Аўтар: Шастак Юлія Тадэвушаўна

Палацава-паркавы ансамбль рэзыдэнцыі князёў Радзівілаў у г. Нясвіжы з’яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і паркавага мастацтва ХVI–ХVIII стст. [1, с.373]  Ядро комплекса – мураваны замак – быў закладзены ў 1583 г. і паступова эвалюцыянаваў з магнацкага дома-фартэцыі ў вытанчаны палац з раскошнымі інтэр’ерамі. Сёння залям Нясвіжскага замка вяртаецца іх гістарычны воблік. Шматлікія вопісы, інвентары, натурныя даследванні, фотаздымкі сведчаць пра тое, што ўсе памяшканні замку ў той ці іншай ступені вонкава мяняліся ў розныя часы іх існавання, унутранае аздабленне многіх пакояў да нашых дзён не захавалася. Задача дадзенай працы палягае ў асвятленні працэса рэстаўрацыі тых некалькіх інтэр’ераў перыяду апошняга буйнога аднаўлення, якія маюць найбольшую каштоўнасць з гледзішча захаванасці, дзякуючы чаму ў дачыненні да іх можна казаць  менавіта пра рэстаўрацыйныя мерапрыемствы. Тут патрэбна мець на ўвазе, што ў рускамоўнай літаратуры тэрмін “рэстаўрацыя” мае два сэнса: па-першае як вобласць дзейнасці, скіраваная на узнаўленне або падтрыманне грамадскай каштоўнасці збудаванняў мінуўшчыны, па-другое, як канкрэтныя архітэктурна-будаўнічыя работы, якія аднаўляюць страчаныя элементы помніка. У гэтым другім тлумачэнні, якога найчасцей прытрымліваецца заходнееўрапейская практыка, рэстаўрацыя супрацьпастаўляецца кансервацыі, якая заключаецца ў падтрымліванні захаваных элементаў помніка без узнаўлення страчанага.[2, с.8]

Згодна дзевятаму артыкулу Венецыянскай Хартыі “Рэстаўрацыя павінна з’яўляцца выключнай мерай. Яе мэта – захаваць і раскрыць эстэтычную і гістарычную вартасць помніка, якая грунтуецца на павазе да першапачатковага матэрыялу і  аўтэнтычных дакументаў.” [3] Такім чынам галоўным крытэрам у выбары тэхналогіі і паслядоўнасці правядзення рэстаўрацыйна-аднаўленчых працаў з’яўляюцца нормы заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і патрабаванні метадалогіі правядзення рэстаўрацыі, згодна якім неабходна захоўваць усе аўтэнтычныя элементы помніка, якія засталіся да нашага часу. Любое аднаўленне мусіць выконвацца сродкамі выкарыстання матэрыялаў і тэхналогій работ, ідэнтычных помніку.

Першаснаю задачаю рэстаўрацыі інтэр’ераў Нясвіжскага замку была ідэнтыфікацыя і даціроўка памяшканняў. Яна вырашалася на стадыі комплексных навуковых вышукванняў, пасля прыняцця ў 1997 – 2003 гг. шэрагу пастановаў аб аднаўленні помніка. Абсяг прынятых праектных рашэнняў тычыцца наступных памяшканняў. Гэта Белая бальная заля і Малая сталовая заля Камяніцы, Вялікая камінная заля Паўднёвай галерэі, а таксама парадная лесвіца і княжаскія апартаменты, якія знаходзяцца злева і справа ад Сеняў на другім паверсе  Палаца – галоўнай рэпрэзэнтатыўнай часткі замка – падзеленыя на дзве групы памяшканняў, злучаных паміж сабою папарна анфіладна. Назвы пакояў і будынкаў – структурных элементаў Нясвіжскага замку – прынятыя да ўжывання згодна дадзеным інвентароў [4, 5] і бібліяграфічных крыніцаў [6, с.4 – 9]. Правезены на падставе іканаграфічных і натурных даследванняў аналіз асаблівасцяў аздаблення разглядаемых памяшканняў засведчыў фактычна адначасны перыяд іх стварэння, дзе прысутнасць папярэдніх эпохаў заключалася толькі  ў агульным планіровачным вырашэнні і асобных элементах аздаблення. Такім чынам было высветлена, што апошнія сутнасна каштоўныя змяненні ў рэстаўруемых інтэр’ерах адбыліся пад кіраўніцтвам Марыі Дароты дэ Кастэлян дэ Талейран, жонкі XIV-га нясвіжскага ардыната Антонія Вільгельма Радзівіла, і датуюцца перыядам канца XIX – пачатку XX стст. [6, с.5].

У выніку натурных даследванняў, у прыватнасці зандажоў, была дакладна падцверджаная паслядоўнасць будаўніцтва, знойдзеныя шматлікія пазнейшыя закладкі і перабудовы,  расцесванне і перакладка муроўкі перамычак і адкосаў, якія адбываліся цягам некалькіх стагоддзяў. [6, с.16] Наяўны перад пачаткам аднаўленчых працаў воблік помніку адлюстроўваў вынікі некваліфікаваных рамонтаў і канструктыўных зменаў, функцыянальна абумоўленых патрэбамі размешчанага тут на працягу 65 год лекава-аздараўляльнай установы (санаторыя). Што тычна вонкавых сценаў была выяўленая арыгінальная падвойная схема зладжання перамычак ваконных і дзвярных праёмаў, дзе спалучаюцца паўцыркульная зверху і гарызантальная перамычка непасрэдна над праёмам. Такая сістэма адпавядае тэорыі будаўніцтва эпохі Рэнесанса. У зандажах падлогаў выяўленыя і захаваныя канструкцыі ХVІІІ ст. – бэлькі і лагі. [6, с.17]. Пры вытворчасці рэстаўрацыйна-аднаўленчых працаў у працэсе расчышчэння ад наслаенняў працягваліся фізіка-хімічныя даследванні на прадмет выяўлення жывапісу. Гэты метад меў асабліва істотнае значэнне для Нясвіжскага замку, для якога харэктэрны даволі рэдкі на нашай тэрыторыі прыём ужывання фрэскавых роспісаў для свецкай, несакральнай архітэктуры. Таксама было вырашана для рэстаўрацыі муроўкі ўжываць не цэментную, а выключна вапнава-пясчаную рошчыну – матэрыял, ідэнтычны таму, які выкарыстоўваўся пры будаўніцтве замка. [6, с.47]

Наступнай задачай было прыняцце праектных рашэнняў. Для кансервацыі і рэстаўрацыі захаваных, а таксама для аднаўлення страчаных элементаў інтэр’ераў помніка выкарыстоўваліся наступныя дадзеныя: натурныя даследванні наяўных у Несвіжскім замку аўтэнтычных панэляў сценаў, ляпніны, мастацкага паркета і напольнай шматслойнай керамічай пліткі, манументальнага жывапісу, печаў і камінаў з натуральнага  каменю і рэльефных кафляў; літых і каваных мастацкіх дэкаратыўных вырабаў, разьбы па камені і дрэве, сталярных вырабаў і інш.; рэкамендацыі паводле вынікаў фізіка-хімічных вышукванняў; матэрыялы вывучэння знойдзеных у выніку археалагічных даследванняў у Нясвіжскім замку вырабаў з шкла, метала, керамікі, каменю; архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы ў прыватнасці падрабязныя апісанні памяшканняў замка ў інвентарах XVII–XX стст. з фондаў радзівілаўскіх архіваў у гг. Мінску, Вільнюсе, Варшаве, Кракаве, Коблінцы, Кіеве, Маскве, Санкт-Петербурзе; фотадакументы Несвіжскага замка з фондаў архіваў і бібліятэкаў; аналагі інтэр’ераў маёнткаў Радзівілаў [6, с.9];  гравюры Т.Макоўскага; эсклібрысы з замкавай бібліятэкі ў Нясвіжы і г.д. Для распрацоўкі канчатковага праектнага вырашэння – рабочай дакументацыі – абгрунтаваннем з’явілася стадыя мастацкай канцэпцыі і эскізнага праекта аднаўлення элементаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інтэр’ераў замка. Метадалагічна задача прыняцця прынцыповых архітэктурна-рэстаўрацыйных рашэнняў развязвалася сыходзячы з прынцыпа захавання аутэнтычных элементаў помніка і аднаўленнем стратаў толькі ў той частцы, дзе гэта неабходна для ўзнаўлення цэльнага стылявога вобраза помніка.

Інтэр’еры, якія падлягалі рэстаўрацыі і музеефікацыі, [6, с.47] амаль цалкам захавалі першасны выгляд тэктонікі пабудовы пластычнай выразнасці сценаў, столяў і ў меншай ступені падлогаў. Па стылявым рашэнні яны з’яўляліся даволі тыповымі для свайго часу і мелі прыблізна аднолькавую добрую ступень захаванасці. Што тычна аўтэнтычных элементаў сітуацыя выглядала наступным чынам: сцены аформленыя драўлянымі панэлямі, на карнізах і плафоне столяў – гіпсавая ляпніна, на падлогах месцамі прысутнічаў мастацкі шчытавы паркет, у памяшканнях засталіся кафляныя печы, каменныя і цагляныя каміны. Скабяныя вырабы: ручкі, петлі, шпінгалеты, завёрткі і г.д., а таксама металічныя дзверцы печаў – захаваліся ў даволі вялікім аб’еме (мал.1). Асвятляльныя прыборы – жырандолі і бра – былі страчаныя на 100 % па ўсім замку і вырабляліся нанова паводле апісанняў, фотаздымкаў і арыгіналаў, якія на сёнешні дзень знаходзяцца за межамі Беларусі. [6, с.52] Гэтая мера была палічаная неабходнаю па эстэтычных прычынах дапаўнення архітэктурнай кампазіцыі і стылявога адзінства. Пры аднаўленні былі выкарыстаныя адпаведныя матэрыялы: бронза, латунь, крышталь, пацінаванне і пакрыццё гальванічным золатам.

Драўляныя панэлі, якімі часткова абшытыя сцены пакояў, былі дэмантаваныя, перапраўленыя ў вытворчыя рэстаўрацыйныя майстэрні і прайшлі працэдуру расчысткі ад некалькіх слаёў позніх пафарбовак, апрацоўкі ўмацавальнымі і засцерагальнымі рэчывамі і, што тычна панэляў для Белай бальнай залі і княжаскіх апартаментаў, атрымалі фінішнае пакрыццё ў колеры, [7] абраныя на падставе натурных даследванняў і рэкамендацый фізіка-хімічнай лабараторыі.  Пасля сканчэння падрыхтоўкі муроў драўляныя панэлі былі зманціраваныя на свае ранейшыя месцы. Выбар тканінаў для аздаблення верхняй часткі сценаў быў абумоўлены найперш знойдзенымі рэшкамі аўтэнтычнага тэктылю, фотадакументамі, і вывучэннем адпаведных узораў тэхналагічных і мастацкіх якасцяў тканінаў, характарных для эпохі. Такім чынам перавагу атрымалі палотна з натуральнымі шаўковымі і баваўнянымі ніцямі з жакардавым і габеленавым перапляценнем. [6, с.52] Перад зацягваннем сценаў тэкстыль  быў дадаткова апрацаваны бясколернымі хімічнымі рэчывамі, каб атрымаць патрабуемую ў музейных памяшканнях трэцюю ступень вогнестойкасці.

З пералічанага вышэй шэрагу памяшканняў асобна вылучаецца Вялікая камінная заля Паўднёвай галерэі, неарэнесансны стыль якой наўпростую звязаны з ідэяю фамільнага гонару старажытнага арыстакратычнага роду Радзівілаў, гістарычнай пераемнасці еўрапейскага  мастацкіх і духоўных традыцый, носьбітамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі сям’і. Аздабленне пакою не мае простых аналогій на тэрыторыі сучаснай Беларусі і з’яўляецца унікальным прыкладам замовы інтэр’ернага дэкора ў італьянскіх выканаўцаў, пра што сведчаць аўтарскія клеймы на тыльным баку інкрустацыйных драўляных панэляў. Столя ў залі была зробленая адпаведна агульнаму стылю з таніраваных драўляных бэлек. Астатнія разгледжаныя інтэр’еры былі  выкананыя ў строгім класіцыстычным стылі. Асаблівай вытанчанасцю і раскошай вылучаецца Белая бальная заля. Істотнай рысай яе дэкору з’яўляецца штучны мармур паверхняў калонаў і прасценкаў з нішамі, які прайшоў складаны працэс кансервацыі і аднаўлення страчаных плошчаў. У адпаведнасці з дзевятым артыкулам Венецыянскай Хартыі сучасныя дадаткі адрозніваюцца ад аўтэнтычнага мармуру больш светлай колеравай гамай.

Гіпсавы дэкор столяў: ляпныя карнізы, разеткі, картушы – прайшоў кансервацыю – расчыстку і ўмацаванне – і фрагментарную рэстаўрацыю. Плямы, якія ўзніклі з-за ўздзеяння вільгаці, былі ліквідаваныя, часткова ляпны дэкор атрымаў аднаўленне колеравага вырашэння. Такім жа чынам было адрэстаўраванае  гіпсавае аздабленне антаблемента Белай бальнай залі (мал.2) і дэсюдэпортаў.

Пакрыццё падлогаў, якое нажаль было страчанае падчас эксплуатацыі замка санаторыем, аднаўлялася паводле захаваных фрагментаў. [6, с.49] Ва ўсіх залях гэта шчытавы мастацкі паркет індывідуальнага выканання, які быў пакладзены ў адпаведнасці знойдзенай канструкцыі па драўляных лагах. Найбольшая паверхня аўтэнтычнага паркета прадстаўленая ў другім пакоі апартаментаў  княгіні (мал.3).

Сталярныя вырабы дзвярных і ваконных праёмаў дакладна скапіяваныя з формаў і канструкцый захаваных у замку ўзораў, якія засталіся з канца XIX ст. Тым самым ўсталявалася адпаведнасць асноўнага стылявога накірунку памяшканняў з дзвярыма, ваконнай сталяркай, фрамугамі. Былі цалкам паўтораныя метрычныя параметры, малюнак і профілі ўсіх драўляных элементаў. Напрыклад, вокны двухстворкавыя, вышынёю каля 250 см., выкананыя з драўніны дуба, маюць дробнае 28-шкельнае чляненне, ў сярэднім у Палацы 24 на 30 см., шырыня ваконнага пераплёту вагаецца да 40 см., абвязкі – ад 50 да 80 см. [7] Для габарытаў кожнага канкрэтнага праёма быў выкананы індывідуальны сталярны выраб з пратаніраванай  драўніны дуба або, радзей, яліны. Скабяныя прадметы – петлі, кручкі, завесы, шпінгалеты, замкі, закруткі – часткова ўжытыя аўтэнтычныя, латунныя, якія вярнуліся ў замак пасля дэмантажа і рэстаўрацыі. Астатнія з’яўляюцца іх паўтарэннем. [6, с.50]

Перспектыўны жывапіс на сценах параднай лесвіцы Палаца быў умацаваны і расчышчаны. Мастакі-рэстаўратары аднавілі страчаныя фрагменты і адрэтушавалі драпіны і обсыпы, пазбягаючы паўсюднага ўмяшальніцтва ў захаваныя кавалкі роспісу.  [6, с.51]

Выконваемая помнікам роля рэпрэзэнтавання унікальнай архітэктурнай спадчыны залежыць не толькі ад марфалагічных рысаў, але і ад функцыянальнага прызначэння. З гэтай прычыны адначасна з правядзеннем рэстаўрацыі інтэр’ераў замку праводзіцца распрацоўка і ўвасабленне на практыцы канцэпцыі прыстасавання-музеефікацыі Нясвіжскага замку, востраю праблемаю якой з’яўляецца насычэнне яго аўтэнтычнымі экспанатамі. Варта заўважыць, што ўсе адзначаныя ў працы інтэр’еры аб’яднаныя агульным перыядам стварэння дэкора і пасля рэстаўрацыі лагічна існуюць як адзіная сістэма, ў сілу добрай захаванасці прызначаная выконваць музейна-выставачную функцыю экспанавання гісторыі жыцця і побыту магнацкага роду Радзівілаў.

Ілюстратыўны матэрыял.

Мал.1  Аўтэнтычны замок на дзвярах пакоя княгіні пасля рэстаўрацыі.

Аўтэнтычны замок

Мал.2  Белая бальная заля. Фінальная стадыя аднаўлення,

Мал.3  Спалучэнне старога і новага паркетнага пакрыцця.

Падлога

Спіс выкарыстанай літаратуры.

  1. Ткачоў  М.А., Якімовіч Ю.А., Анціпаў В.Р. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс//Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. ― Мінск. “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1993. —  С.373 — 375.
  2. Бехнам П. Принципы реставрации декора интерьеров, памятников архитектуры Москвы XVIII  — нач. XX веков: Автореф. дис. … канд. архитектуры: 18.00.01/ МАРХИ — Москва, 2004.— 121 с.
  3. Международная хартия по консервации и реставрации монументов и достопримечательных мест. — Венеция, 1964. — Статья 9.
  4. НИАБ, ф. 694, оп.1 — 2.
  5. Warszawa, AGAD, AR, dz. XXV, № 2695/1.
  6. Дворцово-парковый ансамбль XVI — XVIII вв. в г. Несвиже. Вторая очередь пускового комплекса. Дворец. Архитектурный проект реставрации. Общая пояснительная записка. Объект 141/03-08/Унитарное предприятие «Проектреставрация»  — Минск, 2006 г. — 74 с.
  7. Дворцово-парковый ансамбль XVI — XVIII вв. в г. Несвиже. Строительный проект реставрации. Объект 141/03-08. Объект 141/03-05. Объект 141/03-04. /Унитарное предприятие «Проектреставрация» —  Минск.
Падзяліцца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *