Рэзалюцыя, прысвечаная комплекснаму захаванню гарадской спадчыны

(Нерынга, 1997)

Прымаючы да ўвагі, што спадчына ёсць унікальны і прамы выразнік культурных дасягненняў чалавека і знаходзіцца пад няспыннай пагрозай разбурэння;

Прымаючы да ўвагі, што захаванне спадчыны ёсць сродкам замаруджвання і спынення гэтага працэсу разбурэння;

З улікам таго, што комплекснае захаванне гарадскога асяроддзя ўсведамляецца як складаная і ўзаемазвязаная сістэма матэрыяльных і чалавечых фактараў;

Прымаючы да ўвагі таксама, што супольнасці людзей непасрэдна адказныя за захаванне гарадоў, у якіх пражываюць, і найбольш важныя рашэнні планавання застаюцца за рэгіянальнымі ўладамі;

Мы, спецыялісты ў галіне кансервацыі з Беларусі, Канады, Эстоніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў і Шатландыі, што сабраліся ва унікальным прыродным і культурным асяродку ў Нерынзе, 27-31 кастычніка 1997 года,

Дзякуем Міністэрству культуры Літоўскай Рэспублікі, Праграме Канадска-Балтыйскай Муніцыпальнай кааперацыі, Канадскаму Інстытуту Урбаністыкі (CUI), Міжнароднаму даследчаму цэнтру захавання і рэстаўрацыі культурнага набытку (ICCROM) і Трэсту па рэнавацыі Старога горада Эдынбурга (EOTRT) за арганізацыю пілотнага курса па комплекснаму захаванню гарадскога асяроддзя, які быў прысвечаны, галоўным чынам, сённяшнім праблемам Усходняй Еўропы;

Канстатуем, што праблемы захавання гарадскога асяроддзя ў гэтым рэгіёне падобныя і што ў ходзе гэтага курсу было дасягнутае ўзаемаразуменне паміж спецыяліставсі многіх краінаў і была заснаваная сетка цеснага супрацоўніцтва;

Вызначаем сутнасныя праблемы захавання гарадскога асяроддзя гэтага рэгіёна;

Перакананыя, што прапанаваныя прынцыпы і рэкамендацыі будуць прыняты адпаведнымі асобамі і органамі:

Рэгіянальныя праблемы

  • Значныя перамены ў формах уласнасці, што маюць месца, уплываюць на стан гарадской спадчыны;
  • У дзяржаўных інстытутах і грамадстве назіраецца недастатковае разуменне значэння спадчыны;
  • He існуе дастаткова падрыхтаваных спецыялістаў, каб працаваць у новых умовах;
  • Мае месца разрозненая, часта дубляваная, дзейнасць сярод разнастайных спецыялістаў і інстытутаў;
  • Сацыяльныя патрабаванні і ўмовы зберажэння культурнай спадчыны гарадоў і іх асяроддзя недастаткова ўзаемазвязаныя;
  • У галіне захавання гарадскога асяроддзя назіраецца больш фрагментарны, чым комплексны падыход;
  • Муніцыпальныя ўлады не маюць адпаведных правоў і абавязкаў у захаванні спадчыны на сваёй тэрыторыі.

Рэкамендацыі

 

Асноўныя прынцыпы,

  1. Захаванне гарадской спадчыны з'яўляецца звычайнай, пастаяннай і самаўзнаўляльнай сферай жыцця;
  2. Захаванне гарадскога асяроддзя павінна быць цэласным і стваральным працэсам, з улікам палітычных, эканамічных, сацыяльных, культурных, прыродных і тэхналагічных асаблівасцяў;

Супрацоўніцтва

  1. Праца па захаванню гарадскога асяроддзя патрабуе адкрытасці і дыялогу на ўсіх узроўнях грамадства:
  2. a) сярод спецыялістаў;
  3. b) на міжнародным узроўні;
  4. c) паміж спецыялістамі і дзяржаўнымі інстытутамі;
  5. d) паміж рознымі дзяржаўнымі інстытутамі;
  6. e) паміж дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскасцю;
  7. f) паміж спецыялістамі і прадстаўнікамі грамадскасці;
  8. g) паміж рэгіянальнымі ўпраўленнямі нізавога ўзроўню;
  9. h) з дзяржаўнымі інстытутамі кшталту Канадскага Інстытута Урбаністыкі, Эдынбургскага Трэста Рэнавацыі Старога Горада, паміж якімі наладжана супрацоўніцтва;

і) з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як UNESCO, ICCROM, ICOMOS.

  1. Адносіны паміж удзельнікамі працэсу захавання гарадоў павінны быць адкрытымі, празрыстымі, заснаванымі на абмене інфармацыяй, і дзейнасць спецыя лістаў сферы зберажэння спадчыны павінна быць паслядоўнай і ўзгодненай.
  2. Падрыхтоўка законаў, якія маюць адносіны да гарадской спадчыны, павінна быць адкрытай і празрыстай, з удзелам найбольшай колькасці ўстаноў і тэрытарыяльных арганізацый.
  3. З'яўляецца важным заахвочваць пазіцыю, калі ў працэсе захавання гарадскога асяроддзя, асабліва ў часе прыняцця рашэнняў, павінны ўдзельнічаць розныя групы тэрытарыяльных абшчынаў і іх інтарэсы маюць быць улічаны.

Планаванне стратэгіі і фінансавання

  1. Працэсы дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі павінны праводзіцца праз наданне муніцыпалітэтам большых правоў і абавязкаў.
  2. Для вырашэння праблемы захавання гарадскога асяроддзя неабходна мець стратэгію, планы яе рэалізацыі, механізмы прапаганды і кантролю працэсу захавання.
  3. У працэсе фінансавання дзейнасці па захаванню спадчыны ўсе крыніцы павялічэння фондаў павінны быць даследаваны, асабліва такія прагрэсіўныя заходнія інавацыі як падаткавыя льготы. Фонды павінны выкарыстоўвацца рацыянальна.
  4. Вырашэнне праблем гарадской спадчыны павінна грунтавацца на вывучэнні гарадскога асяроддзя, напрацоўках міжгаліновых груп, асабліва на падрыхтоўцы дакументаў тэрытарыяльнага планавання.
  5. Муніцыпалітэты і ўласнікі маёмасці павінны несці адказнасць за даследаванне гарадской спадчыны і распрацоўку стратэгіі.
  6. Грашовыя сродкі для даследавання гарадской спадчыны павінна быць уключаны ў дзяржаўны, муніцыпальны, інвестарскі бюджэты.
  7. Павінны існаваць заканадаўчыя патрабаванні, каб усе дакументы, якія датычаць даследаванняў і развіцця гарадской спадчыны, у копіях перадаваліся ў дзяржаўныя архівы, дзе яны даступныя грамадскасці.
  8. Дзяржава павінна быць адказнай за правядзенне інвентарызацыі гарадской спадчыны.

Адукацыя

  1. Каб быць упэўненым у захавані культурнай спадчыны гарадоў і ўдзеле ў гэтым працэсе шырокай грамадскасці неабходна арганізаваць адукацыю мясцовай супольнасці, падрыхтоўку кіраўнікоў гэтага працэсу, уласнікаў аб'ектаў спадчыны, моладзі. Гэта адносіцца як да спецыялістаў розных накірункаў, так і да народных майстроў.
  2. Курс па комплекснаму захаванню гарадскога асяроддзя, прысвечаны вырашэнню рэгіянальных праблем гарадской спадчыны, павінен мець працяг: гэты працэс павінен быць заснаваны на адпаведных міжнародных ініцыятывах, падрыхтаваных ІССRОМ, (ITUS), ІСОМОS, EOTRT, CUI, нацыянальнымі міністэрствамі культуры, асацыяцыямі архітэктараў, установамі зберажэння спадчыны і органамі мясцовага кіравання. Такія праграмы і такія курсы павінны прыцягваць спецыялістаў розных галінаў, якія б шукалі новыя рашэнні і распрацоўвалі рэкамендацыі для вырашэння спецыфічных рэгіянальных праблем захавання гарадскога асяроддзя.

Заўвага: Тэкст Нерынгскай рэзалюцыі прыняты на англійскай мове.

Надрукавана ў: Каштоўнасці мінуўшчыны – 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 17 красавіка 2001 г. Мн., 2001.

Пераклад Ігара Чарняўскага і Алы Сташкевіч

Падзяліцца