Цімафей Акудовіч


Апісанне праблемы

Праблема гістарычных могілак існуе ў Беларусі даўно. То тут, то там з’яўляецца інфармацыя пра знішчаныя гістарычныя надмагіллі, “выраўненыя” бульдозерамі цэлыя ўчасткі старых могілак, паламаныя агароджы.

З 2015 года, пасля прыняцця новай рэдакцыя закона аб пахаваннях, праблема старых некропаляў выявілася з новай сілай. Справа ў тым, што новая рэдакцыя патрабуе прывядзення ў парадак усіх надмагілляў на ўсіх могілках. Калі цягам 2 год сваякі не прыходзяць да праблемнага надгробка, то дзяржава пакідае за сабой права знесці яго і замяніць стандартным гарызантальным каменным надмагіллем, які ў народзе празвалі “падушкамі”.

І тут пачаліся праблемы. Бо калі для сучасных могілак такія правілы можна толькі вітаць, то да гістарычных пахаванняў яны непрыдатныя. А ў законе, зразумела, старыя могілкі ні ў якую асобную катэгорыю не выдзяляюцца.

Уся гэтая сітуацыя вельмі хутка выйшла на канфліктны ўзровень, бо для апрабацыі новага закона выбралі, як на зло, ці не самыя  цікавыя, захаваныя і ўнесеныя ў дзяржспіс могілкі Беларусі – Вайсковыя ў Мінску. І “прыводзіць у парадак” могілкі ўзяліся службы КБО, для якіх самае важнае, каб на могілках было прыгожа, чыста і каб іх лёгка было прыбіраць. Гэта прывяло да пагалоўнага знічтажэння надмагілля, агароджаў і дрэваў.

Сітуацыя вакол Вайсковых дае магчымасць зрабіць шэраг высноў, адна з якіх, самая важная для гэтага артыкула: на практыцы закон аб пахаваннях у Беларусі стаіць вышэй за Кодэкс аб культуры.  І адна з галоўных прычын, на маю думку, у тым, што закон аб пахаваннях прапануе канкрэтныя алгарытмы працы з могілкамі (і тое, што ў законе няма ніякай катэгорыі гістарычных могілак робіць гэтыя алгарытмы асабліва простымі), а Кодэкс аб культуры прапануе складаныя, схемы аховы ўсіх помнікаў агулам, ад прымянення якіх на могілках адмахваюцца нават самі ж супрацоўнікі Мінкульта.

Назіраючы за некрапалістычнай сферай у Беларусі ўжо 10 год рызыкну ў гэтым артыкуле прапанаваць адзін з варыянтаў вырашэння праблемы на заканадаўчым узроўні.

Што найперш трэба зразумець.

Старыя могілкі – гэта масавая гістарычная каштоўнасць. Найперш, усе надмагіллі ўтрымліваюць інфармацыю аб людзях і маюць канкрэтную інфармацыйную/архіўную каштоўнасць. Апроч гэтага шматлікія надмагіллю маюць мастацкую вартасць, хай сабе не агульнанацыянальнага, але рэгіянальнага ўзроўня. Сумарна, старыя надмагіллі і крыжы ствараюць гістарычны ландшафт свайго рэгіёна. 

Старыя могілкі – гэта САМАЯ МАСАВАЯ гістарычная каштоўнасць Беларусі. Гэта сотні могілак і тысячы надмагілляў. У гэтым якраз і заключаецца праблема. Немагчыма ўнесці ў дзяржспіс тысячы і тысячы каменных, металічных, бетонных пастаментаў, нягледзячы нават на тое, што ўсім ім ужо больш за 100 год.

Атрымліваецца патавая сітуацыя з якой я бачу наступнае выйсце.

Першая прапанова. “Некрапалістычны аб’ект”.

Важным новаўвядзеннем новага Кодэкса аб культуры было стварэнне такіх катэгорый як “археалагічныя аб’екты” і “археалагічныя артэфакты”.

Вось як тлумачыцца, што такое “археалагічныя артэфакты” (Глава 17, артыкул 123): “Археалагічныя артэфакты – гэта рухомыя матэрыяльныя аб’екты, якія ўзніклі ў вынiку жыцця і дзейнасцi чалавека больш за сто дваццаць гадоў таму назад”.

Гэта вельмі важнае новаўвядзенне! Пад ахову дзяржавы патрапляюць прадметы, якія яшчэ не знойдзеныя і не ўнесеныя ні ў якія рэестры, а проста ляжаць пад зямлёй і маюць узрост больш за 120 год.

Мне думаецца, што такі ж прынцып можна было б прымяніць і да некропаляў. Напрыклад, увесці ў Кодэкс аб культуры паняцце “гістарычнае надмагілле”, ці “некраплістычны аб’ект” і такім чынам узяць пад ахову дзяржавы ўсе надмагіллі ў Беларусі, якім больш за 100 год (пра даціроўку, зразумела, можна спрачацца).

Вось як можа выглядаць такая прапанова:

  1. Унесці ў Кодэкс аб культуры тэрмін “некрапалістычны аб’ект” па аналогіі з тэрмінам “археалагічны аб’ект”. 
  2. Пад тэрмін “некрапалістычны аб’ект” патрапляюць усе надгробкі з агароджамі ў любым стане да 1918 года (якім больш за 100 год). 
  3. Усе аб’екты якія падпадаюць пад тэрмін “некрапалістычны аб’ект” не могуць зносіцца, пераносіцца, ці відазмяняцца без рашэння спецыяльных дзяржаўных органаў створаных для гэтай задачы. 

Аналогію можна таксама правесці з архіўнымі дакументамі. Любыя дакументы старэйшыя за пэўны тэрмін здаюцца ў архіў і аўтаматычна патрапляюць пад ахову дзяржавы. Надмагілле стогадовай даўніны – несумненна важны архіўны дакумент, які зараз ніхто не ахоўвае.


Другая прапанова. Аддзел некрапалістыкі.

Пры ўвядзенні ў Кодэкс катэгорыі “гістарычнае надмагілле” адразу ўзнікае неабходнасць вызначэння адказнага за гэту справу. І тут мы падыходзім да відавочнай прапановы – дзяржава мусіць стварыць кампетэнтны орган па ахове некрапалістычнай спадчыны ў Беларусі.

І тут канешне можна сутыкнуцца з моцным непаразуменнем. У нас няма такіх органаў па іншых відах помнікаў, а тут прапануецца ствараць асобную структуру пад нейкія камяні і іржавыя крыжы?

Гэта вельмі важны момант. У нас паўсюль спрабуюць сарамліва засунуць некропалі ў іншыя катэгорыі спадчыны, то ў гістарычныя помнікі, то ў археалагічныя (такі варыянт прапануецца ў самім Кодэксе). Але пара ўжо прызнаць, што гістарычныя могілкі па прычыне сваёй масавасці мусяць разглядацца, як асобная катэгорыя каштоўнасці, якая патрабуе асобных рэгламентаў аховы! І рэгламенты гэтыя мусіць распрацоўваць асобная структура.

Відавочна не вядзецца пра стварэнне цэлага інстытута. Але фармаванне аддзела з 3-4 чалавек, пры Акадэміі Навук (ці іншай арганізацыі?), я мяркую, было б не вельмі складанай, але дужа эфектыўнай справай. 

Пры наданні адпаведных кампетэнцый такому аддзелу і ўвядзенні адказнасці за знішчэнне стогадовых надмагілляў, мы маглі б моцна палепшыць стан захаванасці нашай некрапалістычнай спадчыны. 

У задачы такога аддзела ўваходзіла б:

  • узгадняць/не узгадняць магчымыя відазмяненне, ці перанос любых надмагілляў старэйшых за сто год у адпаведнасці з распрацаванымі рэгламентамі.
  • кантраляваць працэс інвентарызацыі старых могілак і такім чынам фармаваць базу дадзеных гістарычных пахаванняў Беларусі.
  • пры наяўнасці рэсурсаў спрыяць павелічэнню навуковых даследаванняў у гэтай сферы, а таксама папулярызваць найлепшыя праекты рэвіталізацыя гістарычных могілак.

.

Падсумаванне

Мая прапанова мае свае плюсы і мінусы.

Плюс – двума дзеяннямі мы бярэм пад ахову не толькі могілкі, якія ўваходзяць у дзяржспіс, але і ўсе гістарычныя надмагіллі Беларусі, прычым адразу ўключаем працэс іх інвентарызацыі.

Мінус – дадзеная прапанова ахоўвае толькі самі надмагіллі, але не могілкавыя тэрыторыі. За традыцыйныя некрапалістычныя ландшафты давядзецца змагацца ўжо на ўзроўні афіцыйнага спісу каштоўнасцей.

Цудоўна разумею, што мае прапановы выглядаюць досыць радыкальна, але спадзяюся, што яны падштурхнуць грамадскасць і спецыялістаў да абмеркавання гэтай праблемы і прызнання некропаляў, як важнай, асобнай катэгорыі нашай спадчыны.

Падзяліцца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *