Дзмітрый Траскоўскі

У артыкуле зроблены агляд праблематыкі аховы гарадской гістарычнай спадчыны з пункту гледжання міжнародных дакументаў, эвалюцыі ідэй, тэрміналогіі і падыходаў да яе захавання.

Сучасная ідэя захавання спадчыны ў абсалютна розных яе праяўленнях, ад будынкаў да нематэрыяльных элементаў і традыцый, знаходзіць увасабленне ў так званых дактрынальных тэкстах – разнастайных канвенцыях, хартыях, рэзалюцыях, рэкамендацыях і г.д. Яны прымаюцца інстытуцыямі і арганізацыямі або нават асобнымі групамі спецыялістаў. Няма ніякіх правілаў і рэгуляцый адносна складу і тэматыкі тэкстаў. За выключэннем тых, што ратыфікуюцца урадамі краін, яны звычайна не з’яўляюцца абавязковымі да выканання, носяць рэкамендацыйны і інфармацыйны характар. Тым не менш, гэтая сукупнасць тэкстаў з’яўляецца носьбітам прагрэсіўнай, навуковай і рацыянальнай ідэі захавання культурных здабыткаў чалавецтва.

Ад першых узгадак да глабальнай палітыкі

Упершыню праблема аховы гістарычнага цэнтра горада і яго каштоўнасцяў была агучана у дакуменце, не звязаным непасрэдна з аховаю і кансервацыяй – так званай Афінскай Хартыі 1933 г. (не блытаць з Афінскай Рэстаўрацыйнай Хартыяй 1931 г.), прынятай на IV Кангрэсе арганізацыі “Міжнародны Кангрэс сучаснай архітэктуры”. Аўтарам тэксту быў слынны архітэктар Ле Карбюзье. Дакумент, прысвечаны пытанням новага горадабудаўніцтва і архітэктуры, месціць раздзел “Гістарычная спадчына гарадоў”. Сцвярджаецца, што гістарычныя архітэктурныя каштоўнасці павінны захоўвацца “сёння і на будучыя часы”. Аднак не безагаворачна. “Празмерны культ спадчыны не павінен грэбаваць законамі сацыяльнай справядлівасці”, – гаворыцца адносна санітарна-гігіенічнага стану жылых кварталаў і ўмоваў жыцця гараджан. Ужо ў той час архітэктары прадбачылі складанасць і канфліктнасць захавання архітэктуры і надыходзячай урбанізацыі. Цікавае і стаўленне тагачасных спецыялістаў да праблемы архітэктурнай стылізацыі ў зоне гістарычных помнікаў: “рабскі капіяваць мінулае – асуджаць сябе на падман, ствараць у прынцыпе фальшывае”.

Наступным зваротам да гарадскога асяроддзя сталі “Рэкамендацыі аб ахове прыгажосці і характару краявідаў і мясцовасцяў”, прынятыя Генеральнай Канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 1962 г. Праблема разглядаецца ў рэчышчы захавання эстэтычнай каштоўнасці. Гістарычнае асяроддзе трактуецца як “пейзаж гарадской мясцовасці, створаны як прыродай, гэтак і працай чалавека”. Гучыць занепакоенасць небяспекай, якая пагражае гарадской забудове, у прыватнасці “спекуляцыямі зямельнымі надзеламі”, узвядзенню транспартных камунікацый, рэкламай, знішчэннем зеляніны. Сцвярджаецца неабходнасць “сацыяльнай аховы ўчасткаў, непасрэдна прылягаючых да помнікаў”, што з’яўляецца прадвызначэннем будучага паняцця “ахоўнай зоны”.

Венецыянская Хартыя 1964 г. не месціць непасрэдных спасылак на ўрбаністычную спадчыну, хоць і сцвярджае, што гістарычны помнік гэта не толькі асобны архітэктурны твор, але і яго атачэнне, таксама каштоўнае. Іх цэласнасць падлягае захаванню.

Хартыя “натхніла” на прыняцце далейшых міжнародных дакументаў, напрыклад “Рэзалюцыі ІКАМОС па рэгенерацыі гістарычных гарадоў” (Чэхаславакія, 1966 г.). У 1967 г. у Гішпаніі ладзіцца першая канферэнцыя ІКАМОС па ахове і адраджэнню цэнтраў гістарычнай ці мастацкай значнасці. “Рэкамендыцыі ЮНЕСКА аб ахове культурных каштоўнасцяў, што падвяргаюцца небяспецы ў выніку правядзення грамадскіх ці прыватных працаў” з 1968 г. прысвечаныя праблеме неадпаведных і некантраляваных праектных і будаўнічых прац. Сцвярджаецца тэзіс, што культурны здабытак – гэта ў тым ліку і “гістарычныя кварталы ў населеных пунктах”, а таму для захавання іх характару і эстэтычных якасцяў неабходна падтрымка жыхароў. Такім чынам, уводзіцца паняцце “гістарычны квартал” як элемент горада, які падлягае ахове.

У 1972 г. на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА прымаецца “Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны”, адзін з найбольш знакавых дакументаў у галіне аховы помнікаў, у якім усталёўваюцца міжнародныя нормы аховы культурных і прыродных каштоўнасцяў і ствараецца “Спіс сусветнай спадчыны”. У яго паступова ўключаюцца цэнтры гарадоў на ўсіх кантынентах, што з’яўляецца аднім з найбольш дзейсных сродкаў па іх захаванню (першыя намінанты – Кракаў і Кіта, 1978 г.). Аднак раздзел “Гістарычныя гарады і гістарычныя цэнтры” з’яўляецца ў “Кіраўніцтве па выкананню Канвенцыі аб ахове сусветнай спадчыны” толькі ў 1987 г.

На хвалі эканамічнага ўздыма

Ад пачатку 1970-х гг. праглядаецца ўстойлівы рост колькасці дакументаў, прысвечаных як урбанізаваным тэрыторыям, гэтак і ўсебаковым пытанням аховы спадчыны. Тлумачыцца гэта эканамічным уздымам пасляваеннай Еўропы і адпаведнай хваляй рэканструкцыі гарадскіх цэнтраў з некантраляваным знішчэннем і трансфармацыяй гістарычнай забудовы.

У 1975 г. прымаецца “Еўрапейская Хартыя па ахове архітэктурнай спадчыны”. Ужо ў першым параграфе сцвярджаецца, што “еўрапейская спадчына – гэта не толькі асобныя будынкі, але і ансамблі, з якіх складаюцца старыя гарады”. У тым жа 1975 г. у бельгійскім Бругэ збіраецца Міжнародны сімпозіум “Захаванне гістарычных гарадоў”, на якім прымаюцца “Рэзалюцыі Бруге: Прынцыпы, якія рэгулююць аднаўленне гістарычных гарадоў”. Прэамбула яго гучыць больш напружана, чым у ранейшых дакументах: “як ніколі раней гарадская спадчына знаходзіцца пад пагрозай знішчэння”. Адна з асноўных форм захавання – пошук новых сацыяльных функцый, адаптацыя гістарычных цэнтраў пад сучасныя патрэбы, з улікам правоў іх жыхароў.

Ужо ў наступным 1976 г. у Найробі зацвярджаецца “Рэкамендацыя ЮНЕСКА аб захаванні і сучаснай ролі гістарычных ансамбляў”. Змястоўны дакумент, які не страціў актуальнасці сёння. Упершыню дакладна акрэсліваюцца і ўводзяцца ва ўжыванне тэрміны “гістарычныя і традыцыйныя тэрыторыі”, “атачэнне”, “ахова”. Падрабязна разглядаюцца прававыя і адміністрацыйныя пытанні, характар рэжыму аховы, змест і парадак распрацоўкі дакументацыі па даследванню і аднаўленню забудовы, сацыяльна-эканамічныя захады. З гэтым дакументам канчаткова усталёўваецца разуменне, што кожная гістарычная тэрыторыя павінна разглядацца ў “сукупнасці як адно цэлае, раўнавага і асобны характар якога залежаць ад сінтэзу складаючых яго элементаў”. Такімі элементамі лічацца будынкі, жылыя і рамесныя кварталы, малыя архітэктурныя формы, вонкавая фурнітура, інжынерныя камунікацыі, пакрыццё дарог і тратуараў, зялёныя насаджэнні.

Напачатку 1980-х гг. з’яўляюцца два нацыянальныя дакументы, звязаныя з гарадской тэматыкай – Тласкальская Дэкларацыя па рэвіталізацыі невялікіх населеных пунктаў (1981 г., Амерыканскі сімпозіум па кансервацыі архітэктурнай спадчыны пры падтрымцы ІКАМОС) і Аплетанская Хартыя па захаванню і ўдасканаленню гарадскога асяроддзя (1982 г., ІКАМОС Канады).

Чарговы дакумент выйшаў у свет у 1987 г. – “Міжнародная хартыя па ахове гістарычных гарадоў і горадабудаўнічых тэрыторый ІКАМОС” або Вашынгтонская Хартыя. Дакумент прэзентуецца як дадатак да Венецыянскай Хартыі. Упершыню адзначаецца каштоўнасць нематэрыяльных элементаў (у прыватнасці, функцыя гарадскога абшару), поспех захаваўчых праграм звязваецца з актыўным удзелам мясцовай супольнасці. Наогул усе мерапрыемствы па ахове павінны ўлічваць яе інтарэсы. Увага надзяляецца неабходнасці карпатлівых мультыдысцыплінарных даследванняў як асноўнага інструмента аховы, іх мэтам і зместу. Іншымі сталі адносіны да новай архітэктуры – у пэўных выпадках сучасныя элементы, суладныя з наваколлем, “могуць спрыяць узбагачэнню гістарычнага абшару”.

Своеасаблівым працягам Вашынгтонскай Хартыі становіцца “Квебекская гарадская дэкларацыя – захаванне гарадской спадчыны” з 1991 г. У ёй сродкам аховы гарадоў вызначаецца сукупнасць кіравання і кансервацыі. Агучваецца ідэя стварэння сеткі гарадоў сусветнай спадчыны.

Ландшафт і супольнасці

У 2000-я гг. адбываецца пераход на якасна новы ўзровень разумення гарадскога асяроддзя. Тэорыя культурных ландшафтаў знайшла ўвасабленне ў трох дакументах ЮНЕСКА: Венскім Мемарандуме “Сусветная спадчына і сучасная архітэктура – Кіраванне гістарычным гарадскім ландшафтам” і Венскай дэкларацыі па захаванню гістарычных гарадскіх ландшафтаў 2005 г., Рэкамендацыям па гістарычным гарадскім ландшафтам 2011 г., Сіаньскай дэкларацыі ІКАМОС аб захаванні атачэння гістарычных структур, мясцін і тэрыторый 2005 г.

У іх забудова гістарычнага цэнтра ўспрымаецца як ўрбаністычны ланшафт. У рамках гэтай канцэпцыі праглядаецца наступная эвалюцыя поглядаў:

  1. Уводзіцца прынцыпова новае паняцце “гістарычны гарадскі ландшафт” як вынік напластавання культурных і прыродных каштоўнасцяў, у які ўключана шырокае кола кампанентаў, як матэрыяльных, гэтак і нематэрыяльных, узаемасувязі якіх ствараюць “гарадскую тканку”.
  2. Прынцыпова мяняюцца адносіны да зменаў і развіцця. Калі раней працэс развіцця нес пагрозу для спадчыны, а “у цывілізацыі, што імкліва змяняецца, дасягненні суправаджаюцца сур’ёзнымі небяспекамі”, дык зараз канстатуецца, што пастаянныя змены, структурныя ўмяшальніцтвы ў гістарычны ландшафт могуць прызнавацца часткай традыцыйнага развіцця горада.
  3. Асноўнай задачай пры ўмяшальніцтве з’яўляецца павышэнне якасці жыцця і эфектыўнасці вытворчасці шляхам паляпшэння варункаў пражывання і працы.
  4. Сцвярджаецца выключная роля грамадзянскай актыўнасці і неабходнасць яе заахвочвання для выяўлення каштоўнасцяў, усталявання мэтаў аховы і любых тэхнічных і функцыянальных умяшальніцтваў.
  5. Прызнанне каштоўнасці “духу месца” у адносінах да гарадскога асяроддзя (у разуменні “Квебекскай Дэкларацыі аб захаванні духу месца”, 2008 г.) як сукупнасці матэрыяльных і нематэрыяльных чыннікаў (функцыя, лад жыцця, традыцыі і г.д.), што ствараюць індывідуальны характар тэрыторыі.
  6. Комплекс захадаў па ахове і аднаўленню каштоўных гарадскіх тэрыторый уключае план захавання, план кіравання дынамічнымі зменамі і развіццём, інструменты горадабудаўнічага планавання, а таксама комплексныя даследванні.

Храналагічна апошнім дакументам разгляда з’яўляюцца “Прынцыпы Валетты па захаванні і кіраванні гістарычнымі гарадамі і урбанізаванымі тэрыторыямі” 2011 г., прынятыя ІКАМОС, а дакладней яго Міжнародным камітэтам па гістарычных гарадах і сельскіх паселішчах. Прынцыпы Валетты ўпарадкоўваюць тэрміналогію, змяшчаюць большасць вышэйназваных прагрэсіўных ідэй і даволі поўна выяўляюць кампаненты спадчыны, падлягаючыя ахове. Дзеля справядлівасці адзначым, што “Прынцыпы” месцяць шмат наўпростых цытат з Вашынгтонскай Хартыі, каментуючы, тлумачучы і актуалізуючы палажэнні апошняй.

Назіранні дынамікі

Як бачым, станаўленне аховы гістарычнага гарадскога асяроддзя ў выглядзе прыняцця разнастайных дакументаў адбываецца ўжо больш за паўстагоддзя і з’яўляецца складнікам агульнага працэсу развіцця сучаснай кансерватарскай дактрыны. Прааналізаваўшы гісторыю прыняцця дакументаў і іх змест, можна вызначыць асноўныя кірункі эвалюцыі ідэі аховы гарадской спадчыны.

Перш за ўсё рабіліся спробы асэнсаваня і вызначэння пагроз, і чарговыя дакументы з’яўляліся як адказ на актуальныя выклікі сучаснасці. Пачынаючы ад самых першых актаў, у якасці негатыўных з’яў, што нясуць пагрозу спадчыне, узгадваюцца ўрбанізацыя, “бруселізацыя” і “фасадызм”, “джэнтрыфікацыя” ды аўтамабілізацыя. З надыходам 1990-х гг. назіраюцца абсалютна новыя, раней невядомыя выклікі – глабалізацыя сусветнай эканомікі, распад сацыялістычнай сістэмы з беззваротнымі зменамі ў гаспадарках краін сацлагеру і далейшым эканамічным ростам, дэіндустрыялізацыя і пераход да постіндустрыяльнага грамадства, міграцыя насельніцтва, масавы турызм. Нарэшце, забруджванне навакольнага асяроддзя, пацяпленне клімату, узброеныя канфлікты ды тэрарызм. На кожную пагрозу дакументы шукаюць адпаведны адказ і метады процістаяння ў барацьбе за захаванне культурных здабыткаў.

Накірункам эвалюцыі з’яўляецца таксама змена ўяўленняў пра змест гарадской спадчыны, пра тое, якія кампаненты падлягаюць ахове, кансервацыі і аднаўленню. Развіццё ідэі ўражвае – ад неабходнасці аховы асобнага будынка да аховы традыцый, функцый, візуальных сувязяў і ўвогуле “духу месца”. Адпаведна на фоне пашырэння агульнага паняцця “культурная спадчына” праглядаецца эвалюцыя тэрміна, якім характэрызуецца ўвесь комплекс гарадской структуры па схеме “асобныя помнікі і горадабудаўнічыя ансамблі – гістарычны цэнтр – гарадскі гістарычны пейзаж – атачэнне і гістарычны квартал – гістарычны гарадскі ландшафт – гістарычныя гарады і урбанізаваныя тэрыторыі”.

Несумненна, станоўчым з’яўляецца эвалюцыя поглядаў на практычную рэалізацыю палажэнняў і ідэй. Калі напачатку дакументы мелі характар закліку, асэнсавання, сцвярджэння фактаў, то надалей выпрацоўваецца інструментарый практычнага падыходу да вырашэння праблем захавання, прыняцця дакладных захадаў і вызначэння парадку дзеянняў на ўсіх этапах працы з гарадскімі сруктурамі.

Тым не менш, дактрынальных тэкстаў па азначанай тэматыцы назбіралася амаль два дзясяткі, і працэс іх стварэння будзе працягвацца. Падобныя па зместу акты прымаюцца рознымі арганізацыямі, некаторыя палажэнні паўтараюцца і наўпрост капіруюцца з дакумента ў дакумент. Пры гэтым ніводзін дакумент не адмаўляе і не анулюе папярэднягя, нягледзячы на магчымую страту актуальнасці. Такая колькасць, на думку аўтара, сведчыць аб тым, што прыняцце разнастайных дакументаў не заўсёды прыносіць чаканых вынікаў, акрэсленыя ў іх рэкамендацыі і метады не могуць у поўнай меры супрацьстаяць пагрозам, а гарадская тканка застаеца ва ўразлівым становішчы і надалей патрабуе ахоўных мерапрыемстваў.

Больш за тое, рэкамендацыйны і дэкларацыйны характар большасці дакументаў і заклікі “паважаць гістарычнае асяроддзе” ніяк не могуць устрымаць дэвелопераў у змаганні за максімальны прыбытак. Апеляцыя да аховы гарадской тэрыторыі магчымая толькі пры наяўнасці нацыянальнай заканадаўча-прававой базы ў гэтай галіне. І, як паказвае практыка, уключэнне міжнародных нормаў у нацыянальныя акты ідзе павольна.

Відавочна недастатковая дасведчанасць аб міжнародных дакументах, іх ідэях, прынцыпах і метадах спецыялістаў усіх узроўняў (дызайнеры, архітэктары, генпланісты, будаўнікі, спецыялісты па камунікацыях) і ў першую чаргу чыноўнікаў. На жаль, праграмы беларускіх універсітэтаў такімі ведамі таксама не забяспечваюць. Таму важным падаецца не толькі замацаванне міжнародных дакументаў на нацыянальным узроўні, але і распаўсюджванне ідэй і станоўчага практычнага досведу, пашырэнне свядомасці ў асяроддзі спецыялістаў, каб новыя падыходы знайшлі ўвасабленне ў канкрэтных жыццёвых задачах і праектах.

Публікацыі:

  1. Best practices handbook “Contemporary Realities and Needs of Sustainable Urban Rehabilitation”, Edited by Bogusław Szmygin, Lublin, 2017.

Даведнік найлепшага досведу “Сучасныя рэаліі і патрэбнасці ўстойлівага гарадскога аднаўлення”, пад рэдакцыяй Багуслава Шмыгіна, Люблін, 2017 г.

  1. “Conservation and Rehabilitation of Urban Heritage in Developing Countries”, Florian Steinberg, 1996.

“Кансервацыя і аднаўленне гарадской спадчыны ў краінах, якія знаходзяцца ў стадыі развіцця”, Фларыян Стэінберг, 1996 г.

3. “Conservation and Sustainability in Historic Cities”, Dennis Rodwell, Oxford, 2007.

“Кансервацыя і ўстойлівае развіццё ў гістарычных гарадах”, Дэніс Родвэл, Оксфард, 2007.

Падзяліцца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *