Хартыя захавання гiстарычных гарадоў і гарадскіх абшараў

(Вашынгтон, 1987 года)

Уводзіны і азначэнні

На працягу ўсёй гісторыі гарадскія ўтварэнні - незалежна ад таго развіліся яны ў часе паступова, ці стварыліся паводле нечай задумы - з'яўляюцца выразнікам разнастайнасці грамадстваў.

Гэтая хартыя датычыць вялікіх і малых гістарычных гарадскіх абшараў, улучаючы гарады і гістарычныя цэнтры або кварталы, разам з іх прыродным і рукатворным асяроддзем. Апрача выканання ролі гістарычных дакументаў гэтыя абшары ўвасабляюць вартасці традыцыйных гарадскіх культураў. Шмат такіх абшараў знаходзяцца сёння пад пагрозаю, фізічна дэградуюць, занепадаюць або нават разбураюцца пад уздзеяннем таго гарадскога развіцця, што паўсюдна ідзе следам за індустрыялізацыяй.

Сутыкнуўшыся з тварам гэткае драматычнае сітуацыі, якая часцяком вядзе да незваротных культурных, сацыяльных і нават эканамічных стратаў, Міжнародная Рада па помніках і мясцінах (ІКАМОС) лічыць за неабходнае скласці міжнародную хартыю гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў, што будзе дадаткам да «Міжнароднае хартыі захавання і рэстаўрацыі помнікаў і мясцінаў», на якую звычайна спасылаюцца як на «Венецыянскую хартыю». Гэты новы тэкст вызначае прынцыпы, мэты і метады, неабходныя для захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў. Хартыя заклікана таксама спрыяць дасягненню гармоніі як прыватнага, так і грамадскага жыцця на гэтых абшарах, i заахвочваць захаванне тых культурных набыткаў - хай сабе і адносна сціплых - якія складаюць памяць чалавецтва.

Як выкладзена ў ЮНЕСКА'ўскай «Рэкамендацыі да аховы i сучаснае ролі гістарычных абшараў» (Варшава - Найробі, 1976), а таксама ў розных іншых міжнародных дакументах, пад «захаваннем гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў» маюцца на ўвазе тыя захады, што неабходна зрабіць дзеля аховы, захавання і рэстаўрацыі такіх гарадоў і абшараў, таксама як і для іх развіцця дый гарманічнае адаптацыі да сучаснага жыцця.

Прынцыпы і мэты

  1. Для таго, каб быць больш эфектыўным, захаванне гістарычных гарадоў ды іншых гістарычных гарадскіх абшараў павінна быць складоваю часткай паслядоўнай і ўзгодненай палітыкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама гарадскога і рэгіянальнага планавання ўсіх узроўняў.
  2. Якасці, якія падлягаюць захаванню, улучаюць гістарычны характар горада або гарадскога абшара і ўсе тыя матэрыяльныя і духоўныя элементы, што выяўляюць гэты характар, асабліва:

а) гарадскія патэрны - элементы ўстойлівай планіровачнай структуры горада, вызначаныя вуліцамі і зямельнымі пляцамі;

б) суадносіны між будынкамі, узялененымі і адкрытымі прасторамі;

в) фармальны выгляд будынкаў (інтэр'ер і экстэр'ер), вызначаны праз маштаб, памер, стыль, канструкцыю, матэрыялы, колер і аздабленне;

г) сувязь горада або гарадскога абшара са сваім прыродным і рукатворным навакольным атачэннем;

д) разнастайныя функцыі, якія горад або гарадскі абшар набылі з цягам часу.

Любая пагроза гэтым якасцям будзе кампраметаваць аўтэнтычнасць гістарычнага горада або гарадскога абшара.

  1. Удзел і далучанасць жыхароў з'яўляюцца неабходнымі для поспеху захаваўчых праграм і павінны заахвочвацца. Захаванне гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў перш за ўсё датычыць іх жыхароў.
  2. Захаванне ў гістарычных гарадах і гарадскіх абшарах патрабуе разважлівасці, метадычнага падыходу і дысцыпліны. Належыць пазбягаць дагматызму, бо ў асобных выпадках могуць паўставаць спецыфічныя праблемы.

Метады і інструменты.

  1. Перад тым як планаваць захаванне гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў неабходна выканаць іх мультыдысцыплінарныя даследаванні.

Планы захавання мусяць складацца на падставе аналізу ўсіх адпаведных звестак, улучаючы археалагічныя, гістарычныя, архітэктурныя, тэхнічныя, сацыялагічныя і эканамічныя.

Галоўныя мэты плана захавання, а таксама юрыдычныя, адміністрацыйныя і фінансавыя захады, неабходныя для іх дасягнення, павінны быць ясна сфармуляваныя.

Планы захавання належыць скіраваць на забеспячэнне гарманічнага спалучэння гістарычных гарадскіх абшараў і горада як цэлага.

План захавання павінен вызначаць, якія будынкі мусяць быць захаваныя, якія належыць захаваць пры пэўных умовах і якія пры зусім выключных абставінах маглі бы быць страчаны. Перад любым умяшаннем існы стан абшараў павінен быць грунтоўна і падрабязна задакументаваны.

План захавання павінен быць падтрыманы жыхарамі гістарычнага абшару.

  1. Да зацвярджэння плана захавання любую неабходную захаваўчую дзейнасць належыць весці ў адпаведнасці з прынцыпамі і мэтамі гэтай хартыі і «Венецыянскай хартыі».
  2. У эфектыўным захаванні гістарычнага горада або гарадскога абшара вырашальным з'яўляецца іх неспынны догляд.
  3. Новыя функцыі і віды дзейнасці павінны быць сумяшчальныя з характарам гістарычнага горада або гарадскога абшара.

Адаптацыя гэтых абшараў да сучаснага жыцця вымагае ўважлівага ўсталявання новых або паляпшэння наяўных сістэмаў грамадскага абслугоўвання.

  1. Паляпшэнне жылля павінна быць адной з галоўных мэтаў захавання.
  2. Калі паўстае неабходнасць збудаваць новыя або адаптаваць наяўныя будынкі, існая прасторавая арганізацыя (планіроўка) не павінна парушацца, асабліва ў адносінах маштаба і памераў зямельнага пляца.

Уводзіны суладных наваколлю сучасных элементаў не павінны бянтэжыць, бо такія дэталі могуць спрыяць узбагачэнню абшара.

  1. Веданне гісторыі гістарычнага горада або гарадскога абшара павінна быць пашырана праз археалагічныя даследаванні і адпаведнае прадстаўленне археалагічных знаходак.
  2. Транспартны рух у межах гістарычнага горада або гарадскога абшара мусіць кантралявацца, а месцы стаянак мусяць планавацца такім чынам, каб яны не чынілі шкоды гістарычнай структуры горада або гарадскому асяроддзю.
  3. Калі гарадское або рэгіянальнае планаванне прадугледжвае будаўніцтва большых транспартных магістраляў, яны не павінны праходзіць праз гістарычны горад або гарадскі абшар, але яны павінны паляпшаць доступ да іх.
  4. Для таго каб захаваць спадчыну і дзеля бяспекі і дабрабыту жыхароў гістарычныя гарады павінны быць абароненыя ад прыродных бедстваў і такіх непрыемнасцяў як забруджванне і вібрацыя.

Якой бы прыроды ні былі бедствы, што ўздзейнічаюць на гістарычны горад або гарадскі абшар, папераджальныя або рамонтныя работы мусяць быць адаптаваныя да адмысловага характара закранутых набыткаў.

  1. Для таго, каб заахвоціць удзел і забяспечыць далучанасць усіх жыхароў, для іх - пачынаючы з дзяцей школьнага ўзросту - павінна быць заснавана ўсеагульная інфармацыйная праграма.

Дзейнасць таварыстваў аховы спадчыны таксама павінна заахвочвацца. На карысць захавання і рэстаўрацыі павінны быць прыняты фінансавыя меры.

  1. Для ўсіх тых прафесіяналаў, што занятыя ў захаванні, павінна быць забяспечана спецыялізаваная падрыхтоўка.

(пераклад з ангельскай)

Падзяліцца