Унясенне ў дзяржаўны спіс Гісторыка-Культурных Каштоўнасцяў

Унясенне ў дзяржаўны спіс Гісторыка-Культурных Каштоўнасцяў

У Беларусі існуе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (далей ГКК). Аб’екты, якія ўносяцца ў гэты спіс прызнаюцца помнікамі адной з 4 катэгорый (0,1,2,3/А, Б) і бяруцца пад ахову дзяржавы. Гэта значыць, што на іх пачынаюць распаўсюджвацца адпаведныя нарматыўныя акты (Закон аб ахове помнікаў і іншыя). З гэтага моманту любыя працы на дадзеным аб’екце (рамонт, змена знешняга, ці унутранага выгляду) уласнік можа праводзіць толькі па спецыяльным дазволе Міністрэрства Культуры. Знос помнікаў забаронены.

Помнікі ў дзяржаўным спісе дзеляцца на матэрыяльныя (напр. будынкі, прадметы, археалагічныя помнікі, дакументы, планіровачная структура горада) і нематэрыяльныя (напр. абрады, рамёствы, практыкі). Акрамя паасобнага, законам прадугледжана комплекснае ўнясенне ў дзярж. спіс. Напрыклад, цэлай вуліцы, ці прадмесця.

Матэрыяльныя помнікі дзеляцца на катэгорыі у залежнасці ад свайго значэння: 0 – сусветная спадчына (спіс ЮНЭСКА), 1 – міжнароднае значэнне, 2 – нацыянальнае, 3 – рэгіянальнае.

Нематэрыяльныя помнікі маюць катэгорыі А і Б. “А” – гэта поўнасцю аўтэнтычныя помнікі, якія данесены нам носьбітамі адпаведнай традыцыі, “Б” – каштоўнасці часткова узноўленыя на другасным матэрыяле.

Рашэнне ад ўнясенні таго, ці іншага аб’екта ў спіс прымае “Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь” (далей Навукова-метадычная рада). Навукова-метадычная рада складаецца з уплывовых дзеячоў культуры ў сферы архітэктуры, гісторыі, мастацтва (агулам каля 10 чалавек).   Збіраецца раз на месяц.

Прапанаваць дакументы на ўнясенне помніка ў дзяржаўны спіс ГГК можа любая як юрыдычная, так і фізічная асоба.

Для вынясення на паседжанне Рады адпаведага пытання трэба падрыхтаваць наступныя дакументы:

 1. Суправаджальны ліст на імя начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры І. М. Чарняўскага, дзе ў адвольнай форме выказваецца просьба разгледзіць пытанне ад унясенні і фармулююцца прычыны дзеля якіх такое ўнясенне павінна адбыцца.  

2. Гістарычная даведка. Уключае ў сябе архітэктурнае, мастацкае апісанне аб’екта, яго гісторыю і асноўныя этапы фармавання, з выдзяленнем тых вартасных момантаў, якія дазваляюць лічыць дадзены аб’ект помнікам.  

3. Фотафіксацыя аб’екта. Фотаздымкі помніка ў усіх бакоў (не менш 3). Як знешнія, так і ўнутраныя. У выпадку прапановы нематэрыяльнага помніка патрабуецца яшчэ і відэафіксацыя.  

4. Абазначэнне аб’екта на карце. Тут няма нейкай дакладнай формы. Карта можа быць любая і нават здымак з Googlemaps.

5. У выпадку з нематэрыяльным аб’ектам патрабуецца яшчэ і рэцэнзія спецыяліста, што  дадзены помнік (абрад, рамяство) сапраўды варты ўвагі. Сабраныя дакуметы неабходна прынесці ва Ўпраўненне (пр. Пераможцаў, 11, пак. 1188) ў папяровы выглядзе і на дыску.

 

      Агульныя заўвагі:

  • відавочна, што чым больш матэрыялаў аб помніку, які вы жадаеце ўнесці, будзе прадстаўлена, тым лепш. Аднак Навукова-метадычная Рада разглядае таксама паперы з досыць “сціплымі” гістарычнымі даведкамі. Рада мае права адправіць вашыя матэрыялы на дапрацоўку і разгледзіць іх у наступным месяцы.
  • рэкамендацыі спецыяліста, подпісы мясцовых жыхароў, лісты мясцовай улады – усё гэта дадае вартасць прапанаванаму помніку пры разглядзе.
  • вельмі важным аргументам будуць рэальныя прапановы па развіцці аб’екта. Фармальна гэта пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю Рады, але ў рэчаіснасці яно адыгрывае значную ролю.
  • фармальна, згода ўласніка аб’екта не патрэбная пры наданні статуса каштоўнасці, але ў рэальнасці Ўпраўленне заўсёды перад адпраўкай заяўкі ў Раду  дасылае ліст  уласніку з прапановай выказаць сваё меркаванне. І калі ўласнік (асабліва калі гэта дзяржаўны орган) не згаджаецца, то гэта становіцца сур’ёзнай перашкодай, а часам і адзінай прычынай неўнясення помніка.

Ніжэй можна спампаваць 2 прыклады дакументаў на архітэткурныя аб’екты, пададзеныя ў навукова-метадычную Раду і зацверджаныя як помнікі ў 2010 г.

Капліца-пахавальня Завішаў у г. Узда (Мінская вобласць) (АрхіўRAR 2.4 мб)

Комплекс будынкаў былога Аэравакзала па вул. Караткевіча (Мінск) (АрхіўRAR 2.2 мб)

 

Актуальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (на пач. 2012 г.) можна паглядзець тут: Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Please follow and like us:
RSS
Follow by Email
Facebook
Facebook
SHARE