Хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны

(Рыга, 2000)

Мы, дэлегацыі Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі і Украіны, сумесна з калегамі з ICCROM, Канады, ЗША, Вялікабрытаніі, сабраліся ў Рызе, сталіцы Латвіі, для правядзення 23 - 24-га кастрычніка 2000-га года рэгіянальнай канферэнцыі па тэме “Аўтэнтычнасць і гістарычная рэканструкцыя ў адносінах да культурнай спадчыны”, якая была арганізавана па ініцыятыве ICCROM, Латвійскай Нацыянальнай Камісіі UNESCO i Латвійскай дзяржаўнай інспекцыі па ахове культурнай спадчыны ў супрацоўніцтве з Камітэтам па сусветнай спадчыне і Галоўным культурным фондам Латвіі, прызнаючы, што меркаванне большасці міжнародных экспертаў, адлюстраванае ў Венецыянскай Хартыі (1964) і ў тэкстах іншых фундаментальных дакументаў, у тым ліку Бурскай Хартыі (1979), Фларэнцыйскай Хартыі (1981), Дрэздэнскай дэкларацыі (1982), Лазанскай Хартыі (1990), Нарскім дакуменце аб аўтэнтычнасці (1994), а таксама ў Канвенцыі UNESCO адносна аховы сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (1972) і ў Рэкамендацыях UNESCO, прынятых у Найробі (1976), грунтуецца на непрыняцці рэканструкцыі [1] аб'ектаў культурнай спадчыны [2], за выключэннем выпадкаў, калі аднаўленне аб'екта неабходна для захавання гістарычнага аблічча месца; калі “месца” мае незавершаны выгляд з прычыны разбурэнняў або прыўнесеных зменаў; калі рэканструкцыя вяртае “месцу” яго культурнае значэнне або выклікана жаданнем кампенсаваць трагічныя страты, спазнаныя ім праз стыхійныя бедствы або жыццядзейнасць чалавека,

рэканструкцыя немагчымая, калі яна выконваецца на падставе дапушчэння або калі яе правядзенне можа быць небяспечным для руінаў, якія захаваліся in situ, дзе сама па сабе рэканструкцыя не мае вялікага значэння для захавання або экспанавання гістарычнай мясціны;

улічваючы, што сёння пытанні рэканструкцыі і аўтэнтычнасці набылі асаблівае значэнне ў першую чаргу ў краінах, якія нядаўна ўзнавілі сваю незалежнасць, па прычыне вялікай колькасці прапаноў, якія рэалізуюцца або запланаваныя для выканання,

мы пагаджаемся, што

  1. культурная спадчына з'яўляецца каштоўным сведчаннем чалавечай дзейнасці мінулых часоў, якое ўспрымаецца матэрыяльна ці ўплывае ўскосна, і любое ўмяшанне, нават з мэтай забеспячэння захаванасці гістарычнага аб'екта, непазбежна адбіваецца на якасці гэтага сведчання і, адпаведна, павінна быць зведзена да неабходнага мінімуму;
  2. утрыманне і рамонт аб'ектаў культурнай спадчыны павінны быць першаснымі ў часе ажыццяўлення мерапрыемстваў па яе захаванню. Пры гэтым належыць зыходзіць з таго, што кожнаму гістарычнаму перыяду характэрны свой асаблівы стыль [3], які не капіруе ўжытыя раней фармальныя прыёмы і сродкі выяўлення;
  3. асноўнай мэтай кансервацыі (і/або рэканструкцыі) культурнай спадчыны [4] з'яўляецца ўзнаўленне і захаваняе яе значнасці;
  4. аўтэнтычнасць ёсць мерай таго, наколькі праўдападобна і дакладна вызначальныя рысы культурнай спадчыны (уключаючы знешні выгляд і кампазіцыю, матэрыялы і субстанцыю, выкарыстанне і функцыю, традыцыі і тэхналогіі, размяшчэнне і наваколле, дух і пачуцці, і іншыя фактары) сведчаць пра сваю значнасць,

лічым, што

  1. поўнае аднаўленне аб'ектаў культурнай спадчыны ў прынцыпе з'яўляецца падменай сапраўднага сведчання мінулага і што кожны архітэктурны помнік павінен адлюстроўваць той час, калі ён быў створаны, а новаму збудаванню належыць у эстэтычна прыймальным выглядзе упісацца ў акаляючае асяроддзе,

аднак

  1. у выключных выпадках рэканструкцыя з'яўляецца дапушчальнай, калі спадчына была страчана ў выніку стыхінага або справакаванага чалавекам бедстваў, калі ў гісторыі і культуры рэгіёна помнік вызначаецца выдатнымі мастацкімі, сімвалічнымі якасцямі або мае асаблівае значэнне ў захаванні асяроддзя (гарадскога або сельскага),

пры ўмове, што

  • ёсць доступ да адпаведных даследаванняў і гістарычных дакументаў (уключаючы іканаграфічныя, архіўныя і матэрыяльныя сведчанні);
  • рэканструкцыя не скажае агульнагарадскі кантэкст або краявід; і
  • пры рэканструкцыі аб'екта не будзе пашкоджана існуючая гістарычная структура; і

пры абавязковай умове, калі рэканструкцыя прызнаецца неабходнай у выніку грунтоўных і адкрытых кансультацый паміж прадстаўнікоў дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі і зацікаўленай грамадскасці

і заклікаем

  1. усе зацікаўленыя ўрады і мяцовыя адміністрацыі выкарыстаць гэты дакумент і іншыя з ім звязаныя матэрыялы пры ажыццяўленні нацыянальнай і мясцовай захаваўчых палітыкі і практыкі ў адносінах да аб'ектаў спадчыны, а навучальныя установы ўключыць яго ў свае вучэбныя праграмы.

Рыжская Хартыя падрыхтавана навуковым камітэтам у часе канферэнцыі ў горадзе Рызе. Работай навуковага камітэта кіраваў Яніс Лейніекс (Латвія). У склад камітэта ўвайшлі наступныя спецыялісты: Крыстофер Янг (Вялікабрытанія), Гедымінас Руткаўскас і Ёнас Глямжа (Літва), Хайн Тосс (Эстонія), Яніс Крастыньш (Латвія), Васіль Чэрнік (Беларусь), Еўніка Лінёва (Украіна), Хэрб Стоўвэл (ICCROM). У сваёй рабоце камітэт зыходзіў a пісьмовых прапаноў, якія былі ўнесены Янісам Крастыньшам, Хэрбам Стоўвэлам і Юрысам Дамбісам.

Заўвагі.

[1]. Рэканструкцыя: узнаўленне, інтэрпрэтацыя, рэстаўрацыя або капіраванне папярэдняй формы (Паняцце рэканструкцыя, у адрозненне ад вытлумачанага ў арт. 48 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай сдадчыны» на канферэнцыі разгдядалася як уласна аднаўленне гістарычных аб'ектаў або ўзвядзеяне на іх месцы сучасных будынкаў, якія стылістычна і па аб'ёмных паказчыках адпавядаюць акаляючай забудове гістарычнага горада. У адносінах да краін Балтыі, Беларусі і Украіны, гісторыка-культурная спадчына якіх спазнала значныя страты і дзе ўвага да помнікаў даўніны праяўляецца, сярод іншых, і ў кантэксце нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, аднаўлене страчаных гістарычных аб'ектаў прызнана магчымым пры выкананні ўмоў, выкладзеных у Хартыі. У сусветнай рэстаўрацыйнай практыцы аўтэнтычнасць гісторыка-культурнай каштоўнасці прызнаецца адзіна вартай увагі яго прыкметай — І. Ч.).

[2]. Культурная спадчына: помнікі, групы будынкаў, месцы забудовы і краявіды, якія маюць культурную вартасць у адпаведнасці з вызначэннем, што дадзенаў артыкуле 1 Канвенцыі UNESCO па сусветнай культурнай спадчыне.

[3]. Стыль можна дакладна вызначыць, улічваючы яго марфалагічныя, эстэтычныя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты.

[4]. У тэксце Хартыі ўжыты тэрмін conservation, вытлумачаны ў спасылцы да дакумента як „усе магчымыя намаганні, скіраваныя, каб зразумець значэнне культурнай спадчыны, спазнаць яе гісторыю, забяспечыць яе матэрыяльную захаванасць, экспанаванне, рэстаўрацыю і паляпшэнне стану“.

Тэкст Рыжскай Хартыі прыняты на англійскай мове.

Надрукавана ў: Каштоўнасці мінуўшчыны – 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 17 красавіка 2001 г. Мн., 2001.

Пераклад Ігара Чарняўскага і Алы Сташкевіч.

Падзяліцца