Прынятыя на 19-й Генеральнай Асамблеі ІКАМОС у Нью-Дэлі, Індыя, 15 снежня 2017 г.

ПРЭАМБУЛА

Дадзеныя Прынцыпы былі распрацаваныя з мэтаю абнаўлення “Прынцыпаў захавання гістарычных драўляных канструкцый”, прынятых на 12-й Генеральнай Асамблеі ІКАМОС у Мехіка ў кастрычніку 1999 г. Працэс абнаўлення быў распачаты ў Гвадалахары, Мексіка (2012 г.), Хімедзі, Японія (2013 г.). і працягнуты ў Фалуне, Швецыя (2016 г.).

Гэты дакумент накіраваны на прымяненне агульных прынцыпаў Венецыянскай хартыі (1964 г.), Амстэрдамскай дэкларацыі (1975 г.), Хартыі Бурры (1979 г.), Нарскага дакумента аб аўтэнтычнасці (1994 г.) і адпаведных дактрынаў ЮНЕСКА і ІКАМОС, якія датычацца аховы і кансервацыі спадчыны драўлянага дойлідства.

Мэтаю гэтага дакумента з’яўляецца вызначэнне асноўных прынцыпаў і метадаў, магчымых да прымянення ў самых разнастайных выпадках на міжнародным узроўні з мэтаю аховы і кансервацыі спадчыны драўлянага дойлідства з улікам яго культурнага значэння.

Тэрмін “спадчына драўлянага дойлідства” адносіцца да ўсіх тыпаў драўляных будынкаў і іншых драўляных канструкцый, якія валодаюць культурнай значнасцю ці з’яўляюцца часткамі гістарычных мясцінаў, а таксама ўключае у сябе часовыя, рухомыя збудаванні і будынкі ў стадыі развіцця.

Тэрмін “каштоўнасці” у гэтым дакуменце адносіцца да эстэтычных, антрапалагічных, археалагічных, культурных, гістарычных, навуковых і тэхналагічных культурных каштоўнасцей. Гэтыя Прынцыпы прымяняюцца да драўлянай архітэктуры і канструкцый, якія валодаюць гістарычнай каштоўнасцю. Не ўсе будынкі выкананыя цалкам з драўніны, і ў такіх выпадках неабходна накіроўваць дастатковую ўвагу на ўзаемадзеянне драўніны з іншымі матэрыяламі ў канструкцыях.

Дадзеныя Прынцыпы:

  • прызнаюць і паважаюць важнасць спадчыны драўлянага дойлідства, яго канструктыўных сістэм і дэталяў ўсіх перыядаў як часткі сусветнай культурнай спадчыны;
  • улічваюць і паважаюць вялікую разнастайнасць драўлянай спадчыны і любой звязанай з ёю нематэрыяльнай спадчыны;
  • прызнаюць, што драўляная спадчына захоўвае звесткі аб навыках рамеснікаў і будаўнікоў і іх традыцыйных, культурных і пераемных ведах;
  • разумеюць бесперапынную эвалюцыю культурных каштоўнасцей з цягам часу і неабходнасць перыядычна аналізаваць, якім чынам яны ідэнтыфікуюцца і якім чынам вызначаецца іх аўтэнтычнасць з улікам змяненняў у іх ўспрыманні і адносінаў да іх;
  • паважаюць розныя мясцовыя традыцыі, будаўнічыя прыёмы і падыходы да захавання, улічваючы вялікую разнастайнасць метадалогій і тэхнік, якія могуць быць выкарыстаныя падчас кансервацыйных мерапрыемстваў;
  • улічваюць і паважаюць разнастайнасць гатункаў драўніны і яе якасці, што гістарычна выкарыстоўваліся;
  • прызнаюць, што драўляныя канструкцыі ўяўляюць сабой каштоўную крыніцу храналагічных звестак, якія датычацца цэлага будынка ці збудавання;
  • улічваюць выдатную сейсмічную устойлівасць драўляных збудаванняў;
  • прызнаюць уразлівасць канструкцый, выкананых поўнасцю ці часткова з драўніны у розных экалагічных і кліматычных умовах, выкліканую (сярод іншага) ваганнямі тэмпературы і вільготнасці, уздзеяннем сонечнага святла, паражэннямі грыбком і насякомымі, фізічным зносам, пажарамі, землятрусамі ці іншымі прыроднымі стыхійным бедствамі і разбуральнай чалавечай дзейнасцю;
  • прызнаюць узрастаючыя страты гістарычных драўляных збудаванняў у выніку іх уразлівасці, неадпаведнага выкарыстання, страты навыкаў і ведаў аб традыцыйных тэхналогіях будаўніцтва і недастатковага разумення духоўных і гістарычных патрэбнасцей мясцовых супольнасцей;
  • прызнаюць актуальнасць удзелу мясцовых супольнасцей у захаванні драўлянай спадчыны, іх сувязяў з сацыяльнымі пераўтварэннямі і змяненнямі навакольнага асяроддя, а таксама іх ролі ва ўстойлівым развіцці.

АГЛЯД, АБСЛЕДВАННЕ І НАВУКОВЫЯ ДАСЛЕДВАННІ

  1. Стан збудавання і яго элементаў, уключаючы раней вакананыя працы, павінны быць старанна закументаваныя перад пачаткам любога дзеяння.
  2. Старанная і дакладная дыягностыка павінна папярэднічаць любому ўмяшальніцтву. Дадзеныя мерапрыемствы павінны суправаджацца разуменнем і аналізам збудавання і яго канструктыўнай сістэмы, стану яго захавання і прычын любых знішчэнняў, пашкоджанняў ці дэфармацый, а таксама памылак у канцэпцыі, вызначэнні памераў папярочных сячэнняў ці ў ходзе мантажных і зборачных працаў. Падставай для дыягностыкі павінны быць дакументальныя звесткі, фізічны агляд і аналіз і, пры неабходнасці, аналіз фізічнага стану з выкарыстаннем незнішчальных метадаў абследвання, а таксама, пры неабходнасці, лабараторных выпрабаванняў. Гэта не выключае магчымасці правядзення невялікіх умяшальніцтв і аварыйных мерапрыемстваў там, дзе яны неабходныя.
  3. Такое абследванне можа быць недастатковым для паўнавартаснай ацэнкі стану канструкцыі ў выпадку, калі яна схаваная іншымі элементамі гістарычнай субстанцыі. У выпадках, калі вартасць такіх элементаў гэта дазваляе, магчымы іх часовы і лакальны дэмантаж для выканання абследвання, але толькі пасля поўнага іх дакументавання.
  4. “Нябачныя” (схаваныя) меткі на старых драўляных элементах павінны быць задакументаваныя. Да “нябачных” метак адносяцца цяслярскія мантажныя знакі, адзнакі будаўнічых узроўняў і іншыя знакі, якія выкарыстоўваліся цеслярамі падчас будаўніцтва (ці ў далейшых працах ці рамонтах) і якія не былі прызначаныя для бачнага адзначэння асаблівасцяў канструкцыі.

АНАЛІЗ І АЦЭНКА

  1. Першаснай мэтаю кансервацыі з’яўляецца захаванне аўтэнтычнасці гістарычнай субстанцыі. Гэта ўключае ў сябе захаванне формы, выкарыстаных матэрыялаў, мантажных дэталяў, цэласнасці, архітэктурных і культурных каштоўнасцей, улічваючы змяненні у будаўнічай гісторыі аб’екта. Для гэтага неабходна захаваць, наколькі гэта магчыма, усе рысы збудавання, якія вызначаюць характар помніка.

Рысы, якія вызначаюць характар помніка, могуць змяшчаць адну ці некалькі адзнакаў з наступнага:

  1. агульнасць канструктыўнай сістэмы;
  2. неканструктыўныя элементы, такія як фасады, перагародкі, лесвіцы;
  3. асаблівасці знешніх паверхняў;
  4. дэкаратыўная сталярная апрацоўка элементаў;
  5. традыцыйныя прыёмы і тэхналогіі;
  6. будаўнічыя матэрыялы, уключаючы іх якасць (сорт) і асаблівыя характарыстыкі.
  7. Вартасць гэтых характэрных рыс павінна быць вызначана для распрацоўкі плана любога ўмяшальніцтва.

УМЯШАЛЬНІЦТВЫ

  1. Першым этапам у працэсе ўмяшальніцтва павінна быць выпрацоўка агульнай стратэгіі мерапрыемстваў па кансервацыі будынка. Яна павінна абмяркоўвацца і ўзгадняцца ўсімі зацікаўленымі бакамі.
  2. Стратэгія ўмяшальніцтва павінна ўлічваць пераважаючыя культурныя каштоўнасці.
  3. Арыгінальная функцыя збудавання павінна быць захаваная ці адноўленая, за выключэннем выпадкаў, калі масштаб ўмяшальніцтва будзе вельмі значны і нанясе ўрон аўтэнтычнасці.
  4. Умяшальніцтвы могуць прымаць форму:
  1. простых рамонтных працаў з выкарыстаннем традыцыйных цяслярскіх тэхналогій ці сумяшчальных з імі сучасных крапёжных элементаў;
  2. узмацненне канструкцыі з выкарыстаннем традыцыйных ці аналагічных сучасных матэрыялаў і тэхналогій;
  3. увядзенне дадатковай канструкцыі, якая зменшыць нагрузку, што дзейнічае на існуючую канструкцыю.

Вызначэнне тыпу ўмяшальніцтва павінна вызначацца шляхам выбару такога вырашэння, пры якім культурная значнасць збудавання будзе захавана найлепшым чынам.

  1. Умяшальніцтвы павінны быць пераважна:
  1. мінімальнымі, неабходнымі для забеспячэння фізічнай і канструктыўнай стабільнасці, доўгачасовага існавання канструкцыі ці аб’екта, а таксама яго культурнай значнасці;
  2. кіравацца традыцыйнымі тэхналогіямі;
  3. быць абарачальнымі, калі гэта тэхнічна магчыма;
  4. не наносіць урон ці перашкаджаць будучым кансервацыйным працам у выпадку неабходнасці іх правядзення;
  5. не перашкаджаць у будучыні магчымасці доступу да звестак, змешчаных у збудаванні і канструкцыях, як адкрытых, так і схаваных;
  6. улічваць умовы навакольнага асяроддзя.
  7. Усе мерапрыемствы павінны адпавядаць крытэрыям мінімальнага ўмяшальніцтва, якое забяспечвае жыццяздольнасць збудавання, максімальна захоўваючы яго аўтэнтычнасць і цэласнасць, а таксама бяспечнае функцыянаванне. Аднак не выключана магчымасць частковага ці нават поўнага дэмантажу збудавання, калі:
  1. рамонтныя працы, запланаваныя да праведзення in situ (на месцы існавання аб’екта) і на яго арыгінальных элементах, запатрабуюць непрымальнай ступені ўмяшальніцтва;
  2. дэфармацыі канструкцыі настолькі значныя, што немагчыма аднавіць яе адпаведную канструктыўную працу;
  3. для падтрымкі збудавання ў дэфармаваным стане патрабуецца правядзенне дадатковых мерапрыемстваў неадпаведнага характару.

Рашэнні адносна мэтазгоднасці любога дэмантажу павінны разглядацца ў канкрэтным культурным кантэксце і павінны быць накіраваныя на тое, каб найлепшым чынам захаваць аўтэнтычнасць збудавання.

Акрамя таго, рашэнні павінны заўсёды ўлічваць і ацэньваць магчымасць незваротнай страты як драўніны, так і драўляных спалучэнняў і мацаванняў (напрыклад, цвікоў) падчас правядзення дэмантажных працаў.

  1. Павінна быць захавана як мага большая колькасць існуючых элементаў. Калі патрабуецца замена элемента ці часткі элемента, неабходна паважаць характар і значнасць збудавання. У культурах, дзе існуе адпаведная традыцыя, падчас ўмяшальніцтва могуць выкарыстоўвацца старыя будаўнічыя элементы, якія паходзяць з іншых канструкцый.
  2. Любая замененая драўніна павінна быць пераважна:
  1. такога ж гатунку, як і арыгінал;
  2. адпавядаць арыгіналу па вільгацезмяшчэнню;
  3. мець падобную тэкстуру паверхні ў месцах, дзе яна будзе бачна;
  4. быць апрацаваная з выкарыстаннем падобных рамесных тэхналогій і інструментаў, як і арыгінальная.
  1. Не варта выконваць спробаў штучнага старэння драўніны, якая замяняецца. Новыя кампаненты не павінны эстэтычна парушаць адзінае цэлае. Афарбоўка замененых элементаў для надання падабенства з існуючым колерам арыгінальных элементаў можа быць дазволеная ў такіх асаблівых выпадках, у якіх адсутнасць такой афарбоўкі прывядзе да недапушчальнага пагаршэння эстэтычнага ўспрымання і культурнай значнасці збудавання.
  2. Новыя элементы ці часткі элементаў могуць быць непрыметна пазначаныя, для магчымасці іх пазнейшай ідэнтыфікацыі.
  3. Для ацэнкі культурнага значэння некаторых тыпаў спадчыны драўлянага дойлідства, такіх як часовыя збудаванні і будынкі ў стадыі развіцця, могуць быць улічаныя спецыфічныя каштоўнасці.
  4. У выпадку выканання ўмяшальніцтваў гістарычнае збудаванне павінна разглядацца як адзінае цэлае. Усе матэрыялы, уключаючы канструктыўныя элементы, панэлі запаўнення, элементы ашалёўкі, дахі, падлогі, дзверы, вокны і г.д., павінны быць надзеленыя аднолькавай ўвагай. У прынцыпе, павінна быць захавана як мага больш існуючага матэрыялу, таксама як і адзнак ранейшых рамонтных працаў, калі яны не наносяць ўрон стабільнасці збудавання. Кансервацыйныя працы таксама павінны ўключаць у сябе фінішныя аддзелачныя слаі, такія як атынкоўка, афарбоўка, разнастайныя пакрыцці, шпалеры і г.д. Неабходна паважаць арыгінальныя матэрыялы, тэхналогіі і тэкстуры. У выпадку вострай неабходнасці аднаўлення ці замены знішчаных аддзелачных слаёў, неабходна выкарыстоўваць сумяшчальныя матэрыялы і тэхналогіі.
  5. Пры аналізе канструктыўных элементаў неабходна ўзяць пад увагу, што:
  1. калі збудаванне мае задавальняючыя эксплуатацыйныя паказчыкі, спосаб і фактычныя ўмовы яго выкарыстання, а таксама рэжым нагрузак застаюцца нязменнымі, адпаведнае ўзмацненне канструкцыі можа быць выканана праз просты рамонт і стабілізацыю нядаўніх пашкоджанняў і знішчэнняў, якія зніжаюць яе трываласць;
  2. калі мелі месца змяненні канструкцыі ці ў выніку любога прапаноўваемага спосабу выкарыстання могуць быць павялічаныя нагрузкі на канструкцыю, патэнцыяльная нясучая здольнасць павінна быць вызначаная метадамі структурнага аналізу перад увядзеннем усялякага дадатковага ўзмацнення.
  1. Ні ў якім разе не варта рабіць умяшальніцтваў толькі дзеля таго, каб збудаванне адпавядала патрабаванням сучасных будаўнічых нормаў.
  2. Любыя ўмяшальніцтвы павінны мець абгрунтаванне на падставе дзейсных канструктыўных прынцыпаў будаўніцтва і эксплуатацыі збудаванняў.
  3. Не варта рабіць захадаў па выпраўленню дэфармацый, якія ўзніклі з цягам часу і якія не маюць уплыву на канструктыўную працу збудавання і не перашкаджаюць яго выкарыстанню, толькі кіруючыся сучаснымі эстэтычнымі уяўленнямі.

СУЧАСНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ І ТЭХНАЛОГІІ

  1. Сучасныя матэрыялы і тэхналогіі неабходна выбіраць і выкарыстоўваць з максімальнай асцярожнасцю і толькі ў тых выпадках, калі даўгавечнасць і канструктыўная праца такіх матэрыялаў і тэхналогій будаўніцтва былі пераканаўча даказаныя на працягу дастаткова працяглага перыяду часу.
  2. Інжынерныя сеткі павінны ўсталёўвацца з улікам матэрыяльнай і нематэрыяльнай значнасці збудавання ці месца.
  3. Інсталяцыі павінны быць запраектаваныя такім чынам, каб не вызываць значных змяненняў умоў навакольнага асяроддзя, такіх як тэмпература і вільготнасць.
  4. Пры выкарыстанні хімічных сродкаў аховы драўніны неабходна праводзіць старанны кантроль і маніторынг, іх выкарыстанне дазваляецца толькі ў такіх выпадках, калі ёсць упэўненасць у іх эфектыўнасці, калі грамадская і экалагічная бяспека не будуць закранутыя і дзе чакаюцца значныя доўгатэрміновыя паляпшэнні.

ФІКСАЦЫЯ І ДАКУМЕНТАВАННЕ

  1. Дадзеныя аб усіх матэрыялах, выкарыстаных падчас умяшальніцтваў і догляду за будынкам, павінны быць задакументаваныя у адпаведнасці з артыкулам 16 Венецыянскай Хартыі і Прынцыпамі ІКАМОС аб дакументаванні помнікаў, груп будынкаў і славутых мясцінаў. Уся адпаведная дакументацыя, уключаючы характэрныя ўзоры непрыдатных да далейшага выкарыстання матэрыялаў ці частак, выдаленых з канструкцыі, а таксама інфармацыя аб адпаведных традыцыйных навыках і тэхналогіях, павінна збірацца, сістэматызавацца, надзейна захоўвацца і быць даступнай па меры неабходнасці. У гэтай дакументацыі таксама павінны быць указаныя канктрэтныя прычыны выбару матэрыялаў і метадалогій у кансервацыйных працах.
  2. Уся вышэйпералічаная дакументацыя павінна быць захаваная як для будучай эксплуатацыі будынка, так і ў якасці гістарычнай фіксацыі.

МАНІТОРЫНГ І АБСЛУГОЎВАННЕ

  1. Неабходна стварыць паслядоўную стратэгію рэгулярнага маніторынгу і паўсядзённага абслугоўвання, каб затрымаць неабходнасць больш буйных умяшальніцтваў і забяспечыць сталае захаванне спадчыны драўлянага дойліства і яго культурнага значэння.
  2. Маніторынг павінен выконвацца як у працэсе, так і пасля любога ўмяшальніцтва з мэтаю вызначэння эфектыўнасці выкарыстоўваемых метадаў і забеспячэння доўгатэрміновай функцыянальнасці драўніны і любых іншых выкарыстоўваемых матэрыялаў.
  3. Дакументаванне любых мерапрыемстваў па тэхнічнаму абслугоўванню і маніторынгу павінна захоўвацца як частка гістарычнай дакументацыі па збудаванню.

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЛЯСНЫЯ РЭЗЕРВАТЫ

  1. Драўляныя збудаванні могуць знаходзіцца ва ўразлівым стане, у той жа час з’яўляючыся часткаю жывой спадчыны і адыгрываючы важную ролю ў жыцці грамадства, пагэтаму істотнае значэнне для іх захавання мае наяўнасць падыходзячай драўніны для іх кансервацыі. У сувязі з гэтым неабходна прызнаць вырашальную ролю, якую маюць лясныя рэзерваты у самападтрымліваючых цыклах абслугоўвання і рамонта драўляных канструкцый.
  2. Установы, адказныя за захаванне помнікаў і аб’ектаў, павінны заахвочваць ахову лясных рэзерватаў і ствараць склады вытрыманай драўніны, годнай для кансервацыі і рамонту аб’ектаў спадчыны драўлянага дойлідства. Гэта палітыка павінна прадугледжваць неабходнасць у вялікай колькасці належным чынам вытрыманай драўніны у будучых рамонтых працах. Тым не менш, такая палітыка не павінна заахвочваць да значнай замены аўтэнтычных элементаў у гістарычных збудаваннях, а хутчэй засноўваць рэзерв для рамонтаў і невялікіх заменаў.

АДУКАЦЫЯ І ПАДРЫХТОЎКА КАДРАЎ

  1. Неабходна фіксаваць, захоўваць і аднаўляць традыцыйныя веды і навыкі, выкарыстоўваемыя падчас ўзвядзення гістарычнай драўлянай архітэктуры.
  2. Адукацыйныя праграмы з’яўляюцца істотнаю часткаю павышэння дасведчанасці аб драўлянай спадчыне, спрыяючы прызнанню і разуменню яе каштоўнасці і культурнага значэння. Гэтыя праграмы з’яўляюцца асноваю палітыкі ўстойлівага захавання і развіцця. Комплексная і ўстойлівая стратэгія павінна ўключаць мясцовы, рэгіянальны, нацыянальны і міжнародны ўзроўні, а таксама ўсіх адпаведных службовых асоб, прафесіяналаў, рамеснікаў, прадстаўнікоў грамадства і іншых зацікаўленых бакоў.
  3. Неабходна падтрымліваць даследчыя праграмы (асабліва на рэгіянальным узроўні) для выяўлення адметных характарыстык, а таксама сацыяльных і антрапалагічных аспектаў драўлянай спадчыны, будынкаў і аб’ектаў.

ГЛАСАРЫЙ:

Канструкцыя (construction) (назоўнік) — метад упарадкавання, зборкі і аб’яднання матэрыялаў у адзінае цэлае1; працэс будаўніцтва; пабудаваная рэч (гл. таксама “Структура” ніжэй).

Культурнае значэнне (culturalsignificance) — эстэтычныя, гістарычныя, археалагічныя, антрапалагічныя, навуковыя, тэхналагічныя, сацыяльныя, духоўныя ці іншыя нематэрыяльныя каштоўнасці збудавання ці аб’екта (месца) для мінулых, сучасных і будучых пакаленняў.

Будынкі ў стадыі развіцця (evolvingbuildings) — такія будынкі, якія захоўваюць актыўную сацыяльную ролю ў сучасным грамадстве, цесна звязаныя з традыцыйным ладам жыцця і эвалюцыйны працэс якіх дагэтуль працягваецца. У той жа час такія збудаванні ўяўляюць значныя матэрыяльныя звесткі іх эвалюцыі з цягам часу.

Субстанцыя (fabric) — усе фізічныя матэрыялы збудавання ці аб’екта, уключаючы састаўныя часткі, крапёжныя сістэмы, элементы і прадметы, якія змяшчаюцца ў збудаванні.

Нематэрыяльная спадчына (intangible heritage) — традыцыйныя працэсы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем спадчыны драўлянага дойлідства.

Узмацненне (reinforcement) — мерапрыемствы, накіраваныя на павелічэнне канструктыўнай эфектыўнасці элемента, сукупнасці элементаў ці збудавання.

Рамонт (repair) — кожнае дзеянне, накіраванае на аднаўленне канструктыўнай эфектыўнасці, эстэтычнай цэласнасці і/ці іх завяршэнне, часткова ці поўнасцю, ў аб’екце драўлянага дойлідства. Гэта прадугледжвае стараннае умяшальніцтва ў гістарычную субстанцыю з мэтаю замены толькі непрыдатных элементаў і, у адваротным выпадку, захаванне астатніх канструкцый і матэрыялаў без змяненняў.

Структура, збудаванне (structure) (назоўнік) — стабільная сукупнасць элементаў, спраектаваная і пабудаваная як адзінае функцыянальнае цэлае, якое забяспечвае нясучую здольнасць і бяспечную перадачу прыкладзеных нагрузак на аснаванне2.

Часовыя збудаванні (temprorarystructures) — такія збудаванні, якія ўзносяцца, выкарыстоўваюцца і разбіраюцца перыядычна у рамках правядзення культурных ці народных цырымоній ці іншых падзей, і ўвасабляюць традыцыі, рамяство і традыцыйныя веды.

______________________________________

1 Ching, Francis D K (1995) A Visual Dictionary of Architecture (Візуальны слоўнік архітэктуры). New York: John Wiley & Sons.

2 Тамсама.

Пераклаў Дзмітрый Траскоўскі

Падзяліцца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *