Канвенцыя  па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны

(прынятая на семнаццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі. Парыж, 16 лістапада 1972 г.)

Генеральная канферэнцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, якая сабралася ў Парыжы з 17 кастрычніка да 21 лістапада 1972 г., на сваёй семнаццатай сесіі,

Адзначаючы, што і культурнай і прыроднай спадчыне ўсё больш і больш пагражаюць разбурэннем не толькі традыцыйныя прычыны заняпаду, але таксама змяненні сацыяльных і эканамічных умоў, якія абвастраюць існую сітуацыю нават больш страшнымі з'явамі пашкоджання або вынішчэння,

Зважаючы на тое, што пагаршэнне або знікненне любога з аб'ектаў культурнай ці прыроднай спадчыны выклікае згубнае збядненне спадчыны ўсіх народаў свету,

Зважаючы на тое, што ахова гэтай спадчыны на нацыянальным узроўні часта застаецца недасканалай з прычыны высокага ўзроўню патрэбных для аховы сродкаў і недастатковасці эканамічных, навуковых і тэхнічных рэсурсаў краіны, дзе знаходзіцца набытак, які патрабуе абароны,

Нагадваючы, што Статут Арганізацыі прадугледжвае тое, што яна будзе падтрымліваць, павялічваць і распаўсюджваць веды, забяспечваючы захаванне і ахову сусветнай спадчыны, і рэкамендуючы зацікаўленым народам неабходныя міжнародныя канвенцыі,

Зважаючы на тое, што існыя міжнародныя канвенцыі, рэкамендацыі і рэзалюцыі, прысвечаныя культурным і прыродным каштоўнасцям, сведчаць пра важнасць, для ўсіх народаў свету, аховы гэтых унікальных і незаменных набыткаў, незалежна ад таго, якому народу яны належаць,

Зважаючы на тое, што некаторыя аб'екты культурнай ці прыроднай спадчыны з'яўляюцца выключна важнымі і таму патрабуюць захавання як частка сусветнай спадчыны ўсяго чалавецтва,

Зважаючы на тое, што з погляду на памеры і сур'ёзнасць новых небяспекаў, якія пагражаюць культурнай і прыроднай спадчыне, на ўсёй міжнароднай супольнасці ляжыць абавязак удзельнічаць у ахове культурнай і прыроднай спадчыны выключнай сусветнай вартасці шляхам аказання калектыўнай дапамогі, якая, хоць і не заменіць дзейнасці зацікаўленай дзяржавы, паслужыць да яе эфектыўным дадаткам,

Зважаючы на тое, што для гэтай мэты важна прыняць новыя палажэнні ў форме канвенцыі, якая б заснавала эфектыўную сістэму калектыўнай аховы культурнай і прыроднай спадчыны выключнай сусветнай вартасці, арганізаваную на сталай аснове і ў адпаведнасці з сучаснымі навуковымі метадамі,

Вырашыўшы на сваёй шаснаццатай сесіі, што гэтае пытанне павінна стаць прадметам міжнароднай канвенцыі,

Прыняла ў гэты шаснаццаты дзень лістапада 1972 года гэтую Канвенцыю.

І. Азначэнні культурнай і прыроднай спадчыны

Артыкул 1

Для мэтаў гэтай Канвенцыі за "культурную спадчыну" будзе ўважацца наступнае:

  • "помнікі": архітэктурныя творы, творы манументальнай скульптуры і жывапісу, элементы або збудаванні археалагічнай прыроды, надпісы, пячорнае жыллё і камбінацыі дэталяў, якія з'яўляюцца выключнай сусветнай каштоўнасцю з пункту гледжання гісторыі, мастацтва або навукі;
  • "групы будынкаў": групы паасобных або паяднаных будынкаў, якія праз сваю архітэктуру, сваю аднароднасць або свае месца ў краявідзе з'яўляюцца выключнай сусветнай каштоўнасцю з пункту гледжання гісторыі, мастацтва або навукі;
  • "мясціны": творы чалавека або сумесныя творы прыроды і чалавека, і абшары, улучаючы археалагічныя мясціны, якія з гістарычнага, эстэтычнага, этналагічнага або антрапалагічнага пунктаў гледжання з'яўляюцца выключнай сусветнай каштоўнасцю.

Артыкул 2

Для мэтаў гэтай Канвенцыі за "прыродную спадчыну" будзе ўважацца наступнае:

  • складзеныя з фізічных і біялагічных утварэнняў або груп такіх утварэнняў прыродныя адметнасці, якія з эстэтычнага або навуковага пункту гледжання з'яўляюцца выключнай сусветнай каштоўнасцю;
  • геалагічныя і фізіяграфічныя ўтварэнні і дакладна акрэсленыя абшары, якія з'яўляюцца прыроднымі ўмовамі для развіцця тых відаў жывёлаў і раслін, якім пагражае небяспека і якія з'яўляюцца выключнай сусветнай каштоўнасцю з пункту гледжання навукі або захавання;
  • прыродныя мясціны або дакладна акрэсленыя прыродныя абшары, якія з пункту гледжання навукі, захавання або прыроднай прыгажосці валодаюць выключнай сусветнай вартасцю.

Артыкул 3

Кожнай дзяржаве-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі належыць вызначыць і акрэсліць узгаданыя вышэй у артыкулах 1 і 2 разнастайныя набыткі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі.

ІІ. Нацыянальная ахова і міжнародная ахова культурнай і прыроднай спадчыны

Артыкул 4

Кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі прызнае, што абавязак забяспечваць выяўленне, ахову, захаванне, прэзентацыю і перадачу наступным пакаленням культурнай і прыроднай спадчыны, пра якую ішло ў артыкулах 1 і 2 і якая знаходзіцца на яе тэрыторыі, ускладаецца ў першую чаргу на гэтую дзяржаву. Яна зробіць для гэтага ўсё магчымае, усё, што дазволяць яе ўласныя сродкі, і там, дзе належыць, выкарыстае мажлівасці міжнароднага супрацоўніцтва і залучыць любую міжнародную дапамогу, якую яна зможа атрымаць, а менавіта, фінансавую, мастацкую, навуковую і тэхнічную.

Артыкул 5

Каб забяспечыць эфектыўныя і дзейсныя меры па ахове, захаванні і прэзентацыі культурнай і прыроднай спадчыны, якая знаходзіцца на яе тэрыторыі, кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі імкнецца, наколькі гэта магчыма і адпаведна асаблівасцям кожнай краіны:

а) праводзіць агульную палітыку, скіраваную на наданне культурнай і прыроднай спадчыне пэўных функцый у грамадскім жыцці і ўлучэнне аховы гэтай спадчыны ў праграмы ўсебаковага планавання;

б) заснаваць на сваёй тэрыторыі, калі яны яшчэ не створаны, адну ці болей службаў аховы, захавання і прэзентацыі культурнай і прыроднай спадчыны, якія будуць мець адпаведны персанал і валодаць сродкамі для выканання гэтых функцый;

в) развіваць навуковыя і тэхнічныя веды і даследаванні і распрацоўваць такія метады работы, дзякуючы якім дзяржава зможа папярэджваць небяспекі, якія пагражаюць яе культурнай ці прыроднай спадчыне;

г) прымаць адпаведныя прававыя, навуковыя, тэхнічныя, адміністрацыйныя і фінансавыя меры, неабходныя для выяўлення, аховы, захавання, прэзентацыі і рэгабілітацыі гэтай спадчыны; і

д) спрыяць стварэнню або развіццю нацыянальных і рэгіянальных цэнтраў па падрыхтоўцы спецыялістаў па ахове, захаванню і прэзентацыі культурнай і прыроднай спадчыны і заахвочваць навуковыя даследаванні ў гэтай сферы.

Артыкул 6

  1. Цалкам паважаючы суверэнітэт дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца згаданая ў артыкулах 1 і 2 культурная і прыродная спадчына, і не парушаючы прадугледжаных нацыянальным заканадаўствам правоў уласнасці, дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі прызнаюць, што такая спадчына з'яўляецца сусветнай спадчынай, абавязак аховы якой вымагае супрацоўніцтва ўсёй міжнароднай супольнасці.
  2.    Дзяржавы-ўдзельніцы, у адпаведнасці з палажэннямі гэтай Канвенцыі, абавязваюцца аказваць дапамогу па выяўленні, ахове, захаванні і прэзентацыі культурнай і прыроднай спадчыны, пра якую ішло ў пунктах 2 і 4 артыкула 11, калі аб гэтым папросяць дзяржавы, на тэрыторыі якіх яна знаходзіцца.
  3.  Кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі абавязваецца не рабіць ніякіх наўмысных захадаў, якія могуць непасрэдна ці ўскосна пашкодзіць культурную ці прыродную спадчыну, пра якую ішло ў артыкулах 1 і 2, і якая знаходзіцца на тэрыторыі іншых дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі.

Артыкул 7

Для мэты гэтай Канвенцыі пад міжнароднай аховай сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны будзе разумецца стварэнне сістэмы міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі, маючай на мэце падтрымаць дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі ў іх намаганнях захаваць і выявіць такую спадчыну.

ІІІ. Міжурадавы камітэт па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны

Артыкул 8

  1.  У межах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры засноўваецца Міжурадавы камітэт па ахове культурнай і прыроднай спадчыны выключнай сусветнай вартасці, называны "Камітэтам сусветнай спадчыны". Ён павінен складацца з 15 дзяржаў-удзельніц Канвенцыі, абраных дзяржавамі-ўдзельніцамі гэтай Канвенцыі на Генеральнай асамблеі падчас чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Колькасць дзяржаў-удзельніц Камітэта павялічыцца да 21, пачынаючы з чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі, пасля таго, як гэтая Канвенцыя ўвойдзе ў сілу прынамсі для 40 краінаў.
  2.  Выбары членаў Камітэта павінны гарантаваць справядлівае прадстаўніцтва розных рэгіёнаў і культур свету.
  3.  На пасяджэннях Камітэта ў якасці дарадцаў могуць прысутнічаць па аднаму прадстаўніку ад Міжнароднага даследчага цэнтра па захаванні і рэстаўрацыі культурнага набытку (Рымскі цэнтр), ад Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і ад Міжнароднага саюза па захаванні прыроды і прыродных рэсурсаў (МСЗП), да якіх на Генеральнай асамблеі па просьбе дзяржаў-удзельніц Канвенцыі падчас чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры могуць далучыцца прадстаўнікі іншых міжурадавых або грамадскіх арганізацый, якія маюць падобныя мэты.

Артыкул 9

  1.  Дзяржавы-члены Камітэта сусветнай спадчыны выконваюць свае абавязкі ад канца чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі, падчас якой яны былі абраныя, да канца яе трэцяй наступнай чарговай сесіі.
  2.    Тэрмін выканання абавязкаў траціны членаў, прызначаных падчас першых выбараў, скончыцца, аднак, напрыканцы першай чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі, наступнай за той, на якой яны былі абраныя, а тэрмін выканання абавязкаў другой траціны членаў, абраных у той самы час, скончыцца напрыканцы другой чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі, наступнай за той, падчас якой яны былі абраныя. Імёны гэтых членаў будуць вызначаныя шляхам лёсавання Прэзідэнтам Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры пасля першых выбараў.
  3.   Дзяржавы-члены Камітэта абіраюць сваімі прадстаўнікамі асоб, кваліфікаваных у сферы культурнай і прыроднай спадчыны.

Артыкул 10

  1.   Камітэт сусветнай спадчыны прымае свае працэдурныя правілы.
  2.  Камітэт у любы час можа запрашаць да ўдзелу ў сваіх пасяджэннях грамадскія або прыватныя арганізацыі, а таксама прыватныя асобы для кансультацый па асобных праблемах.
  3.  Камітэт можа ствараць такія дарадчыя органы, якія ён лічыць неабходнымі для выканання сваіх функцый.

Артыкул 11

  1.  Для ўлучэння ў спіс, прадугледжаны ў пункце 2 гэтага артыкула, кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі, у меру сваіх магчымасцяў, падае на разгляд Камітэта сусветнай спадчыны пералік каштоўнасцяў, з якіх складаецца размешчаная на яе тэрыторыі частка культурнай і прыроднай спадчыны. Гэты пералік, які не будзе лічыцца вычарпальным, павінен змяшчаць дакументацыю пра месца знаходжання гэтых каштоўнасцяў і іх значнасць.
  2.    На падставе гэтых спісаў, пададзеных дзяржавамі ў адпаведнасці з пунктам 1, Камітэт стварае, абнаўляе і публікуе пад назвай "Спіс сусветнай спадчыны" пералік каштоўнасцяў, з якіх складаецца вызначаная ў артыкулах 1 і 2 гэтай Канвенцыі частка культурнай спадчыны і прыроднай спадчыны, якая, на думку Камітэта, мае выключную сусветную вартасць у адпаведнасці з вызначанымі ім крытэрыямі. Абноўлены спіс павінен распаўсюджвацца прынамсі раз на два гады.
  3.   На ўлучэнне каштоўнасці ў Спіс сусветнай спадчыны патрэбна згода зацікаўленай дзяржавы. Улучэнне каштоўнасці, якая знаходзіцца на тэрыторыі, суверэнітэт ці юрысдыкцыю над якой аспрэчваюць больш за адну дзяржаву, ані ў якім выпадку не ўплывае на правы ўдзельнікаў спрэчкі.
  4.  Камітэт стварае, абнаўляе і, калі гэтага патрабуюць абставіны, публікуе пад назвай "Спіс сусветнай спадчыны ў небяспецы" спіс занесеных у Спіс сусветнай спадчыны каштоўнасцяў, для захавання якіх патрэбны вялікія работы і для якіх згодна гэтай Канвенцыі была запрошана дапамога. Гэты спіс павінен змяшчаць прыблізны кошт такіх работ. Спіс можа ўлучаць толькі тыя каштоўнасці культурнай і прыроднай спадчыны, якім пагражаюць сур'ёзныя і спецыфічныя небяспекі, такія як пагроза знікнення ў выніку паскоранага разбурэння, шырокамаштабных грамадскіх ці прыватных праектаў або праектаў імклівага развіцця гарадоў ці турызму; вынішчэнне, выкліканае зменамі ў карыстанні ці ў праве ўласнасці на зямлю; сур'ёзныя дэфармацыі з невядомых прычын; пакінутасць з якой-небудзь нагоды; пачатак або пагроза збройнага канфлікту; бедствы і катаклізмы; вялікія пажары, землятрусы, апоўзкі, вывяржэнні вулканаў; змены ўзроўня водаў, паводкі, прыліўныя хвалі. Камітэт можа ў любы час, у выпадку скрайней неабходнасці, зрабіць новы ўнёсак у Спіс сусветнай спадчыны ў небяспецы і неадкладна такі ўнёсак абвясціць.
  5. Камітэт вызначае крытэрыі, на падставе якіх належная да культурнай ці прыроднай спадчыны каштоўнасць можа быць улучана ў адзін са спісаў, згаданых у пунктах 2 і 4 гэтага артыкула.
  6.  Перш чым адхіліць просьбу аб улучэнні ў адзін з двух спісаў, згаданых у пунктах 2 і 4 гэтага артыкула, Камітэт кансультуецца з краінай-удзельніцай, на тэрыторыі якой знаходзіцца разгляданая культурная ці прыродная каштоўнасць.
  7.  Камітэт, са згоды зацікаўленай дзяржавы, каардынуе і заахвочвае правядзенне навуковых работ і даследаванняў, неабходных для складання спісаў, пазначаных у пунктах 2 і 4 гэтага артыкула.

Артыкул 12

Той факт, што належная да культурнай ці прыроднай спадчыны каштоўнасць не была ўлучана ў адзін з двух спісаў, згаданых у пунктах 2 і 4 артыкула 11, ані ў якім разе не значыць, што яна не мае выключнай сусветнай вартасці для мэтаў, адрозных ад тых, якія вынікаюць з улучэння ў гэтыя спісы.

Артыкул 13

  1. Камітэт сусветнай спадчыны прымае і вывучае заяўкі на міжнародную дапамогу, сфармуляваныя дзяржавамі-ўдзельніцамі гэтай Канвенцыі ў дачыненні каштоўнасцяў, якія з'яўляюцца складовай часткай размешчанай на іх тэрыторыях культурнай і прыроднай спадчыны і якія ўлучаныя ці могуць быць улучаныя ў спісы, пра якія ідзе ў пунктах 2 і 4 артыкула 11. Мэтай такіх заявак можа быць забеспячэнне аховы, захавання, прэзентацыі ці рэгабілітацыі такіх каштоўнасцяў.
  2.  Заявы на міжнародную дапамогу на падставе пункта 1 гэтага артыкула таксама могуць тычыцца выяўлення азначаных у артыкулах 1 і 2 культурных і прыродных каштоўнасцяў, калі папярэднія даследванні паказалі, што далейшыя даследванні будуць спраўджаныя.
  3.   Камітэт прымае рашэнні па гэтых заяўках, пры неабходнасці вызначае характар і меру сваёй дапамогі і ўпаўнаважвае заключэнне ад свайго імя неабходных пагадненняў з зацікаўленым урадам.
  4.   Камітэт вызначае чарговасць сваіх дзеянняў. Ён робіць гэта, беручы да ўвагі адпаведную значнасць для сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны набыткаў, якія патрабуюць аховы, неабходнасць даваць міжнародную дапамогу для каштоўнасцяў, якія ў найбольшай ступені прадстаўляюць прыроднае асяроддзе, геній і гісторыю народаў свету, пільнасць работы, якую неабходна зрабіць, наяўныя рэсурсы дзяржаў, на чыёй тэрыторыі каштоўнасці знаходзяцца пад пагрозай, і, у прыватнасці, наколькі дзяржавы могуць ахоўваць такія набыткі сваімі ўласнымі сродкамі.
  5.  Камітэт складае, абнаўляе і распаўсюджвае спіс каштоўнасцяў, для якіх выдзяляецца міжнародная дапамога.
  6.  Камітэт прымае рашэнні аб выкарыстанні сродкаў фонду, створанага на падставе артыкула 15 гэтай Канвенцыі. Ён шукае шляхі павелічэння гэтых сродкаў і робіць усе прыдатныя для гэтай мэты крокі.
  7.   Камітэт супрацоўнічае з міжнароднымі і нацыянальнымі ўрадавымі і няўрадавымі арганізацыямі, якія маюць мэты, падобныя да мэтаў гэтай Канвенцыі. Для ажыццяўлення сваіх праграм і праектаў Камітэт можа звяртацца да такіх арганізацый, як, у прыватнасці, Міжнародны даследчы цэнтр па захаванні і рэстаўрацыі культурнага набытку (Рымскі цэнтр), Міжнародная рада па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і Міжнародны саюз па захаванні прыроды і прыродных рэсурсаў (МСЗП), таксама як і да іншых грамадскіх і прыватных арганізацый і прыватных асоб.
  8.  Рашэнні Камітэта прымаюцца большасцю ў дзве траціны прысутных і галасуючых членаў. Кворум складаецца з большасці членаў Камітэта.

Артыкул 14

  1.  Камітэту сусветнай спадчыны дапамагае сакратарыят, прызначаны Генеральным дырэктарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
  2.    Генеральны дырэктар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, у як мага шырэйшай меры карыстаючыся з паслуг Міжнароднага даследчага цэнтра па захаванні і рэстаўрацыі культурнага набытку (Рымскі цэнтр), Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і Міжнароднага саюза па захаванні прыроды і прыродных рэсурсаў (МСЗП), у адпаведных сферах іх кампетэнцыі і магчымасцяў, рыхтуе дакументацыю Камітэта і парадак дня яго пасяджэнняў, адказвае за выкананне яго рашэнняў.

IV. Фонд аховы сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны

Артыкул 15

  1.   Гэтым засноўваецца фонд аховы сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны выключнай сусветнай вартасці, называны "Фонд сусветнай спадчыны".
  2.   У адпаведнасці з умовамі фінансавых прадпісанняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, гэты Фонд з'яўляецца мэтавым фондам.
  3.   Сродкі Фонда складаюцца з:

а) абавязковых і добраахвотных унёскаў дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі;

б) унёскаў, дарункаў і завешчанай спадчыны, якія могуць паступаць ад:

  1. i)                 іншых дзяржаў;
  2. ii)                Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры і іншых арганізацыяў сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у прыватнасці, ад Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ці ад іншых міжурадавых арганізацыяў;

iii)              грамадскіх ці прыватных арганізацыяў або прыватных асоб;

в) любых працэнтаў на ўкладзеныя сродкі Фонда;

г) грашовых сродкаў, сабраных і атрыманых ад мерапрыемстваў, арганізаваных на карысць Фонда; і

д) любых іншых сродкаў, дазволеных палажэннямі аб Фондзе, распрацаванымі Камітэтам сусветнай спадчыны.

  1.    Унёскі на карысць Фонда і іншыя даступныя Камітэту формы дапамогі могуць выкарыстоўвацца толькі для вызначаных Камітэтам мэтаў. Камітэт можа прымаць унёскі, прызначаныя толькі для нейкай пэўнай праграмы ці праекта, пры ўмове, што Камітэтам прынята рашэнне аб выкананні такой праграмы ці праекта. Зробленыя ў Фонд унёскі не могуць звязвацца з якімі-небудзь палітычнымі ўмовамі.

Артыкул 16

  1.   Незалежна ад усялякага дадатковага добраахвотнага ўнёску дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі абавязваюцца рэгулярна што два гады плаціць у Фонд сусветнай спадчыны ўнёскі, памер якіх, у выглядзе аднолькавай для ўсіх дзяржаў працэнтнай стаўкі, вызначаецца Генеральнай асамблеяй дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі, якая збіраецца падчас сесій Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Прыняцце Генеральнай асамблеяй гэтага рашэння патрабуе прысутнасці і ўдзелу ў галасаванні большасці дзяржаў-удзельніц, якія не рабілі заявы, аб якой ідзе ў пункце 2 гэтага артыкула. Ані ў якім выпадку абавязковы ўнёсак дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі не павінен перавышаць 1 працэнт унёску ў Звычайны бюджэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
  2.   Аднак, кожная дзяржава, аб якой ідзе ў артыкуле 31 ці ў артыкуле 32 гэтай Канвенцыі, у часе здачы сваіх дакументаў ратыфікацыі, прыняцця ці ўваходжання можа заявіць, што яна не будзе звязаная палажэннямі пункта 1 гэтага артыкула.
  3.   Дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі, якая зрабіла заяву, аб якой ідзе ў пункце 2 гэтага артыкула, можа ў любы час адклікаць вышэйзгаданую заяву шляхам паведамлення Генеральнаму дырэктару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Адкліканне заявы, аднак, не паўплывае на абавязковы ўнёсак дзяржавы да дня наступнай Генеральнай асамблеі дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі.
  4.   З тым, каб Камітэт мог эфектыўна планаваць сваю дзейнасць, унёскі дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі, якія зрабілі заяву, аб якой ідзе ў пункце 2 гэтага артыкула, павінны плаціцца на рэгулярнай аснове, прынамсі што два гады, і не павінны быць меней за ўнёскі, якія яны б плацілі, каб былі звязаныя палажэннямі пункта 1 гэтага артыкула.
  5.   Кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі, якая мае запазычанасць ў аплаце абавязковых ці добраахвотных унёскаў за бягучы і папярэдні каляндарны год, не можа быць абраная ў Камітэт сусветнай спадчыны, хаця гэтае палажэнне не дзейнічае падчас першых выбараў.

Тэрміны выканання абавязкаў любой такой дзяржавы, якая ўжо з'яўляецца членам Камітэта, завяршаюцца ў час выбараў, прадугледжаных у артыкуле 8, пункт 1 гэтай Канвенцыі.

Артыкул 17

Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі падтрымліваюць або заахвочваюць стварэнне дзяржаўных, грамадскіх і прыватных фундацыяў ці асацыяцыяў, мэта якіх - прыцягваць грашовыя ахвяраванні для аховы культурнай і прыроднай спадчыны, вызначанай у артыкулах 1 і 2 гэтай Канвенцыі.

Артыкул 18

Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі дапамагаюць міжнародным кампаніям па зборы сродкаў для Фонда сусветнай спадчыны, арганізаваным пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Яны садзейнічаюць грашовым зборам, якія для гэтай мэты ладзяцца арганізацыямі, згаданымі ў пункце 3 артыкула 15.

V. Умовы і парадак выдзялення міжнароднай дапамогі

Артыкул 19

Кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі можа звярнуцца па міжнародную дапамогу на карысць набытка, які складае частку размешчанай на яе тэрыторыі культурнай ці прыроднай спадчыны выключнай сусветнай вартасці. Разам са сваёй заяўкай ёй належыць падаць тую прадугледжаную артыкулам 21 інфармацыю і дакументацыю, якой яна валодае, і якая патрэбная Камітэту для прыняцця рашэння.

Артыкул 20

Згодна з палажэннямі пункта 2 артыкула 13, падпунктам (в) артыкула 22 і артыкулам 23, прадугледжаная гэтай Канвенцыяй міжнародная дапамога можа быць дадзеная толькі для набытка, што складае частку культурнай і прыроднай спадчыны, якую Камітэт сусветнай спадчыны вырашыў ці вырашае ўнесці ў адзін са спісаў, пра якія згадваецца ў пунктах 2 і 4 артыкула 11.

Артыкул 21

  1.   Камітэт сусветнай спадчыны вызначае працэдуру разгляду заявак на атрыманне міжнароднай дапамогі і ўдакладняе змест запыта, які павінен вызначаць характар меркаваных работ, іх папярэдні кошт, ступень тэрміновасці і прычыны, з-за якіх дзяржава, што звярнулася па дапамогу, не можа ўзяць на сябе ўсе гэтыя выдаткі. У кожным разе, такія заяўкі мусяць, па-магчымасці, падмацоўвацца заключэннямі экспертаў.
  2.   Заяўкі аб дапамозе ў сувязі з катастрофамі і прыроднымі бедствамі, павінны, з прычыны тэрміновасці работ, якія могуць быць неабходныя неадкладна, разглядацца Камітэтам у першую чаргу. Для такіх непрадбачаных абставінаў Камітэту належыць мець у сваім распараджэнні рэзервовы фонд.
  3.   Перад прыняццем рашэння Камітэт можа праводзіць тыя даследаванні і кансультацыі, якія палічыць неабходнымі.

Артыкул 22

Дапамога, якую выдзяляе Камітэт сусветнай спадчыны, можа мець наступныя формы:

а) вывучэнне мастацкіх, навуковых і тэхнічных праблем, звязаных з аховай, захаваннем, прэзентацыяй і рэгабілітацыяй культурнай і прыроднай спадчыны, як вызначана ў пунктах 2 і 4 артыкула 11 гэтай Канвенцыі;

б) накіраванне экспертаў, тэхнічных спецыялістаў і кваліфікаваных рабочых для забеспячэння правільнага выканання зацверджанага праекта;

в) падрыхтоўка персаналу і спецыялістаў усіх узроўняў у сферы выяўлення, аховы, захавання, прэзентацыі і рэгабілітацыі культурнай і прыроднай спадчыны;

г) пастаўка абсталявання, якім зацікаўленая дзяржава не валодае ці якое не ў стане набыць;

д) прадастаўленне пазыкаў пад нізкі працэнт ці беспрацэнтных пазыкаў, якія могуць быць сплочаны на доўгатэрміновых умовах;

е) даванне ў выключных выпадках і для асаблівых нагодаў незваротных субсідый.

Артыкул 23

Камітэт сусветнай спадчыны можа таксама выдзяляць міжнародную дапамогу нацыянальным і рэгіянальным асяродкам падрыхтоўкі персанала і спецыялістаў усіх узроўняў у сферы выяўлення, аховы, захавання, прэзентацыі і рэгабілітацыі культурнай і прыроднай спадчыны.

Артыкул 24

Выдзяленню міжнароднай дапамогі значных памераў павінны папярэднічаць падрабязныя навуковыя, эканамічныя і тэхнічныя даследаванні. Гэтыя даследаванні павінны выкарыстоўваць самыя сучасныя метады аховы, захавання, прэзентацыі і рэгабілітацыі прыроднай і культурнай спадчыны і адпавядаць мэтам гэтай Канвенцыі. Даследаванні павінны таксама мець на мэце пошук спосабаў рацыянальнага выкарыстання наяўных рэсурсаў зацікаўленай дзяржавы.

Артыкул 25

Міжнародная супольнасць павінна ў прынцыпе пакрываць толькі частку кошту неабходных работ. Унёсак дзяржавы, якая атрымлівае міжнародную дапамогу, павінен складаць значную частку сродкаў, выдаткаваных для кожнай праграмы ці праекта, апроч тых выпадкаў, калі рэсурсы той дзяржавы гэтага не дазваляюць.

Артыкул 26

Камітэт сусветнай спадчыны і дзяржава, якая карыстаецца з яго дапамогі, вызначаюць у заключаным паміж сабой пагадненні ўмовы выканання праграмы ці праекта, для якіх у адпаведнасці з гэтай Канвенцыяй выдзяляецца міжнародная дапамога. Дзяржава, якая атрымлівае такую міжнародную дапамогу, у выкананне закладзеных у пагадненне ўмоў бярэ на сябе абавязак працягваць ахову, захаванне і прэзентацыю ўратаваных такім чынам каштоўнасцяў.

VI. Адукацыйныя праграмы

Артыкул 27

  1.  Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі імкнуцца ўсімі прыдатнымі сродкамі і, асабліва, шляхам адукацыйных і інфармацыйных праграм, умацоўваць у сваіх народаў разуменне і шанаванне культурнай і прыроднай спадчыны, вызначанай у артыкулах 1 і 2 гэтай Канвенцыі.
  2.     Яны абавязваюцца шырока інфармаваць грамадскасць пра небяспекі, якія пагражаюць гэтай спадчыне, і пра дзеянні, якія робяцца для выканання гэтай Канвенцыі.

Артыкул 28

Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі, якія паводле Канвенцыі атрымліваюць міжнародную дапамогу, робяць адпаведныя захады для таго, каб пашырыць звесткі пра значнасць набытка, для якога атрымана дапамога, а таксама пра ролю, якую гэта дапамога адыграла.

VII. Справаздачы

Артыкул 29

  1.   Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі паведамляюць у справаздачах, якія яны падаюць на Генеральную канферэнцыю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ў вызначаныя ею тэрміны і ў вызначаным выглядзе, звесткі аб прынятых заканадаўчых і адміністрацыйных палажэннях і іншых захадах, здзейсненых для ажыццяўлення гэтай Канвенцыі, разам з падрабязным апісаннем досведу, атрыманага імі ў гэтай сферы.
  2.   Гэтыя справаздачы даводзяцца да ведама Камітэта сусветнай спадчыны.
  3.  Камітэт падае справаздачу аб сваёй дзейнасці на кожнай чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

VIII. Заключныя пункты

Артыкул 30

Гэтая Канвенцыя складзена на англійскай, арабскай, іспанскай, рускай і французскай мовах, прычым усе пяць тэкстаў з'яўляюцца аднолькава аўтарытэтнымі.

Артыкул 31

  1.   Гэтая Канвенцыя павінна стаць аб'ектам ратыфікацыі ці прыняцця дзяржавамі-ўдзельніцамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ў адпаведнасці з іх канстытуцыйнымі працэдурамі.
  2.  Дакументы ратыфікацыі ці прыняцця здаюцца на захаванне Генеральнаму дырэктару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Артыкул 32

  1.  Да гэтай Канвенцыі могуць далучыцца ўсе дзяржавы, якія не з'яўляюцца ўдзельніцамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, калі яны атрымаюць запрашэнне Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі далучыцца да яе.
  2.  Далучэнне ажыццяўляецца шляхам перадачы на захаванне дакументаў аб далучэнні Генеральнаму дырэктару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Артыкул 33

Гэта Канвенцыя ўваходзіць у сілу праз тры месяцы з дня здачы на захаванне дваццатага дакумента ратыфікацыі, прыняцця ці далучэння, але толькі ў дачыненні тых дзяржаў, якія падалі адпаведныя дакументы ратыфікацыі, прыняцця ці далучэння не пазней гэтай даты. У дачыненні любой іншай дзяржавы яна ўваходзіць у сілу праз тры месяцы пасля здачы на захаванне яе дакумента ратыфікацыі, прыняцця ці далучэння.

Артыкул 34

Наступныя палажэнні тычацца тых дзяржаў-удзельніц Канвенцыі, якія маюць федэральную або не ўнітарную канстытуцыйную сістэму:

(а) што да палажэнняў гэтай Канвенцыі, выкананне якіх уваходзіць у прававую юрысдыкцыю федэральнай ці цэнтральнай заканадаўчай улады, абавязацельствы цэнтральнага ці федэральнага ўрада з'яўляюцца тымі самымі, як і ў нефедэратыўных дзяржаў-удзельніц гэтай Канвенцыі;

(б) што да палажэнняў гэтай Канвенцыі, выкананне якіх уваходзіць у прававую юрысдыкцыю паасобных складовых частак - штатаў, земляў, правінцый ці кантонаў, якія ў адпаведнасці з федэратыўнай канстытуцыйнай сістэмай не абавязаны прымаць заканадаўчыя меры, федэральны ўрад інфармуе кампетэнтныя ўлады такіх штатаў, земляў, правінцый ці кантонаў пра згаданыя палажэнні з сваімі рэкамендацыямі адносна іх прыняцця.

 

Артыкул 35

  1.   Кожная дзяржава-ўдзельніца гэтай Канвенцыі можа дэнансаваць Канвенцыю.
  2.  Дэнансацыя абвяшчаецца пісьмовым дакументам, які падаецца Генеральнаму дырэктару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
  3.  Дэнансацыя ўваходзіць у сілу праз 12 месяцаў пасля атрымання дакумента аб дэнансацыі. Яна не ўплывае на фінансавыя абавязацельствы дэнансуючай дзяржавы да даты ўваходжання дэнансацыі ў сілу.

Артыкул 36

Генеральны дырэктар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры інфармуе дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі, дзяржавы, якія не з'яўляюцца ўдзельніцамі Арганізацыі і пра якія ідзе ў артыкуле 32, таксама як і Аб'яднаныя Нацыі, аб здачы ўсіх дакументаў ратыфікацыі, прыняцця або далучэння згодна артыкула 31 і 32 і пра дэнансацыі згодна артыкула 35.

Артыкул 37

  1.   Гэтая Канвенцыя можа быць перагледжана Генеральнай канферэнцыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Кожны такі перагляд, аднак, будзе абавязваць толькі тыя дзяржавы, якія стануць удзельніцамі пераглядаемай канвенцыі.
  2.   Калі Генеральная канферэнцыя, пераглядаючы цалкам або часткова гэтую Канвенцыю, прыме новую канвенцыю, і калі новай канвенцыяй не будзе прадугледжаны іншы парадак, гэтая Канвенцыя перастае быць адкрытай для ратыфікацыі, прыняцця або далучэння, пачынаючы з даты ўваходжання ў сілу новай перагледжанай канвенцыі.

Артыкул 38

У адпаведнасці з артыкулам 102 Хартыі Аб'яднаных Нацый, гэтая Канвенцыя будзе зарэгістравана ў Сакратарыяце Аб'яднаных Нацый па просьбе Генеральнага дырэктара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Здзейснена ў Парыжы гэтага дваццаць трэцяга дня лістапада 1972 года ў двух сапраўдных паасобніках, падпісаных Старшынёй семнаццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі і Генеральным дырэктарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, якія будуць перададзены на захаванне ў архіў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры і завераныя копіі якіх будуць накіраваны да ўсіх дзяржаў, пра якія ішло ў артыкулах 31 і 32, а таксама да Аб'яднаных Нацый.

(пераклад на беларускую мову зроблены Вадзімам Гліннікам і Паўлінай Вішнеўскай)

Падзяліцца