«Спадчына ў дзеянні» 

«Наследие в действии» 

«Heritage in Action»

Конкурс рэалізаваных праектаў у галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны за 2014-2018 гг.

Дадзенае палажэнне аб Конкурсе рэгламентуе парадак і ўмовы правядзення Конкурса.  

1.   Арганізатар Конкурса

Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускі камітэт ІКАМОС», утвораная ў 2002 г., перарэгістраваная ў 2006 г. Мэта дзейнасці Беларускага камітэта ІКАМОС – садзейнічанне ахове, захаванню, рэстаўрацыі, рэгенерацыі, рэабілітацыі і павышэнню вартасці гістарычных помнікаў, груп будынкаў і мясцін на нацыянальным узроўні.

2.   Мэты Kонкурса

  • выявіць і папулярызаваць лепшыя беларускія прыклады работы з гісторыка-культурнай спадчынай;

  • заахвоціць беларускія прафесійныя і творчыя калектывы, а таксама грамадскія ініцыятывы да павышэння якасці работы з гісторыка-культурнай спадчынай;

  • павысіць агульную цікаваць да тэмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі;  

Хто можа ўдзельнічаць:

  • грамадскія ініцыятывы ды арганізацыі любой формы ўласнасці;

  • пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, дызайнеры, журналісты;

  • прафесійныя калектывы і асобныя адмыслоўцы (архітэктары і рэстаўратары, мастакі-рэстаўратары).

3.   Намінацыі Конкурса

1) Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны

У намінацыі могуць удзельнічаць грамадскія ініцыятывы ды арганізацыі любой формы ўласнасці, якія ладзяць культурныя мерапрыемствы, грамадзянскія кампаніі ці грамадска-значныя праекты дзеля захавання і актуалізацыі матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

2) Лепшы індывідуальны творчы праект / творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны  

У намінацыі могуць удзельнічаць індывідуальныя аўтары – пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, дызайнеры, журналісты, якія ўвасабляюць уласныя творчыя задумы і натхняюць грамадскасць на захаванне матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Прыклады: альбомы і кнігі, індывідуальныя выставы і публіцыстычныя цыклы.

3) Лепшая рэалізаваная (або ў працэсе рэалізацыі) рэстаўрацыя / ревіталізація / кансервацыя / рэадаптацыя архітэктурнай спадчыны

Намінацыя накіраваная прафесійным калектывам (архітэктарам і рэстаўратарам), якія дэманструюць высокі ўзровень працы з архітэктурнай спадчынай. Прыклады: праекты аднаўлення будынкаў і комплексаў або іх значных элементаў, праекты рэгенерацыі гістарычных тэрыторыяў у Беларусі за апошнія 5 год.

4) Лепшая «папяровая» канцэпцыя рэстаўрацыі / ревіталізацыі / кансервацыі / рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны

Намінацыя для маладых прафесіяналаў, а таксама творчых калектываў, якія прапануюць новае бачанне нашых архітэктурных помнікаў, насычанае крэатыўнымі ідэямі працы са спадчынай. Прыклады: канцэпцыі (у т.л. альтэрнатыўныя здзейсненым) аднаўлення будынкаў і комплексаў або іх значных элементаў, канцэпцыі рэгенерацыі гістарычных тэрыторыяў, створаныя за апошнія 5 год.

5) Лепшая інтэр’ерная рэстаўрацыя і рэстаўрацыя буйных твораў мастацтва

Намінацыя для прафесійных калектываў  і мастакоў-рэстаўратараў, якія маюць дасягненні ў захаванні гістарычных інтэр’ераў. Прыклады: рэстаўрацыя фрэсак і роспісаў, элементаў унутранага дэкора, мэблі, буйных твораў мастацтва і прадметаў інтэр’еру у Беларусі за апошнія 5 год.

4.    Парадак правядзення Конкурса

Адкрыты агульнанацыянальны Конкурс – гэта серыя мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і папулярызацыю беларускіх дасягненняў у галіне рэстаўрацыі / рэканструкцыі, грамадскай і творчай дзейнасці, прысвечанай культурнай спадчыне.

           Конкурс праводзіцца ў некалькі этапаў:

І Этап. Абвяшчэнне Kонкурса. Збор прапановаў.

ІІ Этап. Аргкамітэт Kонкурса разглядае дасланыя заяўкі на прадмет адпаведнасці ўмовам конкурса, публікуе доўгі спіс кандыдатаў.  

ІІІ Этап. Журы Kонкурса з кандыдатаў доўгага спісу вызначае кароткі спіс прэтэндэнтаў – найбольш вартыя працы (спіс публікуецца), і ў сваю чаргу з іх ліку абірае пераможцаў.

IV Этап. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

V Этап. Спецыяльныя мерапрыемствы для папулярызацыі дасягненняў пераможцаў.

5.   Падача заявак на Kонкурс

5.1.        Да разгляду ў Конкурсе прымаюцца творы і праекты, рэалізаваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 2014 да пачатка 2019 г. (апошнія пяць гадоў).

5.2.        Для ўдзелу ў Конкурсе неабходна падаць заяўку ў электроннай (пажадана) або папяровай форме, якая змяшчае разгорнутае апісанне здзейсненай працы / праекта / канцэпцыі, дастстковае для ацэнкі дасягненняў намінанта аргкамітэтам і журы, а таксама ўключае якасна выкананыя фотаздымкі, чарцяжы, малюнкі і да т.п. Таксама мусіць быць прадастаўлена агульнае апісанне праекта ў памеры 500 словаў для размяшчэння ў адкрытых крыніцах і медыя. Аргкамітэт Конкурса пакідае за сабой права запрасіць дадатковыя матэрыялы і інфармацыю па заяўленых працах. Форму заяўкі гл. у дадатку.

5.3.        Заяўкі могуць падавацца самімі аўтарамі / арганізатарамі культурных, творчых і рэстаўрацыйных праектаў, удзельнікамі журы і аргкамітэта Конкурса, чальцамі Беларускага камітэта ІКАМОС і іншых профільных грамадскіх арганізацый/ініцыятыў, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацый рознай формы ўласнасці, а таксама прызнанымі дзеячамі ў галіне захавання і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны.

5.4.        Заяўкі падаюцца не пазней за вызначаны аргкамітэтам час на адрас konkurs.icomos@gmail.com з пазнакай «Заяўка на конкурс» або 220029, г. Мінск, Траецкая набярэжная, 6, Беларускаму камітэту ІКАМОС.

5.5.        Заяўнікі, падаючы неабходную інфармацыю згодна з Умовамі Kонкурса, аўтаматычна дэкляруюць, што не парушаюць аўтарскіх правоў трэціх асобаў. Удзел у Kонкурсе азначае згоду з Умовамі Kонкурса, а таксама дазвол на распаўсюд інфармацыі аб заяўленых на Конкурс працах.

5.6.        Аргкамітэт Конкурса не нясе адказнасці за праўдзівасць пададзенай канкурсантамі інфармацыі, пры гэтым яе непраўдзівасць з’яўляецца дастатковай прычынай для дыскваліфікацыі ўдзельніка на любым этапе Конкурса.

6.   Узнагароды

6.1.        Перамога і ўваходжанне ў кароткі спіс Конкурса надаюць дадатковую сімвалічную вартасць канкрэтным вынікам работы па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцяў і падвышае прэстыж людзей/структур, якія cпрычыніліся да паўстання гэтых вынікаў.

6.2.        Усе працы, адабраныя журы для кароткага спіса прэтэндэнтаў, будуць апублікаваныя ў спецыяльным буклеце Конкурса.

6.3.        Пераможцы па кожнай намінацыі атрымаюць сімвалічны прыз, а таксама магчымасць падрабязна прадставіць вынікі сваёй працы пад час дадаткова арганізаваных для гэтай мэты мерапрыемстваў.

6.4.        Арганізатары Kонкурса не прызначаюць грашовых узнагарод пераможцам Kонкурса. Разам з тым, дадатковыя ўзнагароды могуць быць заснаваныя партнёрамі Kонкурса і прыватнымі фундатарамі ў рамках існуючага заканадаўства.

7.    Аргкамітэт і журы Конкурса

7.1.        Аргкамітэт конкурса складаецца з чальцоў праўлення Беларускага камітэта ІКАМОС разам з запрошанымі экспертамі. Кргкамітэт зацвярджае палажэнне аб прэміі, прымае рашэнні аб тэматыцы спадарожных мерапрыемстваў, крытэрах для вызначэння доўгага спіса канкурсантаў і складзе журы.

7.2.        Журы прэміі складаецца з рэстаўратараў, дзеячаў навукі і мастацтва, грамадскіх дзеячаў з прызнанымі заслугамі. Агульны склад журы падзяляецца на дзве падсекцыі – А. Культурных і творчых праектаў (ацэньваюць намінацыі 1,2) і Б. Рэстаўрацыйную (ацэньваюць намінацыі 3,4,5). Журы шляхам галасавання вызначае кароткі спіс прэтэндэнтаў, а таксама пераможцаў у кожнай з намінацый.

7.3.        Інфармацыя аб складзе аргкамітэта і журы публікуецца на інтэрнэт-старонцы конкурса.

8.    Інфармацыйная палітыка

Арганізатары Kонкурса зацікаўленыя ў супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі, правядзенні круглых сталоў і дыскусій на шырокі спектр тэм, датычных Конкурса ў прыватнасці і праблематыкі захавання гісторыка-культурнай спадчыны наогул.

9.    Рознае

9.1.        Аргкамітэт Конкурса адказны на недапушчэнне праяваў этнічнай, рэлігійнай, гендэрнай і любой іншай дыскрымінацыі на любым этапе Конкурса.

9.2.        Спрэчныя пытанні, непрапісаныя ў дадзеным палажэнні аб Конкурсе, вырашаюцца аргкамітэтам згодна з існуючым заканадаўствам.

10. Кантакты

Па ўсіх пытаннях датычных Конкурса, а таксама з заяўкамі на ўдзел звяртайцеся ў Беларускі камітэт ІКАМОС (220029, г. Мінск, Траецкая набярэжная, 6) або на электронны адрас konkurs.icomos@gmail.com.

Падзяліцца