Міжнародная хартыя захавання і рэстаўрацыі помнікаў і мясцінаў "Венецыянская хартыя" (Венецыя, 1964)

Прасякнутыя весткамі з мінулага, гістарычныя помнікі, створаныя пакаленнямі людзей, да сённяшняга дня застаюцца жывымі сведкамі іх старавечных традыцыяў. Людзі ўсё болей і болей усведамляюць адзінства чалавечых вартасцяў і разглядаюць старадаўнія помнікі як агульную спадчыну. Прызнана агульная адказнасць за іх захаванне для будучых пакаленняў. Наш абавязак - перадаць помнікі ў поўным багацці іх аўтэнтычнасці.

Істотна, каб прынцыпы, якімі кіруюцца ў захаванні і рэстаўрацыі старадаўніх помнікаў, былі абумоўлены і зацверджаны на міжнародным грунце з тым, каб кожная краіна адказвала за іх прыкладанне ў межах свае ўласнае культуры і традыцыяў.

Афінская хартыя 1931 года, у якой гэтыя базавыя прынцыпы былі вызначаны ў першы раз, спрыяла станаўленню шырокага міжнароднага руху, які праявіўся ў канкрэтных формах нацыянальных дакументаў, у рабоце ІКОМ i ЮНЕСКА, і ў заснаванні апошняй Міжнароднага даследчага цэнтра захавання і рэстаўрацыі культурнага набытка. Пашыранае ўсведамленне і крытычнае вывучэнне нарадзілі праблемы, якія працягваюць станавіцца ўсё больш складанымі і разнастайнымі. Зараз надыйшоў час перагледзіць хартыю з тым, каб паглыбіць яе за кошт дасканалага вывучэння змешчаных у ёй прынцыпаў і пашырыць яе абсяг ў новым дакуменце.

Адпаведна, ІІ Міжнародны кангрэс архітэктараў і тэхнічных спецыялістаў у гістарычных помніках, які адбываўся ў Венецыі з 25 да 31 травеня 1964 года, ухваліў наступны тэкст:

Азначэнні

Артыкул 1. Панятак гістарычны помнік ахоплівае не толькі асобны архітэктурны твор, але таксама гарадское або сельскае атачэнне, у якім знаходзіцца сведчанне адмысловае цывілізацыі, знамянальнага развіцця або гістарычнае падзеі. Гэта датычыць не толькі вялікіх твораў мастацтва, але таксама больш сціплых твораў мінулага, якія набываюць культурнае значэнне з цягам часу.

Артыкул 2. Захаванне і рэстаўрацыя помнікаў мусяць звяртацца па дапамогу да ўсіх адгалінаванняў навукі і тэхнікі, якія могуць садзейнічаць даследванням і ахове архітэктурнай спадчыны.

Мэта

Артыкул 3. Мэта ў захоўванні і рэстаўраванні помнікаў - захаваць іх не столькі як творы мастацтва, колькі як гістарычнае сведчанне.

Захаванне

Артыкул 4. Для захавання помнікаў важна, каб яны даглядаліся на неспыннай (сталай) аснове.

Артыкул 5. Захаванне помнікаў заўсёды палягчаецца выкарыстаннем іх для якіх-небудзь сацыяльна карысных мэтаў. Таму такое выкарыстанне пажаданае, але пры гэтым не павінна змяняцца планіроўка або аздабленне будынка. Менавіта ў гэтых межах толькі і належыць разглядаць і можна дазваляць тыя перайначанні, што патрэбныя пры змене функцыі.

Артыкул 6. Захаванне помніка прадугледжвае захоўванне сувымернага яму атачэння. Там, дзе традыцыйнае атачэнне існуе, яно павінна захоўвацца. Не павінна дапускацца ніякае новае будаўніцтва, знос або перайначанне, якія змянілі бы суадносіны масы і колера.

Артыкул 7. Помнік не адлучны ад гісторыі, сведкам якой ён з'яўляецца, і ад атачэння, у якім ён размешчаны. Перамяшчэнне ўсяго помніка або яго часткі не можа дапускацца, за выключэннем выпадкаў, дзе гэта апраўдана нацыянальнымі або міжнароднымі інтарэсамі першаступеннай важнасці.

Артыкул 8. Кожны асобны твор скульптуры, жывапісу або аздаблення, які складае неад'емную частку помніка, можа аддзяляцца ад яго толькі тады, калі гэта адзіны сродак забеспячэння яго захавання.

Рэстаўрацыя

Артыкул 9. Працэс рэстаўрацыі - высокаспецыялізаваная аперацыя. Яе мэта - захаваць і раскрыць эстэтычную і гістарычную вартасць помніка, яна грунтуецца на павазе да першапачатковага матэрыялу і аўтэнтычных дакументаў. Рэстаўрацыю неабходна спыніць у той кропцы, дзе пачынаецца здагадка, і, больш таго, у такім выпадку любыя неабходныя дадатковыя работы мусяць адрознівацца ад архітэктурнай кампазіцыі і павінны несці на сабе адбітак сучаснасці. У любым выпадку рэстаўрацыя мусіць папераджацца і суправаджацца археалагічным і гістарычным даследваннем помніка.

Артыкул 10. Там, дзе традыцыйныя тэхнічныя прыёмы аказваюцца недастатковымі, умацаванне помніка можа дасягацца выкарыстаннем усіх сучасных метадаў захавання і будаўніцтва, эфектыўнасць якіх даведзена навуковымі данымі і падцверджана досведам.

Артыкул 11. Паколькі адзінства стылю не з'яўляецца мэтай рэстаўрацыі, наяўныя прыўнясенні ўсіх перыядаў будаўніцтва помніка павінны шанавацца. Калі будынак мае напластаванні розных перыядаў, раскрыццё структуры, якая палягае ў аснове, можа быць апраўдана толькі ў выключных абставінах і тады, калі тое, што выдаляецца, уяўляе малую цікавасць, а выяўлены матэрыял мае вялікую гістарычную, археалагічную або эстэтычную вартасць і стан яго захавання досыць добры для апраўдання такога дзеяння. Ацэнка значнасці такіх элементаў і рашэнне аб тым, што павінна разбурацца, не можа ўскладацца адно на асобу, адказную за работу.

Артыкул 12. Заменнікі адсутных частак павінны гарманічна спалучацца з цэлым, але адначасова яны мусяць адрознівацца ад арыгінала такім чынам, каб рэстаўрацыя не фальсіфікавала мастацкі або гістарычны грунт.

Артыкул 13. Дабудовы нельга дазваляць апроч тых выпадкаў, калі яны не прыніжаюць цікавыя часткі будынка, яго традыцыйнае атачэнне, раўнавагу кампазіцыі і сувязь з наваколлем.

Гістарычныя мясціны

Артыкул 14. Мясціны, у якіх размешчаны помнікі, мусяць быць аб'ектам асаблівага клопату для таго, каб захаваць іх цэласнасць і забяспечыць належным чынам іх расчыстку і паказ. Захаваўчая і рэстаўрацыйная праца, якая праводзіцца ў такіх месцах, павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з прынцыпамі, выкладзенымі ў папярэдніх артыкулах.

Раскопкі

Артыкул 15. Раскопкі належыць выконваць у адпаведнасці з навуковымі стандартамі і прынятымі ЮНЕСКА ў 1956 годзе рэкамендацыямі, якія вызначаюць міжнародныя прынцыпы археалагічных раскопак.

Руіны павінны даглядацца і павінны прымацца меры, неабходныя для сталага захавання і аховы раскапаных архітэктурных дэталяў і аб'ектаў. Больш таго, мусяць выкарыстоўвацца ўсе сродкі, якія садзейнічаюць разуменню помніка і раскрываюць яго не скажаючы яго значэння.

Аднак, усе работы па рэканструкцыі (аднаўленні) руінаваных помнікаў належыць выключыць a priory. Дазваляцца можа толькі анастылёзіс, так бы мовіць, рэ-мантаж існых, але разрозненых частак. Выкарыстаны для іх аб'яднання ў адно цэлае матэрыял заўжды павінен быць узнавальны і яго выкарыстанне павінна быць зменшана да колькасці, неабходнай каб забяспечыць захаванне помніка і аднаўленне яго формы.

Публікацыя

Артыкул 16. Пры ўсіх работах па захаванні, рэстаўрацыі або раскопках павінна заўжды складацца дакладная дакументацыя ў форме аналітычных і крытычных справаздач, ілюстраваных чарцяжамі і фатаграфіямі.

У справаздачы належыць адлюстроўваць кожную стадыю работы па расчыстцы, умацаванні, пераабсталяванні і аб'яднанні ў адно цэлае, таксама як і тэхнічныя і фармальныя дэталі, выяўленыя падчас работы. Гэтыя запісы мусяць змяшчацца ў архівах грамадскіх устаноў і заставацца даступнымі для даследчыкаў. Рэкамендуецца, каб справаздача была апублікавана.

 

(пераклад з англійскай мовы)

Падзяліцца