэтай фарміраванне ўмоў для стварэння музея беларускай фатаграфіі на аснове калекцыі з архіва мінскай галерэі візуальных мастацтваў NOVA (1996-2013) і іншых візуальных матэрыялаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай (творчай) фатаграфііяк прафесійнай, так і аматарскай.

Для прасоўвання ідэі стварэння музея фатаграфіі ў межах праекта ў перыяд з 2014 па 2019 гг. на аснове наяўнай калекцыі аўтарскіх фатаграфій праведзена серыя фатаграфічных выстаў, а таксама выстаў з выкарыстаннем алічбаваных выяў з нядаўна адкрытай спадчыны іншых аўтараў, якія не лічылі сябе прафесійнымі фотамастакамі, а таксама аматарскай фатаграфіі з сямейных архіваў беларусаў.

Міхал Анемпадыстаў, Алена Дашкевіч

Альбом «Колер Беларусi»

Міхал Анемпадыстаў. Колер Беларусі. Мінск: Логвінаў, 2017. – 196 с. Кампутарная вёрстка Алены Дашкевіч.

«Колер Беларусi» Мiхала Анемпадыстава – пераканаўчы прыклад рэалізацыі канцэпцыі «дзеяння» ў дачыненні да спадчыны, якую аўтар прымае з падзякай, разуменнем патэнцыялу і упэўненасцю ў развіцці. Гэта навуковыя штудыі ўніверсальнага культурнага феномену «колер» і альбом, якi візуальна яго распрацоўвае. «Колер» - гэта цэласны свет колеру, у фізічнай і ментальнай прасторы якога існуе Беларусь. Міхал Анемпадыстаў даследуе не проста фарбы, але і ўсё, што з імі звязана: у этнакультуры, гісторыі, геаграфіі, этымалогіі, семіётыцы, мастацтве, гісторыі, літаратуры, эстэтыцы ды тэалогіі. Шырокі даведачны апарат кнігі складаюць подпісы да ілюстрацый (177) і спіс спасылак (184), што дае магчымасць вывучаць кнігу і з адукацыйнымі, і з практычнымі мэтамi.

Намінацыя 3. Лепшая рэалізаваная (або ў працэсе рэалізацыі) рэстаўрацыя/ревіталізація/кансервацыя/рэадаптацыя архітэктурнай спадчыны - для архітэктараў і рэстаўратараў

Раман Ніціеўскі, Павел Шэстакоў, Таццяна Мацвеенка, Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Магілёва

Кансервацыя будынка касцёла ў Мсціславе

Да асноўнага этапа супрацьаварыйных работ на будынку касцёла ў складзе гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "2" ("былы калегіўм езуітаў (1745-1750)”) дзяржаўнае прадпрыемства «УКБ г. Магілёва» прыступіла ў снежні 2018 г. Для прадухілення патраплення ападкаў ва ўнутр будынка было прынята рашэнне аб захаванні даху шляхам мантажа часовай драўлянай апорнай канструкцыі. Вырашальным фактарам выступаў час, а таксама халодная пара года з магчымымі снегападамі.

Улічваючы складанасць і непрадказальнасць сітуацыі ў аварыйным будынку з пагрозай раптоўнага абвальвання, праектаванне часовага ўзмацнення пазасталай часткі даху і апорных элементаў выконвалася паралельна з мантажом гэтых канструкцый, што ў сваю чаргу дало магчымасць скараціць тэрміны вытворчасці да няпоўнага месяца. Па даручэнні Савета Міністраў паралельна вяліся працы па ўсталёўцы абароны фасадаў і пакрыцця даху з дапамогай спецыяльных укрыўных матэрыялаў, змантаваных на апорным каркасе. Дадзеныя мерапрыемствы дазволяць зменшыць негатыўны ўплыў атмасферных ападкаў, а таксама палепшыць эстэтычнае ўспрыняцце будынка.

Закрытае акцыянернае таварыства «Белзарубежстрой»

Рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынка дзяржаўнага архіва па вул. Савецкіх памежнікаў, 34 у Брэсце з перапрафіляваннем яго пад медыцынскі цэнтр

За 114 гадоў існавання будынка № 34 па вул. Савецкіх памежнікаў у Брэсце, яго займалі таемная паліцыя даваеннай Польшчы, нямецкае гестапа, савецкі архіў ды інш. Будынак, які ўяўляе гістарычную каштоўнасць, перад рэстаўрацыяй знаходзіўся ў вельмі сумным стане. Ён быў беражліва адрэстаўраваны і рэканструяваны пад кантролем навуковага кіраўніка Ю.М. Казакова. Фасад адрэстаўраваны з максімальным захаваннем гістарычных акцэнтаў: адноўлена ліццё на балконах, гістарычныя аконныя пераплёты і іншыя дэкаратыўныя элементы.

Разам з тым, будынак атрымаў сучаснае функцыянальнае прыстасаванне. Праектам была прадугледжана замена ўсіх унутраных перагародак, мантаж ліфта і шклянога даху, сучасныя сістэмы ачысткі паветра, ацяплення, кандыцыянавання ды асвятлення. Адной з асноўных задач праекта было захаванне ўнутранага двара і прыстасаванне яго прасторы разам з будынкам пад сучасную функцыю.

Алег Масліеў, Праектная майстэрня архітэктара Лукьянчыка М.І.

Комплексны праект рэгенерацыі ансамбля былой сядзібы ХІХ ст. у в. Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

Комплексны праект рэгенерацыі «Ансамбля былой сядзібы XIX ст.» у в. Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці распачаты ў 2007 г. і знаходзіцца ў стадыі паэтапнага праектавання і рэалізацыі. Улічваючы, што ўласнікамі і інвестарамі выступаюць розныя юрыдычныя і фізічныя асобы, поўная рэалізацыя праекта разлічана да 2035 г. Праект мае на мэце поўнае аднаўленне палацава-паркавага ансамбля, з узнаўленнем страчаных элементаў і прыстасаваннем сучасных будынкаў.

Першым этапам рэалізацыі з'яўляецца распрацоўка канцэпцыі рэстаўрацыі і прыстасаванні для кожнага захаванага гістарычнага аб'екта. Другім этапам з'яўляецца развіццё турыстычнага патэнцыялу сядзібы, інфармацыйнае асвятленне значнасці аб'екта, уцягванне інвестараў у працэс паэтапнай рэстаўрацыі і рэгенерацыі ўсяго комплексу. Трэці этап – прыстасаванне сучасных будынкаў пад турыстычныя патрэбы, ліквідацыя дысанансу з гістарычнай асяроддзем.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама

Рэстаўрацыя сядзібнага дома, размешчанага на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса ў Мінску

Адрэстаўраваны будынак сядзібы размешчаны на высокім беразе ў месцы зліцця рэк Свіслачы і Лошыцы ў паўднёвай частцы Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса, якому пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2».

У праектным рашэнні была прадугледжана рэстаўрацыя ўсіх захаваных элементаў, аднаўленне роспісу і дэкору драўлянай часткі будынка, а таксама рэстаўрацыя цаглянай часткі. Страчаныя элементы аднаўляліся па захаваных аўтэнтычных дэталях. Сёння гэта вытанчаны асабняк і музей, поўны антыкварнай мэблі, з адноўленай арыстакратычнай атмасферай канца XIX ст.

Прыход храма святых мучанікаў благаверных князёў Барыса і Глеба

Капітальны рамонт Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ў Гродна з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі

Капітальны рамонт гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «0» Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы XII ст. Ўключаў поўнае аднаўленне паўднёвай і часткова усходняй і заходняй сцен Каложскай царквы. Гэта першы з 1896 г. поўнавартасны рамонт з захаваннем гістарычнага драўлянага каркасу новай сцяны з мэтай прадухілення аварыйнага становішча і забяспячэння захавання аўтэнтыкі храмавага будынка.

Праектам прадугладжвалася:

умацаванне кроквеннай сістэмы;

абнаўленне столі ды падлогі ў Алтарнай частцы;

рамонт балкона для царкоўнага хору;

выраб археалагічнага вакна над мурам страчанага слупа XII ст.;

аднаўленне выгляду галоўнага увахода;

умацаванне берагавога схілу;

збудаванне дрэнажнай сістэмы і ліўневай каналізацыі;

усталяванне сістэмы начнога падсвятлення храма.

Намінацыя 4. Лепшая «папяровая» канцэпцыя рэстаўрацыі / ревіталізацыі / кансервацыі / рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны - для маладых прафесіяналаў і творчых калектываў

Юлія Мішчанка

Праект рэканструкцыі цыстэрцыянскага кляштара XVIII ст. у Мазыры пад шматфункцыянальны цэнтр і культурную прастору

Гісторыя комплекса Цыстэрцыянскага кляштара пачалася ў сярэдзіне XVII ст. калі тут пабудавалі касцёл і жылое памяшканне з келлямі. У канцы ХІХ ст. у яго сценах была адкрыта запалкавая фабрыка «Маланка». У савецкі час комплекс стаў мэблевай фабрыкай.

На працягу гадоў комплекс перажыў некалькі перыядаў радыкальных перабудоваў, змяняліся яго сацыяльная роля і інфраструктура. Сённяшняе аблічча комплексу з нагрувашчваннем прыбудоў і надбудоў розных эпох практычна не нагадвае выгляду пачатку XVIII ст. У гэтай сувязі было прынята рашэнне правесці рэканструкцыю кляштара з навакольным ансамблем у часовым зрэзе з XVIII ст. да нашага часу. Тым самым атрымаецца паказаць развіццё аб’екта на працягу стагоддзяў.

Мяркуецца, што ў выніку паўстане не толькі адрэстаўраваны манастырскі комплекс, але і культурная прастора «Даліна Анёлаў»: гарадок творчых людзей з майстэрнямі і выставачнымі памяшканнямі для мастакоў, музыкаў і рамеснікаў; хостэл ды інклюзіўны цэнтр. Таксама будуць прадугледжаны пляцоўкі для развіцця прадпрымальніцтва, адукацыі і грамадскага харчавання.

Філіял “Брэстрэстаўрацыяпраект” ААТ “Брэстрэстаўрацыя”

Рэстаўрацыя, кансервацыя і прыстасаванне былой сядзібы Рэйтанаў у в. Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобласці

Праектная дакументацыя па аб'екце «Помнік архітэктуры XIX-XX стст. «Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў ў в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Рэстаўрацыя, кансервацыя і прыстасаванне з вылучэннем чэргаў, 1-я чарга» распрацаваны ў рамках праекта Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014-2020 гг.

Праектна-каштарысная дакументацыя прадугледжвае наступныя работы па першай чарзе:

рэстаўрацыя фасадаў, даху і часткі падвальнага паверха сядзібнага дома;

прыстасаванне падвальнага паверха пад частку памяшканняў турыстычнага аб'екта;

інжынернае забеспячэнне падвальнага паверха;

кансервацыя капліцы.

Капыльскі раённы краязнаўчы музей / Беларускі камітэт ІКАМОС

Экспазіцыйна-асяроддзевы комплекс гістарычнага цэнтра Капыля

Капыль – адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, у якім захаваўся гістарычны ландшафт, а таксама помнікі археалогіі, архітэктуры, гісторыі і культуры, якія адносяцца да розных часавых перыядаў – ад ранняга сярэднявечча да нашых дзён.

Праект прадугледжвае сінтэз сучаснай жывой культуры з аб’ектамі культурнай спадчыны: помнікам археалогіі "Замкавай гарой" і курганным магільнікам; архітэктурай (будынкамі былой гарбарні і гарадской сядзібы сям'і Клейнбартаў канца ХІХ ст., былой гандлёвай плошчай з карчмой ХІХ ст.; шляхам «з варагаў у грекі»; радзімай Казіміра Малевіча і Алены Кіш і г.д. Мэта канцэпцыі – рэалізацыя культурна-забаўляльных і адукацыйных функцый прасторы, развіццё горада і прыцягненне турыстаў. Вынікам стане стварэнне комплекса на Замкавай гары ў выглядзе «будынкаў-сімвалаў», а таксама ўзнаўленне падзей гістарычнага мінулага ў рэкрэацыйна-забаўляльнай зоне.

Сяргей Ляпін

Пошукі старога Гомеля

У 2014 г. з мэтай стварэння пазітыўнага вобраза сённяшняй плошчы Леніна ў Гомелі гомельскімі архітэктарамі і гісторыкамі быў распачаты праект «Пошукі старога Гомеля». Па гістарычных крыніцах створаны 3D рэканструкцыі страчаных аб’ектаў плошчы: пажарнай каланчы 1913 г., пабудаванай паводле праекта Станіслава Шабунеўскага; касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаванага ў 1818–1822 гг.; уваходнай брамы ў палацава-паркавы комплекс Румянцавых і Паскевічў ХІХ ст.

У 2015 г. была створана канцэптуальная прапанова па рэканструкцыі плошчы Леніна, згодна якой прадугледжвалася аднаўленне гістарычнага аб'екта – касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Уладзімір Ракіцкі

Канцэпцыя аднаўлення сядзібна-паркавага комплекса ў в. Каштанаўка ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці

Помнік архітэктуры катэгорыі “3” "Рэшткі сядзібна- паркавага комплексу" пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. у в. Каштанаўка Пружанскага раёна.

Мне здаецца, найбольш актуальная праблема па захаваньні культурнай спадчыны Беларусі – гэта даследчыя і фіксацыйныя працы на помніках, якія не маюць гаспадароў. А без гаспадароў па нашым заканадаўству ніхто не мае права праводзіць нават даследчыя працы. Такім чынам, на вачах знікае наша спадчына, і мы не маем дакладнага дакумента – архітэктурнага абмера», – кажа рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі. 

Сёньня сядзіба на Пружаншчыне ўжо мае гаспадара, і гэты праект прайшоў экспертызу ў Камітэце па рэстаўрацыі. Мэтай пададзенага матэрыялу з’яўляецца заклік да выпраўленьня заканадаўства, адмаўляючага правядзеньне даследчых работ на помніках “без гаспадароў”, адмаўляючых валанцёрам прымаць удзел у захаванні спадчыны Беларусі.

Намінацыя 5. Лепшая інтэр'ерная рэстаўрацыя і рэстаўрацыя буйных твораў мастацтва - для мастакоў-рэстаўратараў

Папячыцельскі савет Дома-музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках

Новае жыццё старога аргана

У лістападзе 2017 г. у вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці адбылася культурная падзея, важнае і для мясцовай каталіцкай парафіі, і для вобласці, і для краіны. У велічным вясковым касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла пасля паўстагоддзя маўчання ўпершыню загучаў адрэстаўраваны барочны арган канца XVIII ст. – адзіны ў Беларусі, у якога ўсё «начынне» роднае, што адрознівае яго ад нашых іншых нешматлікіх барочных арганаў, у якіх у XIX-XX стст. былі замененыя ўнутраныя механізмы і дэталі.

Работы па рэстаўрацыі ініцыяваў створаны ў 2014 г. апякунскі савет Музея Чэслава Немэна, самага знакамітага ўраджэнца вёскі, які ў раннім дзяцінстве чуў гучанне гэтага аргана, быў тут ахрышчаны і спяваў у касцельным хоры. Пасля выкананых рамонтных работ арган захаваў спецыфічны барочны тэмбр і, як кажуць старажылы вёскі, «гучыць як раней». Арган выкарыстоўваецца не толькі падчас імшы, але і ў стаўшых традыцыйнымі канцэртах класічнай музыкі. Работы па яго рэстаўрацыі працягваюцца і блізкія да завяршэння.

Дызайн-студыя “4Квартал”

Ненавуковая” форма захавання старых рэчаў.

Шкада назіраць як час руйнуе стары, нетэхналагічны драўляны побыт. Рэчы знікаюць і парахнеюць. Мэтай праекта з’явіўся пошук іншых, эмацыйных форм захавання і выкарыстання распаўсюджанных рэчаў, якія былі з павагай і любоўю створаны рукамі нашых продкаў. Наша эстэтыка заснаваная на новым іранічным поглядзе ды спробе перафарматавання, наданні новай інтэр’ернай дэкаратыўнай функцыі старым рэчам. Усе нашы творы, выкананыя з выпадкова патрапленых частак, прызначаны для канкрэтных інтэр’ераў у якасці функцыянальных альбо дэкаратыўных “карцін”.

Ігар Шыкулаў, Аліна Цыганова, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа

Афармленне творчай майстэрні Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа ў корпусе былога кляштара бенедыкцінак

Мэта і ідэя праекта – распрацаваць дызайн і сіламі навучэнцаў пад час практычных заняткаў выканаць афармленне творчай майстэрні, што знаходзіцца на тэрыторыі архітэктурнага комплексу былога кляштара бенедыкцінак XVІ ст. Улічваючы гістарычную каштоўнасць будынка, было вырашана ў афармленні інтэр'ера сумясціць прынцыпы і метады мастацкай рэстаўрацыі і графічнай кампазіцыі. Пакінутыя зандажы аўтэнтычнай цаглянай кладкі спалучаны з альфрэйным жывапісам і абсталяваннем майстэрні для заняткаў.

У кампазіцыю роспіса ўваходзяць: копія фрагментаў гравюры Францыска Скарыны, выява сістэмы прапорцый чалавека Леанарда да Вінчы «Вітрувіянскі чалавек» і «Мадулор» Ле Карбюзье. Такім чынам спалучаюцца дзве эпохі: эпоха Адраджэння XVI ст. і эпоха мастацтва XX ст. Пляцоўка майстэрні выкарыстоўваецца таксама як тэатральная зала для правядзення імпрэзаў і можа стаць месцам для экскурсій, пад час якіх распавядаецца як мастацкая рэстаўрацыя становіцца метадам адраджэння культуры.

Пастаўскі раённы краязнаўчы музей

Рэстаўрацыя сутарэнняў Будынка былога палаца Тызенгаўза для размяшчэння музея

Рэстаўрацыя выканана ў ходзе міжнароднага праекта “Заахвочанне турызму па абодва бакі мяжы Літвы і Беларусі з мэтай павышэння даступнасці і прывабнасці культурна-гістарычнай спадчыны ў Рокішкскім і Пастаўскім раёнах”. У рамках праекта ў мэтах зберажэння спадчыны роду Тызенгаўзаў былі здзейснены навукова-краязнаўчыя экспедыцыі і праведзена міжнародная навуковая канферэнцыя.

Галоўным вынікам стала рэстаўрацыя сутарэнняў былога палаца Тызенгаўза ў Паставах з прыстасаванне іх пад музей. Адкрыццё новый музейнай экспазіцыі ў сутарэннях будынка адбылося 14 чэрвеня 2014 г. У адрэстаўраваным памяшканні размясціліся новыя экспазіцыі, у якіх знайшлі ўвасабленне адны з самых цікавых старонак гісторыі Пастаў.

Юлія Дранец, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Рэстаўрацыя жывапіснага палатна «фатаграфічны фон» аўтара С.В. Сіўко

Рэстаўрацыя ўнікальнага жывапіснага палатна «фатаграфічны экран», выкананага Саввам Сіўко, фатографам Любчанскага краю Гродзенскай вобласці.

Палатно паступіла ў фонды музея ў аварыйным стане. Каля 50-60% маляўнічага пласта было згублена ў сувязі з тым, што палатно больш за 30 гадоў выкарыстоўвалася фатографам ў якасці фона для партрэтнай здымкі ў вёсках і мястэчках Наваградскага павета. Доўгія гады прадмет ляжаў на гарышчы.

У ходзе аднаўлення пры ўдзеле літоўскіх рэстаўратараў былі вырашаны праблемы дублявання, частковай кансервацыі і рэстаўрацыі жывапісу. Прадэманстраваны вынік карпатлівай працы аўтара.

Падзяліцца