Прапануем вашай ўвазе класічны артыкул аўстрыйскага мастацтвазнаўцы Алойса Рыгля, апублікаваны ў 1903 г., які стаў важнай прыступкай у фармаванні еўрапейскага разумення спадчыны мінулага і яго аховы.

Сучасны культ помнікаў: Яго сутнасць і развіццё

АЛОІС РЫГЛЬ

1. Каштоўнасці помнікаў і іх гістарычнае развіццё

Пад помнікам у самым старым і першапачатковым сэнсе разумеюць твор чалавека, узведзены з пэўнай мэтай, каб захаваць асобныя чалавечыя ўчынкі і лёсы (ці іх спалучэнні) сучаснымі і жывымі ў свядомасці наступных пакаленняў. Гэта можа быць як мастацкі так і пісьмовы помнік, у залежнасці ад таго, даносіць ён ўвекавечваемую падзею да ведама гледача выразнымі сродкамі выяўленчага мастацтва ці пры дапамозе надпісу; часцей за ўсё абодва варыянты ў роўнай ступені спалучаюцца. Узвядзенне і догляд за такімі “наўмыснымі” помнікамі, якія можна прасачыць да найранейшых задакументаваных перыядаў чалавечай культуры, не спыніліся і сёння. Але калі мы гаворым пра сучасныя культ і ахову помнікаў, мы амаль не думаем пра гэтыя “наўмысныя” помнікі, а маем на ўвазе “помнікі мастацтва і гісторыі”, як яны дагэтуль афіцыйна называлася прынамсі ў Аўстрыі. Гэтае найменне, якое паводле поглядаў XVI-XIX стст лічылася справядлівым, сёння магло б прывесці да непаразумення, калі браць пад увагу разуменне сутнасці мастацкай каштоўнасці, увайшоўшае ва ўжытак у найноўшы час. Таму мы ў першую чаргу павінны высветліць, што дагэтуль разумелася пад “помнікамі мастацтва і гісторыі”.

Паводле агульна прынятага азначэння твор мастацтва – гэта любы адчувальны і бачны ці чутны твор чалавека, які выяўляе мастацкую каштоўнасць, помнік гісторыі – такі самы твор, які мае гістарычную каштоўнасць. Мы можам адразу выключыць з разгляду музычнае мастацтва, паколькі яно, калі нас тут увогуле цікавіць, проста адносіцца да пісьмовых помнікаў. Датычна адчувальных і бачных твораў выяўленчага мастацтва (у найбольш шырокім сэнсе, г.з. ахопліваючы ўсе творы чалавека) узнікае пытанне: што такое мастацкая і што такое гістарычная каштоўнасць?

Паняцце гістарычнай каштоўнасці відавочна больш абшырнае, таму мусіць быць разгледжанае ў першую чаргу. Гістарычным мы называем усё, што калісьці было і чаго цяпер няма. У адпаведнасці з сучаснымі поглядамі мы звязваем з гэтым больш шырокае ўяўленне: усё, што калісьці існавала, не можа быць паўторана і ўсё, што калісьці існавала, з’яўляецца незамянімым і неад’емным звяном ланцужка развіцця. Ці іншымі словамі: ўсё наступнае абумоўленае папярэднім і калі б яму не папярэднічала ранейшае звяно, магло б скласціся не такім чынам, як яно насамрэч адбылося. Сутнасцю кожнай сучаснай гістарычнай канцэпцыі з’яўляецца ідэя развіцця. Паводле сучасных паняццяў, кожная без выключэння чалавечая дзейнасць і кожны чалавечы лёс, пра якія да нас дайшлі сведчанні ці звесткі, можа прэтэндаваць на званне гістарычнай каштоўнасці: любая гістарычная падзея лічыцца ў прынцыпе незаменнай. Але паколькі было б немагчыма ўлічыць безліч падзеяў, пра якія захаваліся непасрэдныя ці ўскосныя сведчанні, і іх колькасць з кожным імгненнем бясконца памнажаецца, дагэтуль мы вымушана абмяжоўваліся тым, што надавалі ўвагу пераважна тым сведчанням, якія адлюстроўваюць асабліва істотныя этапы развіцця пэўнай галіны чалавечай дзейнасці. Сведчаннем можа быць пісьмовы помнік, чытанне якога выклікае наяўныя ў нашай свядомасці уяўленні, ці помнік мастацтва, змест якога ўспрымаецца непасрэдна пачуццямі. Таму важна зразумець, што кожны без выключэння помнік мастацтва з’яўляецца адначасова помнікам гісторыі, паколькі ўяўляе сабой пэўную ступень развіцця выяўленчага мастацтва і якому па сутнасці нельга знайсці абсалютна раўназначнай замены. І наадварот, таксама кожны помнік гісторыі з’яўляецца помнікам мастацтва, паколькі нават такі другасны пісьмовы помнік як парваная паперчына з кароткай нязначнай нататкай акрамя гістарычнай каштоўнасці для развіцця вытворчасці паперы, пісьма, пісьмовых прыладаў і г. д. мае цэлы шэраг мастацкіх элементаў: знешні выгляд цыдулкі, форма літар і спосаб іх спалучэння. Канешне, гэтыя элементы настолькі нязначныя, што ў тысячы выпадкаў мы не звернем на іх увагі, паколькі маем дастаткова іншых помнікаў, якія прадастаўляюць нам прыблізна тое самае больш разнастайным і падрабязным чынам. Але калі б згаданая паперка была адзіным захаваўшымся сведчаннем пра мастацкую творчасць свайго часу, нягледзячы на яе ўбоства мы б разглядалі яе як цалкам незаменны помнік мастацтва. Але мастацтва, якое мы тут сустракаем, цікавіць нас чыста з гістарычнага пункту гледжання: помнік з’яўляецца для нас неад’емным звяном ланцужка развіцця гісторыі мастацтва. “Помнік мастацтва” з’яўляецца ў гэтым сэнсе ўласна “мастацка-гістарычным помнікам”, яго каштоўнасць з гэтага пункту гледжання не “мастацкая”, а “гістарычная”. Адсюль вынікае, што падзяленне помнікаў на “мастацкія” і “гістарычныя” некарэктнае, бо першыя ўключаюцца ў апошнія і ў іх узнікаюць.

Дык няўжо ў помніках мастацтва мы цэнім толькі гістарычную каштоўнасць? Калі б гэта было так, то ўсе мастацкія творы ранейшых часоў ці нават усе мастацкія перыяды павінны былі б мець у нашых вачах аднолькавую каштоўнасць і адносна адрознівацца толькі рэдкасцю ці большым узростам. У рэчаіснасці мы часам цэнім пазнейшыя творы больш за папярэднія, напрыклад, твор Ціепала XVIII ст. больш за маньерыстаў XVI ст. Таму акрамя гістарычнага ў старым мастацкім творы нас мусяць цікавіць і спецыфічна мастацкія ўласцівасці, г.з. канцэпцыя, форма і фарбы. Відавочна, што акрамя мастацка-гістарычнай каштоўнасці, якую для нас уяўляюць усе без выключэння старыя творы мастацтва (помнікі), існуе таксама чыстая мастацкая каштоўнасць, якая застаецца незалежнай ад становішча твора мастацтва ў ланцужку гістарычнага развіцця. Але ці з’яўляецца гэтая мастацкая каштоўнасць такой жа аб’ектыўна наяўнай у мінулым, як гістарычная, каб складаць істотную і незалежную ад гістарычнай частку паняцця помніка? – ці яна суб’ектыўная, вынайдзеная сучасным назіральнікам, утвораная паводле ягонага жадання і паводле яго ж змененая, у выпадку чаго яна не мела б месца ў паняцці помніка як твора з мемарыяльнай каштоўнасцю?

Адпаведна, у залежнасці ад таго, якой канцэпцыі прытрымліваюцца, азначэнне тэрміна “мастацкая каштоўнасць” мусіць гучаць па-рознаму. Паводле даўнейшага меркавання твор мастацтва мае мастацкую каштоўнасць у той ступені, наколькі ён адпавядае патрабаванням мяркуемай аб’ектыўнай, дагэтуль ніколі ідэальна не сфармуляванай эстэтыкі. Паводле новага мастацкая каштоўнасць помніка сувымяраецца з тым, наколькі ён адпавядае патрабаванням сучаснай мастацкай волі, якія яшчэ менш выразана сфармуляваныя і ў прынцыпе ніколі не будуць, паколькі яны няспынна змяняюцца ад суб’екта да суб’екта і ад моманта да моманта.

Высвятленне гэтай розніцы ў разуменні сутнасці мастацкай каштоўнасці з’яўляецца асноўнай перадумовай для нашай задачы, паколькі яно істотна ўплывае на прынцыповы накірунак усёй аховы помнікаў. Калі не існуе вечнай мастацкай каштоўнасці, а толькі адносная сучасная, дык мастацкая каштоўнасць помніка з’яўляецца ўжо не мемарыяльнай каштоўнасцю, а сучаснай. Ахова помнікаў мусіць з ёй лічыцца, паколькі яна як у пэўнай ступені практычная сучасная каштоўнасць патрабуе неадкладнага ўлічвання разам з гістарычна-мемарыяльнай каштоўнасцю мінулага помніка. Але трэба яе адрозніваць ад тэрміна ”помнік”. Калі прытрымлівацца канцэпцыі сутнасці твора мастацтва, якой яна сфармавалася ў нядаўнім мінулым у выніку ўсёй неабдымнай мастацтвазнаўчай даследчыцкай дзейнасці ХІХ ст., то надалей можна будзе казаць не пра “помнікі мастацтва і гісторыі”, а толькі пра “помнікі гісторыі”. Мы будзем у далейшым выкарыстоўваць слова выключна ў гэтым значэнні.

Гістарычныя помнікі з’яўляюцца ў супрацьлегласць “наўмысным” ”ненаўмыснымі”; але адпачатку зразумела, што ўсе наўмысныя помнікі могуць быць адначасова ненаўмыснымі і ўяўляюць сабой толькі маленькую частку ненаўмысных. Паколькі колішнія стваральнікі твораў, што сёння з’яўляюцца для нас гістарычнымі помнікамі, пераважна хацелі задаволіць патрэбы свае, сваіх сучаснікаў, у лепшым выпадку іх бліжэйшых нашчадкаў, і як правіла зусім не думалі пра тое, каб пакінуць наступным пакаленням у пазнейшых стагоддзях сведчанні свайго жыцця і творчасці, то азначэнне “помнікі”, якое мы нягледзячы на гэта намагаемся надаць гэтым творам, можа разумецца не ў аб’ектыўным, а толькі ў суб’ектыўным сэнсе: сэнс і значэнне помнікаў не з’яўляюцца першапачаткова вызначанымі, а мы самі як сучасныя суб’екты надаем іх. У абодвух выпадках – з “наўмыснымі” і ”ненаўмыснымі” помнікамі – размова ідзе пра мемарыяльную каштоўнасць, таму і там і там мы кажам пра “помнікі”, у абодвух выпадках нас цікавіць сам твор ў сваім першапачатковым нескажоным абліччы, у якім ён выйшаў з рук свайго стваральніка, у якім мы імкнемся яго аднавіць у думках, ў словах ці ў выяве. Але ў першым выпадку мемарыяльная каштоўнасць абумоўленая іншымі (колішнімі стваральнікамі), а ў апошнім вызначаецца намі самімі.

2. Адносіны паміж мемарыяльнай каштоўнасцю і культам помнікаў

Пры разглядзе мемарыяльнай каштоўнасці трэба, канешне, зыходзіць з каштоўнасці старажытнасці, не толькі таму што яна найбольш сучасная і скіраваная ў будучыню, а ўласна таму што яе выяўляе адносная большасць помнікаў.

а. Каштоўнасць старажытнасці

Каштоўнасць старажытнасці помніка выяўляецца з першага погляду па ягоным несучаным выглядзе. Але гэты несучасны выгляд базуецца не толькі на несучасным стылі, паколькі яго можна імітаваць і яго сапраўднае прызнанне і ацэнка даступныя адносна вузкаму колу спецыялістаў-мастацтвазнаўцаў, а задачай каштоўнасці старажытнасці з’яўляецца ўздзеянне на масы. Супрацьпастаўленне сучаснасці, на якім трымаецца каштоўнасць старажытнасці, выяўляецца нашмат болей праз недасканаласць, незавершанасць, тэндэнцыі да знікнення формы і колеру, што кардынальна супрацьпастаўляецца ўласцівасцям сучаснага, г. з. новазбудаванага твору.

Заснаваны на каштоўнасці старажытнасці асноўны эстэтычны закон нашага часу фармулюецца наступным чынам: ад чалавека мы патрабуем стварэння завершаных твораў як сімвалаў неабходных і заканамерных з’яваў, ад прыроды – разбурэння завершанага як сімвала таксама важнага і заканамернага мінулага. На новым творы чалавека нам гэтаксама замінаюць праявы разбурэння (заўчаснага знікнення), як на старым – праявы сучаснасці (кідкія рэстаўрацыі). Гэта найбольш чысты заканамерны колазварот прыроднага з’яўлення і знікнення, нескажонае ўспрыняцце якога цешыць сучаснага чалавека на пачатку ХХ ст. Кожны твор чалавека разглядаецца тут як натуральны арганізм, у чыё развіццё ніхто не можа ўмешвацца; арганізм мусіць зжыць сябе, і чалавек можа самае большае яго абараніць ад заўчаснай смерці. Такім чынам, сучасны чалавек бачыць ў помніку кавалак уласнага жыцця, і любое ўмяшанне ў яго ўспрымае таксама варожа, як і ўмяшанне ў свой уласны арганізм. Уладаранню прыроды, таксама яго знішчальнаму і разбуральнаму боку, які разглядаецца як пастаяннае абнаўленне жыцця, здаецца, адведзена такое самае права, як і ствараючаму чалавеку1. Пры гэтым наўмыснае парушэнне яе закона, умяшальніцтва сучаснасці ў мінулае і наадварот, стрымліванне дзейнасці прыроды чалавекам, якое здаецца нам амаль злачынным святатацтвам, і заўчаснае разбурэнне чалавечай творчасці сіламі прыроды мусяць катэгарычна пазбягацца. Калі з пункту гледжання каштоўнасці старажытнасці эстэтычнае ўздзеянне помніка базуецца на прыкметах разбурэння, знішчэння скончанага твору чалавека праз механічныя і хімічныя сілы прыроды, то атрымліваецца, што культ каштоўнасці старажытнасці не толькі не зацікаўлены ў захаванні помніка ў нязменным стане, гэта нават супярэчыць яго інтарэсам. Паколькі разбурэнне з’яўляецца пастаянным і няспынным, закон колазварота, ва ўспрыняцці якога, здаецца, уласна і заключаецца эстэтычнае задавальненне сучаснага гледача старымі помнікамі, патрабуе не непарушнасці захавання, а няспыннага руху да зменаў. Помнік не павінен пазбягаць разбуральнага ўздзеяння сіл прыроды – нават калі гэта і ў чалавечых магчымасцях, – калі яно адбываецца ў спакойным заканамерным пастаянстве, а не ў раптоўным разбурэнні. З пункту гледжання каштоўнасці старажытнасці трэба пазбягаць адзінага: наўмыснага ўмяшальніцтва чалавека ў існуючы стан помніка; ён не можа цярпець ні дададкаў, ні памяншэння, ні дапаўнення разбуранага з цягам часу сіламі прыроды, ні разбурэння такім жа чынам з’явіўшагася на помніку і скажаючага ягоную першапачатковую форму. Чыстае вызваленае ўражанне натуральнага заканамернага разбурэння не мусіць псавацца ўмяшальніцтвам наўмысна нададзенай сучаснасці. Культ каштоўнасці старажытнасці не толькі разглядае кожнае гвалтоўнае разбурэнне помніка чалавекам як злачыннае ўмяшальніцтва ў разбуральнае ўздзеянне прыроды, праз што ён, з аднаго боку, дзейнічае ў інтарэсах захавання помніка; ён лічыць у прынцыпе любую кансервацыйную дзейнасць, любую рэстаўрацыю неабрунтаваным ўмяшальніцтвам ва ўладаранне законаў прыроды, праз што працуе супраць захавання помніка. Пры гэтым нельга сумнявацца, што неперашкоджанае ўздзеянне сіл прыроды ў выніку прывядзе да канчатковага разбурэння помніка. Праўда, руіны робяцца тым больш маляўнічымі, чым больш частак ад іх адвалілася: іх каштоўнасць старажытнасці з прагрэсуючым разбурэннем будзе ўсё менш абшырнай, г.з. выкліканай меншай колькасцю частак, але ўсё больш інтэнсіўнай, г.з. часткі, якія засталіся, мацней уздзейнічаюць на гледача. Гэты працэс мае сваю мяжу; калі экстэнсіўнасць уздзеяння ўрэшце страчаная, не застаецца ніякай асновы для інтэнсіўнага ўздзеяння. Простай бясформеннай кучы камянёў ужо недастаткова, каб захаваць каштоўнасць старажытнасці. Акрамя гэтага мусіць як мінімум застацца выразны след ад першапачатковай формы, ад былога твора чалавека, ад колішняй рэчаіснасці, а куча камянёў уяўляе сабой толькі мертвы бясформенны аскепак прасторы без слядоў жывога існавання.

Каштоўнасць старажытнасці, як ужо казалася вышэй, мае толькі адну перавагу перад астатнімі ідэальнымі каштоўнасцямі: яна намагаецца звяртацца да кожнага, быць сапраўднай для ўсіх без выключэння. Яна сцвярджае сябе вышэй не толькі за канфесійныя адрозненні, але таксама і за адрозненні паміж адукаванымі і неадукаванымі, разумеючымі і не разумеючымі мастацтва. Насамрэч крытэры, па якіх пазнаюць каштоўнасць старажытнасці, як правіла, настолькі простыя, што могуць быць ацэненыя нават тымі людзьмі, чый розум цалкам засяроджаны пастаянным клопатам пра фізічнае здароўе і вытворчасць матэрыяльных выгод. Адрозніць новую званніцу ад старой зможа нават самы абмежваны селянін. Гэта перавага каштоўнасці старажытнасці выразна супярэчыць гістарычнай каштоўнасці, якая грунтуецца на навуковай глебе і таму можа быць зразуметая толькі апасродкавана праз інтэлектуальную рэфлексію, у той час як каштоўнасць старажытнасці адкрываецца непасрэдна на аснове самага павярхоўнага пачуццёвага (аптычнага) успрыняцця і таму ўздзейнічае непасрэдна на пачуцці. Аднак калісьці каштоўнасць старажытнасці мела такія ж навуковыя карані, як і гістарычная; але каштоўнасць старажытнасці хоча таксама з’яўляцца для ўсіх канчатковым дасягненнем навукі, зрабіць карысным для пачуццяў тое, што прыдумаў розум…

б. Гістарычная каштоўнасць

Гістарычная каштоўнасць помніка заставаная на тым, што дэманструе нам пэўную вызначаную, і ў той жа час індывідуальную ступень развіцця розных галін творчасці чалавецтва. З гэтага пункту гледжання ў помніку нас цікавяць не сляды разбуральнага ўздзеяння прыроды, якое праявілася за прайшоўшы з яго стварэння час, а яго колішняе існаванне як твора чалавека. Гістарычная каштоўнасць тым большая, чым у меншай ступені зменены першапачатковы завершаны стан помніка, якім ён быў на момант яго стварэння. Скажэнні і частковыя разбурэнні з’яўляюцца для гістарычнай каштоўнасці парушаючым непажаданым дадаткам. Гэта ў той жа ступені датычыцца і мастацка-гістарычных і ўсіх культурна-гістарычных і, канешне ж, усіх летапісных каштоўнасцяў. Гісторык можа толькі шкадаваць аб тым, што, напрыклад, Парфенон дайшоў да нас толькі як руіны, разглядаючы помнік ці як пэўную ступень развіцця грэчаскага храмавага будаўніцтва ці тэхнікі муляроў ці мастацкіх уяўленняў і пакланення багам і г .д. Задача гісторыка ў тым, каб усімі магчымымі сродкамі запоўніць прагалы, якія ўтварыліся з цягам часу ў першапачатковым творы пад уздзеяннем сіл прыроды. Прыкметы разбурэння, якія з’яўляюцца галоўнымі для каштоўнасці старажытнасці, з пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці мусяць пазбягацца ўсімі сродкамі. Толькі гэта мусіць адбывацца не на самім помніку, а на копіі ці толькі ў думках ці на словах. Гістарычная каштоўнасць у асноўным разглядае арыгінальны помнік як недатыкальны, але зусім з іншай прычыны, чым каштоўнасць старажытнасці. Пры разглядзе гістарычнай каштоўнасці справа не ў тым, каб закансерваваць сляды ўзросту і змены, справакаваныя ўздзеяннем прыроды, якія праявілася за прайшоўшы з яго стварэння час, якія ёй прынамсі абыякавыя, калі нават не нязручныя. Нашмат больш важным з’яўляецца захаванне максімальна аутэнтычнага сведчання для наступнай дзейнасці па дапаўненні і мастацка-гістарычнага даследвання. З пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці ўсім чалавечым разлікам і дапаўненням уласцівае суб’ектыўнае памылковасць; таму сведчанне мусіць застацца некранутым як адзіны цвёрда наяўны аб’ект, каб кантраляваць і па магчымасці замяняць на лепшыя і больш абгрунтаваныя нашы пазнейшыя спробы дапаўнення. Такая канцэпцыя са сваёй прынцыповай адрознасцю ад канцэпцыі каштоўнасці старажытнасці вельмі істотная, калі ўздымаецца пытанне мэтанакіраванага абыходжання з помнікам у адпаведнасці з патрабаваннямі гістарычнай каштоўнасці. Папярэднія разбурэнні сіламі прыроды з’яўляюцца незваротнымі і з пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці не мусяць ліквідавацца; але далейшыя разбурэнні ў будучыні пачынаючы з сённешняга дня, як іх каштоўнасць старажытнасці не толькі дапускае, але сцвярджае, з пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці не проста з’яўляюцца бессэнсоўнымі, а іх трэба катэгарычна пазбягаць, паколькі любое далейшае разбурэнне ўскладняе навуковае дапаўненне да першапачатковага стану твору чалавека. Культ гістарычнай каштоўнасці мусіць імкнуцца да магчымага захавання помніка ў дайшоўшым да нашых дзён стане і вымушана прыводзіць да патрабавання, каб чалавек умяшаўся ў ход натуральнага развіцця і спыніў нармальны ход разбурэння сіламі прыроды, наколькі гэта ўвогуле ў чалавечых магчымасцях. Такім чынам мы бачым, што інтарэсы каштоўнасці старажытнасці і гістарычнай каштоўнасці, хаця і тая і іншая з’яўляюцца мемарыяльнымі каштоўнасцямі, супярэчаць адны адным у вырашальным пытанні аховы помнікаў.

Нават самыя радыкальныя прыхільнікі каштоўнасці старажытнасці, якія сёння пераважна адносяцца да адукаванага класу, вымушаныя прызнаць, што задавальненне, якое яны атрымліваюць ад сузірання помніка, паходзіць не толькі з каштоўнасці старажытнасці, але па большай частцы таксама і з прыналежнасці помніка да існуючага ў іх свядомасці стылю, да антычнасці, готыкі і г.д. Такім чынам гістарычныя веды робяцца для іх яшчэ і эстэтычнай крыніцай у дадатак да адчування каштоўнасці старажытнасці. Гэта задавальненне канешне ж не непасрэднае (г.з. мастацкае), а з’яўляецца вынікам навуковай рэфлексіі, паколькі яно патрабуе мастацтвазнаўчых ведаў. Неабвяржымым з’яўляецца тое, што ў нашай ацэнцы каштоўнасці старажытнасці мы яшчэ не настолькі незалежныя ад гістарычных папярэднікаў, каб магчы цалкам абыйсціся без адпаведных ведаў г.з. інтарэсаў гістарычнай каштоўнасці. І калі сёння ад людзей з вышэйшай адукацыяй звярнуцца да сярэднеадукаваных, якія складаюць значную частку ўвогуле зацікаўленых у ідэальных мастацкіх каштоўнасцях людзей, як правіла сустрэнеш агульны падзел помнікаў на сярэдневечныя (у нас у Цэнтральнай Еўропе антычныя творы адносна рэдкія, каб агульна прымаць і расцэньваць іх як асобны клас), Новага часу (Рэнесанс і Барока) і сучасныя. Такі падзел прадстаўляе вельмі грубую арыентацыю ў гісторыі мастацтва і зноў даказвае, што мы можам адасобіць каштоўнасць старажытнасці ад гістарычнай каштоўнасці не настолькі дакладна, наколькі гэта з’яўляецца мэтай наватараў сучаснага развіцця. Гэта праявілася ў такіх, напрыклад, з’явах, што мы лічым зруінаваны стан больш падыходзячым для сярэднявечнага замку і адпавядаючым жаданаму намі настрою, чым для барочнага палацу, які здаецца нам відавочна занадта новым для такога стану. Мы сцвярджаем такім чынам пэўныя адносіны паміж станам разбурэння, які выяўляе помнік, і яго ўзростам, што мае на ўвазе пэўную ступень ведання асноўных гістарычных перыядаў, г.з. пэўны аб’ём мастацтвазнаўчых ведаў.

З усяго гэтага вынікае прынамсі тое, што мемарыяльная каштоўнасць, якая сёння стварае адну з культурных сіл, ў сваім абсалютным разуменні як каштоўнасці старажытнасці не дайшла да той ступені, каб мы маглі амаль цалкам абыходзіцца без яе гістарычнага варыянту…

Такім чынам, сёння мы маем усе падставы, каб задаволіць патрэбы гістарычнага даследвання, г.з. па магчымасці задаволіць патрэбу ў гістарычнай каштоўнасці і там, дзе яна сутыкаецца з патрэбамі каштоўнасці старажытнасці, абыходзіцца з ёй не проста як з quantité négligeable2. Таму што інакш узнікне небяспека пашкодзіць вышэйшым інтарэсам, якім павіннае служыць захаванне каштоўнасці старажытнасці…

Але нярэдка бываюць выпадкі, калі каштоўнасць старажытнасці павінная нават патрабаваць ёй жа самой катэгарычна абвяргаемага ўмяшальніцтва чалавека ў жыццё помніка. Гэта адбываецца, калі помніку пагражае заўчаснае разбурэнне сіламі прыроды, надзвычай хуткае знішчэнне яго арганізму. Калі, напрыклад, заўважаюць, што з нядаўняга часу кожны дождж змывае частку дагэтуль добра захаванай фрэскі на знешняй сцяне царквы, так што фрэска пагражае знікнуць на нашых вачах, сёння нават прыхільнікі каштоўнасці старажытнасці не стануць супраціўляцца ўзвядзенню над фрэскай ахоўнага даху, калі нават гэта і бясспрэчна з’яўляецца стрымліваючым умяшальніцтвам сучаснага чалавека ў самастойны ход сілаў прыроды… Ва ўзгаданым спачатку выпадку (неабходнасць ахоўнага даху над фрэскай) мы бачым, што нават каштоўнасць старажытнасці выступае за захаванне помніка пры дапамозе ўмяшальніцтва чалавека, што ў адрозненне ад каштоўнасці старажытнасці больш уласцівае для гістарычнай каштоўнасці зыходзячы з непазбежнай неабходнасці абароны першапачатковага стану. Таму што асцярожнае ўмяшальніцтва чалавека здаецца культу каштоўнасці старажытнасці меншым злом, чым жорсткае прыроды. Інтарэсы абедзвюх каштоўнасцяў у гэтым выпадку супадаюць, прынамсі знешне, хаця ў выпадку з каштоўнасцю старажытнасці размова ідзе пра замаруджванне, а не пра поўнае спыненне працэса разбурэння. Галоўным для сённяшняй аховы помнікаў застаецца, што канфлікта паміж дзвюма каштоўнасцямі можна пазбегнуць.

в. Наўмысная мемарыяльная каштоўнасць

У параўнанні з каштоўнасцю старажытнасці, якая цэніць мінулае само па сабе, гістарычная каштоўнасць мае тэндэнцыю выхопліваць з мінулага момант гістарычнага развіцця і прадстаўляць яго перад нашымі вачыма, як быццам бы ён прыналежыць да сучаснасці. Ад пачатку, г.з. з ўзвядзення помніка, наўмысная мемарыяльная каштоўнасць мае на мэце захаваць пэўны момант мінулага сучасным і жывым у свядомасці наступных пакаленняў. Гэта трэцяя катэгорыя мемарыяльных каштоўнасцяў такім чынам утварае пераход да каштоўнасцяў сучаснасці.

У той час, як каштоўнасць старажытнасці базуецца выключна на мінулым, гістарычная каштоўнасць хоча спыніць далейшае разбурэнне, нават калі б без адбываўшагася да сённяшняга дня разбурэння яна не мела права на існаванне. Наўмысная мемарыяльная каштоўнасць прэтэндуе на вечнасць, вечную сучаснасць, няспынны стан існавання. Разбуральныя сілы прыроды працуюць супраць ажыццяўлення гэтага патрабавання, таму мусяць старанна пераадольвацца, а іх уздзеянне зноў і зноў стрымлівацца. Напрыклад, абеліск, надпіс на якім зацёрся, перастане быць наўмысным помнікам. Таму асноўным патрабаваннем наўмысных помнікаў з’яўляецца рэстаўрацыя.

Характар наўмысных каштоўнасцяў як сучаснай каштоўнасці яшчэ шырэй выражаецца ў тым, што ён здаўна абаронены ад разбуральнага ўмяшальніцтва чалавека заканадаўствам.

Канфлікт з каштоўнасцю старажытнасці з’яўляецца ў гэтым класе помнікаў ад пачатку натуральным і няспынным. Без рэстаўрацыі помнікі хутка перасталі б быць наўмыснымі. Такім чынам каштоўнасць старажытнасці ад пачатку з’яўляецца заклятым ворагам наўмыснай мемарыяльнай каштоўнасці. Пакуль людзі не адмовяцца ад зямной бессмяротнасці, культ каштоўнасці старажытнасці будзе сутыкацца з непераадольнай перашкодай у выглядзе культу наўмыснай мемарыяльнай каштоўнасці. Гэты непрымірымы канфлікт паміж каштоўнасцю старажытнасці і наўмыснай мемарыяльнай каштоўнасцю мае вынікам менш цяжкасцяў для аховы помнікаў, чым можна было б спачатку падумаць, паколькі колькасць “наўмысных” помнікаў у параўнанні з вялікай колькасцю чыста ненаўмысных адносна невялікая.

3. Адносіны паміж сучаснымі каштоўнасцямі і культам помнікаў

Большасць помнікаў мае ўласцівасць задавольваць нават тыя пачуццёвыя ці духоўныя патрэбы людзей, для забеспячэння якіх таксама (калі не лепш) падыйдуць новыя сучасныя творы, і ў гэтай уласцівасці, у якой відавочна не бяруцца пад увагу факт узнікнення ў мінулым і заснаваная на ім мемарыяльная каштоўнасць, заключаецца сучасная каштоўнасць помніка. З пункту гледжання гэтай каштоўнасці мы схільныя разглядаць помнік не сам па сабе, а як такія ж сучасныя творы, таксама патрабуючы ад (старога) помніка знешняга выгляду любога (новага) твору чалавека: гэта значыць, уражання абсалютнай завершанасці і некранутасці разбуральнымі сіламі прыроды. Прыкметы апошніх могуць быць дапушчальнымі, у залежнасці ад сучаснай каштоўнасці, якую бяруць пад увагу; але гэта раней ці пазней наштурхнецца на непераадольныя межы, па той бок якіх каштоўнасць сучаснасці зробіцца немагчымай і перад якімі яна будзе імкнуцца перамагчы каштоўнасць старажытнасці. Абыходжанне з помнікам паводле законаў культа каштоўнасці старажытнасці, які прынцыпова дазваляе рэчам практычна ў большасці выпадкаў жыць іх натуральнымі лёсамі, мусіць у выніку пры любых абставінах прывесці да канфлікта з каштоўнасцю сучаснасці…

 Каштоўнасць выкарыстання

Фізічнае жыццё з’яўляецца перадумовай любога псіхічнага жыцця, і з’яўляецца больш важным, таму што фізічнае можа квітнець і без вышэйшага псіхічнага жыцця, але не наадварот. Таму, напрыклад, стары будынак, які сёння практычна выкарыстоўваецца, мусіць захавацца ў такім стане, каб мець магчымасць даваць прытулак людзям без небяспекі для іх жыцця ці іх здароўя: кожная дзірка ў яго сценах і столі, праробленая сіламі прыроды, мусіць быць адразу закрытая. Увогуле можна сказаць, што каштоўнасць выкарыстання ад пачатку абыякавая да догляду, які дастаецца помніку, пакуль не закранаецца ягонае існаванне, і акрамя гэтага выпадку яна абсалютна не можа пайсці на саступкі каштоўнасці старажытнасці…

Не трэба даказваць, што шматлікія свецкія і царкоўныя помнікі сёння прыдатныя да практычнага выкарыстання і фактычна выкарыстоўваюцца. Калі пазбавіць іх выкарыстання, тады ва ўсіх выпадках мусіць быць створаная замена. Гэта патрабаванне настолькі катэгарычнае, што супрацьлеглае патрабаванне каштоўнасці старажытнасці пакінуць помнікі на волю іх лёсу можна было б улічваць толькі тады, калі для ўсіх помнікаў хацелі б стварыць такую ж замену. Практычная рэалізацыя патрабавання магчымая толькі ў некаторых выключных выпадках…

Уявім сабе, што для ўсіх прыдатных для выкарыстання помнікаў насамрэч можна было б стварыць сучасную замену, каб старыя арыгіналы маглі без рэстаўрацыі, але таксама ў выніку гэтага і без аніякай практычнай прыдатнасці і выкарыстання пражыць сваё натуральнае існаванне, – ці былі б тады ў поўнай меры выкананыя патрабаванні каштоўнасці старажытнасці? Пытанне не толькі апраўданае, але і адразу ж выклікае адмоўны адказ; таму што значная частка той жывой гульні сіл прыроды, успрыняцце якой абумоўлівае каштоўнасць старажытнасці, беззваротна знікне з пазбаўленнем помніка выкарыстання людзьмі. Хто захоча, напрыклад, пры сузіранні сабора Св. Пятра ў Рыме адмовіцца ад жывога антуражу сучасных наведнікаў і культавых мерапрыемстваў? Таксама нават самы радыкальны прыхільнік каштоўнасці старажытнасці палічыць сузіранне папялішча ад жылога дому, у які трапіла маланка, – нават калі рэшткі і ўказваюць на ўзнікненне збудавання шмат стагоддзяў таму – ці руіны царквы на ажыўленай вуліцы хутчэй бянтэжачым чым каларытным. Таму што тут размова пра творы, якія мы прызвычаіліся бачыць у поўным выкарыстанні людзьмі і якія здаюцца нам засмучальнымі, паколькі яны не адпавядаюць знаёмаму нам выкарыстанню і праз гэта робяць уражанне гвалтоўнага разбурэння, невыноснае для культа каштоўнасці старажытнасці. Затое рэшткі помнікаў, якія больш не могуць мець для нас практычнага значэння і аб уздзеянні на якія людзей як дзеючай сілы прыроды мы не шкадуем, як, напрыклад, руіны сярэднявечнага замку на стромкіх скалах ці стражытна-рымскага храму нават на ажыўленых вуліцах Рыму, прадстаюць перад намі ва ўсёй некранутай прыгажосці старажытнасці. Такім чынам, мы яшчэ не дайшлі да таго, каб прыкладваць дакладны стандарт каштоўнасці старажытнасці да ўсіх помнікаў без разбору цалкам аднолькавым спосабам, а ўсё яшчэ адрозніваем, падобна як старыя і новыя, таксама ў большай ці меншай ступені прыдатныя і непрыдатныя для выкарыстання творы. Такім чынам мы ўлічваем у першым выпадку гістарычную, а ў апошнім каштоўнасць выкарыстання, а таксама каштоўнасць старажытнасці. Не ўлічваючы каштоўнасць выкарыстання, чыста з пункту гледжання каштоўнасці старажытнасці мы можам цалкам упэўнена разглядаць і атрымліваць асалоду толькі ад непрыдатных для выкарыстання твораў, у той час, як у выпадку з прыдатнымі для выкарыстання нам ў той ці іншай ступені перашкаджае і замінае, калі гэтыя творы не прадстаўляюць нам звыклую сучасную каштоўнасць. Гэта той самы сучасны дух, з якога пайшла агітацыя супраць prisons d’art3; таму што больш энэргічна, чым гістарычная каштоўнасць, супраць вырывання помніка з яго ранейшага, у пэўнай ступені арганічнага, асяроддзя і замыкання яго ў музеі мусіць выступаць каштоўнасць старажытнасці, хаця менавіта ў гэтым выпадку ён найбольш эфектыўна вызваляецца ад неабходнасці рэстаўрацыі.

Каштоўнасць навізны

Паколькі кожны помнік паводле свайго ўзросту і спрыяльнасці ці неспрыяльнасці іншых акалічнасцяў у большай ці меншай ступені мусіць зведаць разбуральнае ўздзеянне прыроды, адзінства ў форме і колеры, якія патрабуе каштоўнасць навізны, для помніка проста недасягальныя. Гэта таксама прычына, чаму ва ўсе часы і нашмат больш цяпер усе відавочна састарэлыя помнікі разглядаліся як больш ці менш задавальняючыя для сучаснай мастацкай волі. Выснова напрошваецца сама: калі помнік, які нясе на сабе сляды разбурэння, мусіць падыходзіць пад сучасную волю згаданага віду, тады неабходна ў першую чаргу пазбавіць яго ад слядоў узросту і праз усебаковае завяршэнне у форме і колеры зноў надаць яму характар навізны толькі што створанага. Каштоўнасць навізны можа быць захаваная толькі такім чынам, які рашуча супярэчыць культу каштоўнасці старажытнасці.

Тут адкрываецца магчымасць канфлікту з каштоўнасцю старажытнасці, які па вастрыні і непрымірымасці пераўзыходзіць усе раней згаданыя канфлікты. Каштоўнасць навізны з’яўляецца насамрэч самым страшным праціўнікам каштоўнасці старажытнасці.

Завершанасць новага, нядаўна створанага, якая выражаецца ў самых простых крытэрыях – цэласнай форме і чыстай паліхроміі, – можа быць вызначана любым, нават калі ён не мае адукацыі. Таму здаўна каштоўнасць навізны мела мастацкую каштоўнасць для вялікай колькасці сярэднеадукаваных і неадукаваных, у той час як адносная мастацкая каштоўнасць прынамсі ад пачатку цанілася толькі эстэтычна адукаванымі. Масы здаўна радаваліся таму, што было відавочна новым; яны жадалі такім чынам увесь час бачыць у творах чалавека толькі творчае пераможнае ўздзеянне чалавека, а не разбуральнае ўздзеянне варожых твору чалавека сіл прыроды. Толькі новае і цэлае з’яўляецца для мас прыгожым; старое, фрагментаванае, паблёклае лічыцца пачварным. Гэтае тысячагадовае ўяўленне, якому моладзь надае перавагу перад старажытнасцю, мае такія глыбокія карані, што яго немагчыма выкараніць за некалькі дзесяцігоддзяў. Большасці сучасных людзей здаецца натуральным, што пабіты кант мэблі замяняецца новым ці счарнелая тынкоўка збіваецца і замяняецца свежай. Вялікі супраціў, на які наштурхоўваецца каштоўнасць старажытнасці ў час свайго першага з’яўлення, знаходзіць такім чынам сваё самае зразумелае тлумачэнне. Больш за тое, уся ахова помнікаў ХІХ ст. базавалася значнай часткай на гэтым традыцыйным уяўленні, ці, калі казаць дакладней, на сінтэзе каштоўнасці навізны з гістарычнай: любы след разбурэння сіламі прыроды мусіць быць прыбраны, любая страта ці фрагмент дапоўненыя, каб аднавіць завершанае цэлае. Аднаўленне дакумента ў першапачатковым стане існавання было ў ХІХ ст. агульна прынятай і упарта прапагандуемай мэтай ўсёй рацыянальнай аховы помнікаў.

Тут мы, здаецца, спыняемся перад безнадзейным канфліктам: на адным баку мы бачым павагу да старога самога па сабе, якая рашуча асуджае любое аднаўленне старога; з іншага боку – павага да новага само па сабе, згодна з якой трэба ліквідаваць усе сляды ўзросту як перашкаджаючыя і непрыемныя. Непасрэднасць, з якой каштоўнасць навізны ўплывае на масы, пераўзыходзіць прынамсі сёння непасрэднасць каштоўнасці старажытнасці. Тысячагадовае, – наколькі мы можам зазірнуць у глыбіню стагоддзяў, – адвечнае значэнне, якое дагэтуль мела каштоўнасць навізны, і абсалютная і вечная важнасць, на якую прэтэндуюць яе прыхільнікі, змянілі сваю пазіцыю на амаль бясспрэчную. Менавіта з гэтага пункту гледжання робіцца зразумелым, наколькі культу каштоўнасці старажытнасці патрэбная папярэдняя “артылерыйская падрыхтоўка” гістарычнай каштоўнасці. Культ гістарычнай каштоўнасці мусіць авалодаць шырэйшымі слаямі грамадства да таго, як з іх дапамогай масы даспеюць да культа каштоўнасці старажытнасці. Калі каштоўнасць старажытнасці наштурхоўваецца на каштоўнасць навізны помніка, які выкарыстоўваецца, яна будзе імкнуцца наколькі гэта магчыма саступаць каштоўнасці навізны не толькі з практычных (з-за каштоўнасці выкарыстання, пра што гаварылася ў папярэдняй частцы), але таксама і з ідэальных (элементарных мастацкіх) меркаванняў…

Практычнай каштоўнасці выкарыстання ў эстэтычных адносінах адпавядае каштоўнасць навізны: яна сама па сабе мусіць цярпець культ каштоўнасці старажытнасці, прынамсі на сённяшней ступені ягонага развіцця, на сучасных прыдатных да выкарыстання творах таксама пэўную ступень каштоўнасці навізны. Калі, напрыклад, на старой гатычнай ратушы навідавоку адваліцца завяршэнне столевай рызеткі, культу каштоўнасці старажытнасці было б лепш абмежавацца недатыкальным захаваннем гэтага следу даўніны, але сёння не ўзнікае асаблівых цяжкасцяў, калі каштоўнасць навізны ў імя декору патрабуе зліквідавання бянтэжачага прагалу і дапаўнення рызеткі да (бясспрэчна устаноўленай) першапачатковай формы. Моцныя супярэчнасці паміж прыхільнікамі абедзвюх каштоўнасцяў звязаныя ў большай ступені з далейшай высновай, якую зрабілі ў ХІХ ст. з каштоўнасці навізны на карысць гістарычнай каштоўнасці.

Яна датычыцца помнікаў, якія не цалкам захаваліся ў першапачатковым выглядзе, а з цягам часу былі стылістычна зменненыя чалавекам. Паколькі гістарычная каштоўнасць заснаваная на ўсведамленні першапачатковага стану, ў час, калі культ гістарычнай каштоўнасці сам па сабе быў яшчэ найважнейшым, было памкненне ліквідаваць усе наступныя змены (ачышчэнне, адкрыццё) і аднавіць выцесненыя праз іх першапачатковыя формы, незалежна ад таго ці дакладна яны перададзеныя; і таму што нават толькі падобнае на першапачатковае, калі гэта і сучаснае вынаходніцтва, здавалася культу гістарычнай каштоўнасці больш задавальняючым, чым насамрэч сапраўднае, але іншае па стылю ранейшае дапаўненне. З гэтым памкненнем гістарычнага культ каштоўнасці навізны звязаны ў той ступені, у якой мусіць паказаць першапачатковы, завершаны як такі выгляд, які хочуць аднавіць, і калі не ўспрымаць непрыналежныя да першапачатковага стылю дапаўненні як парушэнне завершанасці, прыкмета разбурэння. Адсюль паходзіць пастулат адзінства стылю, які ўрэшце рэшт прывёў да таго, што нават тыя часткі, якія раней адсутнічалі і былі дададзеныя толькі ў пазнейшы перыяд стылю, не толькі не ліквідуюцца, але і аднаўляюццп ў форме, якая адпавядае стылю першапачатковага помніка. Можна дадаць, што ахова помнікаў у ХІХ ст. ў істотнай ступені базавалася на пастулатах першапачатковасці стылю (гістарычная каштоўнасць) і адзінства стылю (каштоўнасць навізны).

Гэтая сістэма мусіла таксама вызнать сур’ёзную супярэчнасць, калі з’явіўся культ каштоўнасці старажытнасці, які не мае справы ані з першапачатковасцю стылю ані з завершанасцю, а хутчэй наадварот з парушэннем абедзвюх. У гэтым выпадку справа культа старажытнасці не ў саступках каштоўнасці выкарыстання і адпавядаючай ёй у эстэтычных адносінах каштоўнасці навізны, каб такой ахвярай захаваць помнік у жывым ужытку, а каб пакінуць ў помніку ўсё тое, што складае ягоную каштоўнасць старажытнасці. Гэта азначала б капітуляцыю каштоўнасці старажытнасці, і каб яе пазбегнуць, прыхільнікі каштоўнасці старажытнасці распачалі жорсткае змаганне супраць ранейшай сістэмы. Гэтая барацьба мае вынікам перабольшанні супрацьлеглага боку і ясны погляд на справу ўскладняецца тым, што менавіта ў выніку перабольшанняў новага незалежнаму назіральніку можа здацца, што справядліваму ў старой сістэме, якое і новая не можа выкінуць і цяпер у разгары барацьбы крытыкуе разам з сапраўды нявартым, пагражае прапаганда новага і праз гэта стварае сапраўды нявартаму старой сістэмы незаслужананую падтрымку. Насамрэч сёння з-за няспынных зменаў поглядаў справядлівае культу каштоўнасці старажытнасці ўжо паступова само сабе праклала шлях. Аднаго прыкладу хопіць. 8 гадоў таму было вырашана знесці зусім яшчэ не спарахнелыя барочныя хоры ў парафіяльнай царкве ў Альтмюнстары, замяніўшы іх гатычнымі, і такім чынам дасягнуць адзінства стылю з гатычным нефам. Чатыры гады таму ад усталявання гатычных хораў вельмі сумніўнай гістарычнай, але бясспрэчнай каштоўнасці навізны адмовіліся, у першую чаргу па фінансавых прычынах. Сёння ўсе прыхільнікі як старой так і новай сістэмы адзіныя ў тым, што знос Херберсторфскіх хораў, пры дапамозе якіх векапомны пераможца рэфармацыйных сялянаў увёў контррэфармацыю ў Верхняй Аўстрыі і ў сферы мастацтва, стаўся бы недаравальным грахом не толькі супраць каштоўнасці старажытнасці, але таксама і супраць гістарычнай каштоўнасці. Пры гэтым новым, але паўсюдна падзяляемым меркаванні пастулат адзінства стылю здаецца кінутым на вырак лёсу нават у выпадку з царкоўным помнікам (з якімі складанасці па згаданых прычынах яшчэ больш вострыя), і разыходжанне ў поглядах прынамсі паміж думаючымі сярод прыхільнікаў старой сістэмы і разважлівымі сярод наватараў насамрэч пераадольваецца ў месцы, дзе раней было найбольшым.

Тлумачэнні:

1 Іншымі характэрнымі рысамі сучаснага культурнага жыцця, асабліва ў германскіх народаў, якія маюць тое ж паходжанне, што і каштоўнасць старажытнасці, з’яўляюцца намаганні па ахове жывёл і ланшафтаў увогуле. Яны пашырыліся з захавання толькі асобных раслін і цэлых лясоў да патрабавання заканадаўчай аховы “помнікаў прыроды” і прыцягнення праз гэта ў шэраг патрабуючых аховы аб’ектаў нават неарганічных матэрый.

2 quantité négligeable – фр. бясконца малая велічыня.

3 prisons d’art – фр. літаральна “турма мастацтва”, выкарыстоўваецца ў іранічным сэнсе ў дачыненні да музеяў.

З кнігі Alois Riegl. Der moderne Denkmalkult: Sein Wesen und seine Entstehung. Wien und Leipzig: W. Braumüller, 1903.

Пераклад з нямецкай Надзеі Пабірушка.

Падзяліцца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *